Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта проста мыльная бурбалка, і цяпер яна лопнула». Адвакат Віктара Бабарыкі пра абвінавачаньне


Віктар Бабарыка, архіўнае фота
Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Віктара Бабарыку вінавацяць у стварэньні арганізаванай злачыннай групы з намесьнікаў старшыні «Белгазпрамбанку» для атрыманьня хабару пад выглядам дывідэндаў ад прыватных кампаній — праекту Delay і ТАА «Актыўлізінг». Пракурор запрасіў для яго 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзьмітры Лаеўскі, адвакат Віктара Бабарыкі, пасьля выступу ў спрэчках патлумачыў пазыцыю абароны і стаўленьне да абвінавачаньня.

Абінавачаньне лічыць дывідэнды хабарам

Паводле абвінавачаньня, латвійская кампанія SIA «Baltijas Investīciju Grupa», нібыта падкантрольная Віктару Бабарыку, стала ўдзельнічаць у фондзе беларускай кампаніі «Белгандальтэхналёгіі». Апошняя накіроўвала на рахункі латвійскай кампаніі дывідэнды, якія абінавачаньне лічыць хабарам для Віктара Бабарыкі і яго намесьнікаў.

Пазьней ў рамках праекту Delay былі створаны ТАА «Агенцтва гандлю ў растэрміноўку» і ТАА «Сыстэмы апрацоўкі інфармацыі». У іх таксама ўвайшла Baltijas Investīciju Grupa. Паводле абвінавачаньня, гэтыя кампаніі таксама «пералічвалі хабар пад выглядам дывідэндаў» на рахунак латвійскай кампаніі.

Гэтаксама, на думку сьледзтва, было арганізавана атрыманьне хабару ад прадстаўніка ТАА «Актыўлізінг», калі ў яе склад увайшла эстонская Compartners.

На рахункі латвійскай і эстонскай кампаній паступалі дывідэнды, якія абвінавачаньне лічыць хабарам. Гэта рабілася нібыта дзеля таго, каб банк прымаў станоўчыя рашэньні адносна кампаній праектe Delay і кампаніі «Актыўлізінг».

Пра супрацоўніцтва банка з кампаніямі

Што за кампаніі праекту Delay

  • «Белгандальтэхналёгіі» (пазьней перайменавалі ў «Прававы дыялёг»),
  • «Агенцтва гандлю ў растэрміноўку» (пазьней «Прыватлізінг») і
  • ТАА «Сыстэмы апрацоўкі інфармацыі»?
Дзьмітры Лаеўскі
Дзьмітры Лаеўскі

«Гэтыя кампаніі вырасьлі зь „Белгандальтэхналёгіі“, бо яна буйнела і асобныя напрамкі бізнэсу было вырашана вылучыць у асобныя структуры, — тлумачыць Лаеўскі. — Але фактычна гэта ўсімі ўспрымалася як адзіны суб’ект. Гэты праект быў апэратарам, каб у буйных крамах кшталту „5 элемэнт“ былі пункты, у якіх грамадзяне могуць купіць у растэрміноўку любую тэхніку.

Банк заўсёды быў зацікаўлены ў супрацы зь „Белгандальтэхналёгіяй“ і іншымі, бо яны фактычна стваралі пункты продажу банкаўскіх паслуг. Грамадзянін ішоў не ў „Белгазпрамбанк“, а проста ў краму, купляў тэлевізар праз банкаўскае крэдытаваньне. Для банку гэта крута, гэта рэкляма і продаж паслуг, банк зарабляе. А для кампаній Delay таксама выгадна, бо яны аказваюць пэўныя паслугі і зарабляюць на гэтым грошы. Потым зьявіўся лізінг».

Кампанія «Прыватлізінг» стала адной з найбуйнейшых лізінгавых кампаній краіны. Паводле Дзьмітрыя Лаеўскага, праект Delay меў посьпех, бо быў створаны вельмі просты мэханізм для звычайнага пакупніка.

«Трэба мець пашпарт, выбраць тавар — і празь некалькі хвілін усё запрацавала. Створаная ў 2005 годзе кампанія „Белгандальтэхналёгіі“ нічога сабой не ўяўляла. Але была ідэя і высокакваліфікаваныя мэнэджары з банку, якія ўкладалі свой інтэлект і бізнэс-падыход, — кажа Дзьмітры Лаеўскі. — Дык вось КДБ узяў гэту абсалютна законную мадэль, у якой ніводнага этапу не было зроблена з парушэньнем заканадаўства, і сказаў, маўляў, папраўдзе гэтыя дывідэнды не дывідэнды, а хабар. Менавіта вы за гэты хабар заключалі дамовы з гэтымі суб’ектамі гаспадараньня, а не таму, што гэты праект вам быў цікавы, рэнтабэльны. Гэта сьмешна і дзіка».

«Узьнікла патрэба, каб Віктар Бабарыка апынуўся за кратамі»

«Белгазпрамбанк» адкрыта рэклямаваў гэты праект як адзін з самых пасьпяховых.

«Але ўзьнікла патрэба, каб Віктар Бабарыка апынуўся за кратамі. Паколькі ён ніякіх агульнакрымінальных злачынстваў не рабіў, то трэба было ўзяць нейкія законныя абставіны і каб яны атрымалі іншую трактоўку, што і адбылося. Чаму яго намесьнікі ў выніку пагадзіліся з гэтым абінавачаньнем? Мы прыводзілі шэраг фактаў. На вялікі жаль, гэта комплекс нейкага эканамічнага разьліку — як ім прасьцей, з найменшымі стратамі выйсьці з гэтай сытуацыі. І розных асабістых матываў», — мяркуе Лаеўскі.

Адвакат згадвае прадстаўніка «Актыўлізінгу» Віктара Кабяка, які падчас 8 допытаў цягам трох месяцаў называў супрацоўніцтва звычайным і законным.

«Ён кажа, што ў нейкі момант выкупляў у эстонскай кампаніі долю і адбывалася гэта даволі спэцыфічна, калі ў дамове напісалі адзін кошт долі, а папраздзе ён быў большы. Гэтую розьніцу нібыта была дамоўленасьць аддаць гатоўкай намесьніку Віктара Бабарыкі Дзьмітрыю Кузьмічу, які рэгістраваў гэту кампанію Compartners і паставіў там дырэктарам свайго сваяка, — прыводзіць прыклад Лаеўскі. — А потым яму ўкладаюць у вушы, што, паколькі ён выкарыстоўваў валюту ў гэтых разьліках, то ў яго могуць забраць і гэтыя плацяжы, і долю, якую ён выкупіў. Усё, чалавек ламаецца і кажа, гэта быў хабар. Пра 8 ранейшых допытаў ён забыўся, нібыта іх не было».

Адвакаты казалі ў судзе, што ўсім абвінавачным інкрымінуецца, нібыта яны ўчынілі злачынства ў складзе арганізаванай групы і нібыта ўсе яны датычныя да агульнай сумы дывідэндаў, якія бок абвінавачаньня называе хабарам. Бабарыку выстаўляецца ў абвінавачаньне ўся сума дывідэндаў за ўсе гады, якой ён не трымаў у руках і ня меў. Але гэтую суму павінны былі выставіць усім удзельнікам «арганізаванай групы».

«Але ўсім намесьнікам выставілі сумы непараўнальна меншыя, 100-200 тысяч даляраў, якія яны могуць знайсьці, пазычыць і аддаць, — кажа Лаеўскі. — Гэта такая як бы морква, калі ты можаш пагадзіцца і выйсьці зь мінімальнымі стратамі. Гэта інструмэнт, які ўзьдзейнічае нават на высокаадукаваных людзей. А падмурак гэтага інструмэнту — недавер да суду».

Дзьмітры Лаеўскі кажа, што гэтыя людзі ў сваіх паказаньнях усё роўна называюць факты, на якіх «можна грунтаваць пазыцыю абароны».

«Калі ты гэта чуеш, проста валасы дыбам устаюць»

Паводле адваката, абвінавачныя кажуць, што іх ніхто ніколі не прасіў рабіць нейкія дзеяньні за хабар і самі яны не прапаноўвалі. Віктар Бабарыка за ўсю працу ў банку ніколі не казаў ім, што яны павінны нешта зрабіць адносна нейкіх кампаній.

«Калі ты гэта чуеш, проста валасы дуба ўстаюць. А яны ўсе гэта сказалі», — кажа Лаеўскі.

Паводле адваката, фармальна ёсьць згода гэтых людзей з фармулёўкай абвінавачаньня, але ў іх самастойных адказах на пытаньні «адразу вылазяць факты».

«А хабару ня можа быць, калі служовую асобу не папрасілі нечага зрабіць. Бо хабар не грунтуецца на тэлепатыі. Ёсьць просьба — ёсьць хабар, ёсьць дзеяньне ў адказ», — кажа Лаеўскі.

«Дывідэнды — гэта законная плата»

Дзьмітры Лаесўкі зьвяртае ўвагу і на прававыя аспэкты фармулёўкі абвінавачаньня.

«Заяўляецца, што дывідэнды прыйшлі на рахунак латвійскай кампаніі. Гэта разглядаецца так, нібыта Віктар Бабарыка прыняў гэтыя грошы. Але гэтага не магло быць, згодна з заканадаўствам Беларусі і Латвіі, — сьцьвярджае Лаеўскі. — Каб Бабарыка стаў уласьнікам гэтых грошай, трэба было іх з рахунку зьняць і некуды пералічыць. Але, пакуль яны на гэтым рахунку, яны ёсьць уласнасьцю юрыдычнай асобы. Мы знайшлі розныя доказы, пісьмовае заключэньне юрыстаў Латвіі, якія нам пацьвердзілі, што латвійскае заканадаўства ў гэтым пытаньні гаворыць тое самае, што і беларускае. Ёсьць таварыства з абмежаванай адказнасьцю Baltijas Investīciju Grupa, і яно атрымлівае дывідэнды, якія адразу становяцца ўласнасьцю гэтага таварыства. І нельга казаць, што Бабарыка ці нехта іншы з абвінавачаных прыняў хабар».

Бок абвінавачаньня таксама кажа, што гэта не дывідэнды, а хабар, які далі выключна ў сувязі са службовым становішчам гэтых людзей.

«Але дывідэнты выплачваюцца той кампаніі, якая мае долю. Гэта звычайная працэдура. І, калі ў цябе ёсьць доля у гэтай кампаніі, ёсьць прыбытак, то ён дзеліцца. І ты ня тое што нейкай міласьціны просіш, ты маеш права нават патрабаваць гэтага, і табе абавязаныя, — кажа Дзьмітры Лаеўскі. — Уся гэта канструкцыя хабару, намаляваная ў гэтай справе, на ўсіх этапах не адпавядае таму, як на гэта глядзіць заканадаўства Беларусі.

Дывідэнды — гэта законная плата, у яе ёсьць законная падстава. І яна ня можа называцца незаконным узнагароджаньнем. Самае істотнае, што ніхто з супрацоўнікаў банку, ніхто з камэрсантаў не сказаў, што хоць якія дзеяньні банкіраў былі абумоўленыя гэтымі нібыта грашовымі ўзнагародамі».

Паводле адваката, абарона прадставіла ўсе падставы для таго, каб суд апраўдаў ня толькі Віктара Бабарыку, але і астатніх абвінавачаных.

«Я не магу сказаць, што гэта шок для нас»

Як Віктар Бабарыка паставіўся да запросу пракурораў аб 15-гадовым зьняволеньні?

«Мы назіралі ўжо падчас папярэдняга сьледзтва, яшчэ да пачатку суду, даволі агрэсіўнае стаўленьне, — кажа Дзьмітры — Лаеўскі. — Мы разумелі, што гэта будзе нейкі мэсыдж грамадзтву, што „А мы вось можам і так, мы можам і 15“. Я не магу сказаць, што гэта шок для нас. Я не пачуў ніякага абгрунтаваньня пракурораў, чаму менавіта 15 гадоў. Мы ў прынцыпе не разглядаем любы тэрмін як прымальны, бо мы ня бачым тут злачынства. І ня толькі мы. Таму для нас што 15, што 10, што 7 — гэта ўсё аднолькава непрымальна».

Адвакат кажа, што запрос пракурора быў наўмысна закліканы шакаваць.

«Я нагадаў ўчора ў канцы свайго выступу, што ўсё ў гісторыі ўжо было. Былі прыклады, калі надзвычайныя «тройкі» выносілі расстрэльныя прысуды і столькі зьнішчылі беларусаў у сярэдзіне 30-х і ня толькі. Але мы ведаем, што празь нейкі час усе гэтыя судовыя пастановы былі адмененыя «ў сувязі зь недаказанасьцю», — кажа Лаеўскі.

Што за 700 старонак з кіпрскага банку?

Пракуратура грунтуецца, сярод іншага, на матэрыялах, нібыта атрыманых з банкаў Кіпру. А гэта больш за 700 старонак копій дакумэнтаў.

«Гэта так званыя зьвесткі нібыта з кіпрскага банку, у якім быў рахунак кампаніі, зарэгістраванай ў Вялікай Брытаніі, празь які нібыта відаць, як дывідэнды з латвійскай кампаніі пералічваліся на рахунак брытанскай, і нібыта далей на нейкія афшорныя кампаніі, якія належалі намесьнікам Віктара Бабарыкі, — кажа Дзьмітры Лаеўскі. — Кожны дакумэнт мы мусім разглядаць адносна таго, ці можна яго прыняць у якасьці доказу. Абсалютна фантастычныя дакумэнты называюцца тут „дакумэнты з кіпрскага банку“. Гэта 700 старонак — і ніводнага подпісу, ніводнай пячаткі ні на адной. Тут жа ня трэба быць юрыстам».

Лаўескі падкрэсьлівае, што на прадстаўленых дакумэнтах няма пячатак ані банку, ані дзяржаўных установаў Кіпра. Паводле яго, ёсьць толькі суправаджальны ліст:

«Ліст літаральна з аднаго сказу, што вось „мы накіроўваем вам дакумэнты“, — сьцьвярджае адвакат. — Але там не напісана, якія дакумэнты. І мы ня ведаем, што ляжыць у справе: гэта раздрукоўкі, якія зроблены тут пад выглядам кіпрскіх, ці гэта тут частка кіпрскіх? Тут парушэньне як беларускага заканадаўства, так і міжнароднай дамовы, і нельга гэта выкарстоўваць у якасьці доказаў. Але калі паглядзець нават, што там за зьвесткі, то яны, наадварот, абвяргаюць абвінавачаньне».

Дзьмітры Лаеўскі кажа, што яго ўразілі ў матэрыялах справы арыгіналы двух сэртыфікатаў, зь пячаткамі і подпісамі, уласьніка акцый афшорнай кампаніі, якая нібыта належыць аднаму з намесьнікаў старшыні банку. Але ў гэтых сэртыфікатах месца, дзе мусіць быць імя, не запоўненае.

«То бок можна ўзяць сэртыфікат, напісаць туды любое імя — і будзе арыгінальны „доказ“ валоданьня афшорам! Гэта проста космас! Мы іх паказалі суду, — кажа Дзьмітры Лаеўскі. — Цэлы год, пакуль не пачаўся гэты ўмоўна адкрыты працэс, як бы стваралася ўражаньне, што Віктар Бабарыка злодзей. Пра гэта казалі дзяржаўныя мэдыя, службовыя асобы — нібыта яны атрымалі доказы. А якія доказы?! Вы атрымалі доказы таго, што беларускія кампаніі накіроўвалі законныя дывідэнды сваім удзельнікам. Вы не атрымалі ніякіх доказаў, як Віктар Бабарыка якімсьці чынам узбагаціўся ад гэтага. Гэта проста мыльная бурбалка, і цяпер яна лопнула».

Дзьмітры Лаеўскі кажа, што абарона сфармулявала сваю пазыцыю і данесла яе да суду. Цяпер справа за рашэньнем.

«Але глыбіня абсурду не пераўзыдзеная на гэты момант», — вывеў ён.

Што казалі адвакаты пра пачатак перасьледу Бабарыкі

Абаронцы заявілі ў судзе, што абстаноўка пачатку крымінальнага працэсу «можа шмат што сказаць пра тое, ці варта давяраць вынікам дасудовай стадыі».

Віктара Бабарыку затрымалі раніцай 18 чэрвеня 2020 году па дарозе ў выбарчую камісію, куды ён вёз здаваць подпісы за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Разам зь ім затрымалі ягонага сына Эдуарда Бабарыку і памочніка Дзьмітрыя Караку. Паводле адвакатаў, «гэта здарылася на фоне фэнамэнальных посьпехаў выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі».

Праз паўгадзіны, каля 9 гадзін раніцы, Віктара Бабарыку даставілі ў будынак Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Яшчэ праз паўгадзіны прыбылі адвакаты Бабарыкі Аляксандар Пыльчанка і Дзьмітры Лаеўскі, якіх «дэманстратыўна» не пусьцілі нават у будынак ДФР: уваходныя дзьверы былі зачыненыя, маўляў, «ідуць вучэньні». Як пазьней высьветлілася, Бабарыка ад моманту затрыманьня патрабаваў дапусьціць адвакатаў і паказаў дамовы зь імі.

На другі раз адвакатаў не пусьцілі ў будынак ДФР, каб падаць скаргу на затрыманьне. А тым часам зь Віктарам Бабарыкам праводзіліся працэсуальныя дзеяньні. Ён адмовіўся ад дачы паказаньняў і ўдзелу ў гутарках без абаронцаў, але дзяржаўныя мэдыя распаўсюдзілі лжывую інфармацыю аб тым, што нібыта ён з сынам «акуратна даюць паказаньні».

У той жа дзень Віктара і Эдуарда Бабарыкаў зьмясьцілі ў СІЗА КДБ і не далі магчымасьці пагутарыць з адвакатам.

«Такое процідзеяньне абароне, ухваленае ўсімі нагляднымі органамі, паказала, што разьлічваць на аб’ектыўнасьць працэсу нельга. Далей парушэньні правоў Віктара Бабарыкі набылі сыстэмны характар», — кажуць абаронцы.

Яны пералічваюць найбольш адметныя факты, якія «дазваляюць сумнявацца ў абвінавачаньні».

  • Затрыманьне і ўзяцьце пад варту не былі абгрунтаваныя канкрэтнымі фактамі пра намер Бабарыкі схавацца або перашкодзіць расьсьледаваньню. «Фактычна нічым, акрамя жаданьня дзяржавы трымаць Віктара Бабарыку ў СІЗА КДБ, яго ўзяцьце пад варту не тлумачылася», — кажуць адвакаты.
  • Прад’яўленае яму празь дзень пасьля затрыманьня абвінавачаньне было выкладзена «абстрактнымі фармулёўкамі і не дазваляла зразумець, у якіх канкрэтна дзеяньнях Віктара Бабарыкі сьледчы КДБ угледзеў злачынства».
  • Яго вінавацілі і ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, і ў дачы хабару, ставілі ў віну стварэньне злачыннай арганізацыі (нібыта ён аб’яднаў дзве арганізаваныя злачынныя групы). А па дзяржаўных мэдыя трансьлявалі яшчэ і іншыя абвінавачаньні (нібыта банк быў «крымінальнай пральняй»), але нішто з гэтага ў судзе не разглядаецца. Адначасова адвакатам Бабарыкі падпіскамі аб невыдаваньні зьвестак забаранілі ня толькі камэнтаваць абвінавачаньне, але нават называць публічна артыкулы, якія інкрымінаваліся.
  • Пасьля заканчэньня сьледзтва абаронцам не дазволілі фотакапіяваць матэрыялы справы са 122 тамоў, хаця ў іх было мноства фінансавых і іншых дакумэнтаў.
  • Перадаўшы справу для разгляду па першай інстанцыі Вярхоўнаму суду, чый прысуд ня можа быць абскарджаны, Віктар Бабарыка пазбаўлены права на апэляцыю.
  • У суд не дапусьцілі прадстаўнікоў незалежных мэдыя.
  • На просьбу боку абвінавачваньня Віктару Бабарыку не дазволілі даць паказаньні першым, хоць яму інкрымінавалася кіраўніцтва нейкім сумесным злачынствам. «Ці не таму, што, пачуўшы паказаньні Віктара Бабарыкі, іншыя абвінавачаныя маглі б перадумаць і адмовіцца яго агаворваць?» — мяркуе абарона.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG