Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Гаўрылы Вашчанкі


Гаўрыла Вашчанка
Гаўрыла Вашчанка

Падзеі 20 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1531 — Слонім атрымаў магдэбурскае права, гэта значыць, слонімцы самі сталі выбіраць гарадзкое кіраўніцтва.

1606 — у Магілёве пачалося мяшчанскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Стахора Мітковіча.

1948 — адкрылася для наведнікаў філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Вязынцы.

Помнік Янку Купалу ў Вязынцы
Помнік Янку Купалу ў Вязынцы

У гэты дзень нарадзіліся

1566 Жыгімонт Ваза, вялікі князь літоўскі і кароль польскі, кароль швэдзкі.

1740 Юзэф Сангушка, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. На сойме 1767–1768 гадоў абвясьціў «Праект рэформы ўраду», які прадугледжваў прыняцьце адзінага кодэксу права для ўсёй Рэчы Паспалітай. Падпісаў акт Кардынальных правоў.

1865 Яўстафі Каліскі, праваслаўны сьвятар.

1908Уладзімер Галубовіч, беларускі і польскі археоляг.

1928Гаўрыла Вашчанка, мастак.

Пазнаёміў нас адзін зь ягоных улюбёных і ўдзячных выхаванцаў Сяргей Цімохаў, які стаў выдатным мастаком, трагічна-заўчасна пайшоў у іншы сьвет і які таксама — сярод герояў гэтае кнігі. Настаўніка і вучня зьвязвала і тое, што абодва паходзілі з Палесься, чые зямля, нябёсы, барвы і міты паўплывалі на творчасьць абодвух.

Мастацкую адукацыю Вашчанка атрымаў у Ўкраіне. У Кіеўскай вучэльні прыкладных мастацтваў сярод яго пэдагогаў і старэйшых сяброў быў вядомы прафэсар Мікалай Прахаў. На трэцім курсе Гаўрылу ўжо запрасілі рабіць росьпісы ў будынку ўкраінскага Вярхоўнага Савету, а пасьля абароны дыплёмнай працы накіравалі на кінастудыю імя Даўжэнкі.

Вялікі ўплыў на сьветапогляд і прыярытэты Вашчанкі зрабіла атмасфэра Львова, дзе ён пазьней скончыў Інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. Потым была праца ў Малдове: выставы, прэміі, ляўрэацкія
званьні... Але душы не ставала чагосьці надзвычай істотнага, лёсавызначальнага.

Сапраўдным творцам, прызнаваўся потым Вашчанка, адчуў сябе, толькі пераехаўшы на радзіму, у Менск.

Менавіта тут было знойдзенае ўласнае разуменьне плястыкі, свой почырк. Паваротнай для грамадзянскага самасьцьверджаньня стала карціна «Маё Палесьсе».

У яго былі выразныя непаразуменьні з сацрэалізмам. Застойнымі часамі Вашчанка ствараў партрэты Міколы Гусоўскага, Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага... «На свае страх і рызыку» (так і было сказана ў кабінэце міністра культуры) працаваў над цыклем «Асьветнікі» (1976). Нацыянальная ідэя магутна пульсавала ў трыптыху «За зямлю, за волю» (1983), прысьвечаным паўстаньню Каліноўскага. На выставе да 40-годзьдзя перамогі над нацызмам, устурбаваўшы чыноўнікаў ад мастацтва, майстар выставіў палатно «Грунвальдзкая бітва». Існуе легенда, у якую цалкам хочацца паверыць: нібыта цудоўныя вітражы Вашчанкі для Дому кіно, што месьціўся тады ў Чырвоным касьцёле, уразілі Машэрава і не далі ходу пастанове пра руйнаваньне храму.

Вашчанка ўмеў сябраваць. Блізкія стасункі зьвязвалі маэстра з манумэнталістам Аляксандрам Кішчанкам. Спадар Гаўрыла перацягнуў яго з Украіны ў Беларусь, вельмі высока цаніў, а за шматлікія сябравы небыліцы называў таго Мюнхгаўзэнам.

А вось сяброўства зь Міхаілам Савіцкім назаўжды скончылася, калі той выставіў сваю сэрыю «Лічбы на сэрцы», ад якой, апрача каньюнктуры, патыхала і антысэмітызмам.

Ён не трываў ніякага прымусу і, хоць меў высокія званьні і ўзнагароды, вітаў распад савецкай імпэрыі, дзе, як сказаў тады ў інтэрвію, «заўсёды душылі свабоду, а свабода і незалежнасьць — даражэйшыя за ўсё на сьвеце».

Ён любіў опэру, фэхтаваньне, падарожжы, часам слухаў рок-музыку.

На самым краёчку жыцьця папрасіў сына-мастака Кастуся пасадзіць яго да начнога вакна і глядзеў на поўню.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 656-657

Гаўрыла Вашчанка. Вітражы ў касьцёле Сымона і Алены. 1974 г.
Гаўрыла Вашчанка. Вітражы ў касьцёле Сымона і Алены. 1974 г.

1930Янка Сурвіла, грамадзкі дзяяч у эміграцыі, у 1958–1965 арганізатар і вядоўца беларускіх радыёпраграмаў Гішпанскага радыё.

Янка Сурвіла за падрыхтоўкай беларускай праграмы на нацыянальным радыё Гішпаніі, 1958
Янка Сурвіла за падрыхтоўкай беларускай праграмы на нацыянальным радыё Гішпаніі, 1958

У чатыры гады ён ужо чытаў па-беларуску і дэклямаваў на памяць Купалаву паэму «Курган».

У 1942-м сямнаццацігадовы Янка — дырэктар пачатковай беларускай школкі, спаленай партызанамі.

Па вайне ў беларускім лягеры для перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце ён засноўвае й рэдагуе часопіс «Шляхам жыцьця».

Потым — эміграцыя ў Францыю. Там у 1948-м, на Першым зьезьдзе беларускай эміграцыі ў Парыжы, адбываецца рамантычнае Янкава знаёмства з зусім яшчэ юнай Івонкаю Шыманец, якая празь дзесяць гадоў стане ягонай жонкаю.

Атрымаўшы стыпэндыю Мадрыдзкага ўнівэрсытэту, Сурвіла вывучае эканоміку і робіць захады, каб арганізаваць беларускамоўныя праграмы Гішпанскага радыё. 25 сакавіка 1952 году ён выходзіць у эфір зь першай скіраванай на Беларусь перадачаю. У 1958–1965 гадах Янка вядзе з Гішпаніі штодзённыя беларускія радыёпраграмы.

Пасьля пераезду Сурвілаў у Канаду наша заакіянская дыяспара атрымала ў асобе Янкі чалавека, які, паводле словаў Барыса Рагулі, «быў прычынны да вытокаў усіх пачынаньняў на беларускай палітычнай і грамадзкай ніве, што зарадзіліся і рэалізаваліся ў Атаве».

Зь дзіцячых гадоў, калі сам змайстраваў свой першы фотаапарат, ён захаваў захапленьне мастацкай фатаграфіяй, пакінуўшы, у прыватнасьці, цэлую галерэю партрэтаў нашых літаратараў-эмігрантаў, у тым ліку партрэт Натальлі Арсеньневай, зьмешчаны ў менскай кнізе яе вершаў «Яшчэ адна вясна» (1996).

У вечнасьць Янка адышоў, як і жыў, грамадзянінам Беларускай Народнай Рэспублікі, Раду якой ад 1997 году ўзначальвае Івонка Сурвіла.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 438–439.

1934 Юры Візбар, савецкі кінаактор, журналіст, бард, адзін з пачынальнікаў савецкай аўтарскай песьні.

1939Валерый Раеўскі, беларускі тэатральны рэжысэр, на працягу 35 гадоў быў галоўным рэжысэрам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Валеры Раеўскі
Валеры Раеўскі

Паэт Ігар Шклярэўскі распавядаў мне, як здаваў за свайго сябра Валерыя ўступны экзамэн у тэатральна-мастацкі інстытут. Атрымаў, вядома, пяцёрку, але Раеўскі ацаніў дапамогу адно паблажлівым паляпваньнем па плячы: «Малойца». Шклярэўскі абурыўся: «Ты хоць чуў, што такое гіпэрбала?» Сябар адказаў: «Ведаю, ведаю. Карацей за два катэты».

Праўда гэта ці показка, я ў Раеўскага, калі мы пазнаёміліся, запытацца не адважыўся. Ён быў для мяне мэтрам, які чамусьці яшчэ пры канцы 1980‑х даверыў мне, маладому літаратару, зрабіць для Купалаўскага тэатру некалькі перакладаў. Асабліва важным гэты давер стаўся празь дзесяцігодзьдзе, калі за, далікатна кажучы, неляяльнасьць да цяперашняй улады я быў звольнены з працы ў выдавецтве і аказаўся ў вельмі няпэўным фінансавым становішчы.

Неўзабаве затэлефанавала загадчыца літчасткі купалаўцаў Марына Бартніцкая: у Раеўскага ёсьць для вас п’еса на пераклад. Мы колькі разоў сустракаліся раніцой у яго кабінэце. «Каньячку?» — зазвычай пытаўся Валеры Мікалаевіч. Я адмаўляўся, ён быў салідарны. «Ты памятаеш, што можаш хадзіць на любы спэктакль без квіткоў? Будзем лічыць гэта сьціплай гуманітарнай дапамогай пацярпеламу ад разгулу стыхіі».

Раеўскі прыйшоў у Купалаўскі ў 1967 годзе, у 1973‑м стаў галоўным рэжысэрам, а потым да 2009-га быў мастацкім кіраўніком. Ён стварыў блізу пяцідзесяці Раеўскі спэктакляў — ня толькі ў родных сьценах, але і на сцэнах іншых гарадоў і краінаў. У Беластоку паставіў гогалеўскага «Рэвізора», у Любляне — «Зацюканага апостала» Андрэя Макаёнка, у Бэлфасьце — «Парог» Аляксея Дударава.

Выдатна памятаюцца «Апошні шанец» паводле Васіля Быкава, «Што той салдат, што гэты» паводле Бэртольда Брэхта, дудараўскія «Радавыя». Знаўца тэатру Вячаслаў Ракіцкі лічыць: Раеўскі мог бы паставіць нашмат больш добрай і найперш беларускай драматургіі, ды не давалі, бо Раеўскі быў у тэатральным мастацтве «мяккім дысыдэнтам».

З мною ён, нават калі гэтага быццам бы вымагала сытуацыя, пра палітыку ніколі не загаворваў. Але ў 2006-м я сустрэў Раеўскага ў намётавым мястэчку на плошчы з двума цяжкімі пакетамі, дзе былі бананы і памаранчы.

Разьвітаньне з пасадай мастацкага кіраўніка і апошнія гады Валерыя Мікалаевіча былі афарбава- ныя ў драматычныя колеры.

Да ягонага 80-годзьдзя былыя калегі сабралі зробленыя ў розныя часы выказваньні Раеўскага, якія шмат каму дазволілі іначай убачыць гэтую асобу. «Адзін чалавек усё жыцьцё застаецца пацаном, а другі ўсё жыцьцё грае чыноўніка». «Самае цяжкае — трываць іншага: партнэра, суседа, жонку, маці, дзяржаву, кіраўніка...»

«Калі ў улады няма палітычнай апазыцыі, такой апазыцыяй павінна стаць мастацтва».


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 616-617

У памяці

1964 Пётра Сыч, пісьменьнік, журналіст, вязень ГУЛАГу, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода.

Ягоны ўпэўнены дэбют у дваццаць гадоў абяцаў надзвычай цікавы працяг. Аднак неўзабаве Пётра атрымаў Каляды 1939-га малады літаратар сустракаў у вялейскай турме НКВД, Каляды 1940-га — у лягернай лякарні пад Варкутой, а Каляды 1942-га — у ірацкай пустэльні. На той час Пётра Сыч служыў у польскай арміі генэрала Андэрса, у складзе якой браў удзел у баях з гітлераўцамі на Апэнінах, у тым ліку і ў цяжкой бітве пад Монтэ-Касына, дзе палеглi сотнi беларусаў.

Пасьля вайны Пётра працаваў на Радыё Свабода. У адным з сваіх нарысаў ён з пранікнёнай шчырасьцю казаў слухачам на далёкай радзіме: «Мы — як нашыя птушкі ў выраі: гнёздаў ня ўём — павароту чакаем. Ярдань ці Ніл, Тыбар ці Тэмза, Амазонка ці Гудзон шумяць нам разьліўным Нёманам, сьветлай Дзьвіной...»

Аповесьць «Сьмерць і салаўі. Успаміны афіцэрабеларуса з-пад Монтэ-Касына», што з працягам друкавалася ў мюнхэнскай эміграцыйнай газэце «Бацькаўшчына», сталася самым значным ягоным творам. Над апошнімі старонкамі Пётру напаткаў заўчасны і, на маю думку, загадкавы скон — ён хварэў і раптоўна памёр ад зробленага мэдсястрой уколу.

Гэтыя таямнічыя сьмерці або зьнікненьні нашых эмігрантаў выцягваюцца ў вусьцішны ланцужок: паэт Хведар Ільяшэвіч (аўтамабільная катастрофа), супрацоўнік Радыё Свабода Леанід Карась (відавочнае забойства), літаратары Ўладзімер Дудзіцкі, таксама свабодавец, і Мікола Цэлеш (бясьсьледныя зьнікненьні)...

Заключныя абзацы аповесьці «Сьмерць і салаўі» дапісаў сябар і аднапалчанін аўтара Вінцэнт Жук- Грышкевіч, у 1970–1982 гадах — старшыня Рады БНР.

Ужо ў нашыя дні аповесьць была перавыдадзеная Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

«Маё першае ўражаньне з-пад Монтэ-Касына, — піша Пётра Сыч, — было лірычнае: разбушаваная італійская вясна, пунсовыя макі й звар’яцелыя салаўі...».


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 266-267

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG