У фатакопіі звароту СК назвы каналаў закрытыя. У ім гаворыцца, што камітэт расьсьледуе крымінальную справу за «распальваньне сацыяльнай варожсьці» паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Разьмяшчэньне асабістай інфармацыі ў тэлеграм-каналах, як напісана ў заяве сілавікоў, «суправаджалася заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў».
Такія дзеяньні, паводле СК, пацьвярджаюцца «заявамі вінаватых асобаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці». Звычайна яны даваліся на фоне чырвона-зялёнага сьцяга, а некаторыя людзі выглядалі на такіх відэа моцна пабітымі, што пазьней пацьвярджалі.
Сьледчы камітэт прапануе Паўлу Дураву азнаёміцца зь некаторымі допісамі, выкладзенымі ў тэлеграм-каналах і на Youtubе. Спасылкі на ролікі, таксама як і назвы каналаў, зарэтушаваныя. У лісьце паведамляецца, што названыя тэлеграм-каналы прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі.
СК настойвае на тым, што тэлеграм-каналы парушаюць палітыку мэсэнджара, «міжнародныя нормы маралі і права», а таксама згадвае, што ў лютым 2021 году «сьледчыя падчас маніторынгу інтэрнэту выявілі допіс Паўла Дурава, у якім ён паведамляў пра блякаваньне каналаў, якія выкладвалі асабістыя зьвесткі ўдзельнікаў пратэстаў і расейскіх сілавікоў».
«У сувязі з тым, што „ўмовы выкарыстаньня прама забараняюць публічныя заклікі да гвалту“, а „правілы прымяняюцца да ўсіх парушальнікаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў“, Сьледчы камітэт чакае аб’ектыўнай ацэнкі ад Telegram Messenger Inc. накіраванага ім звароту», — гаворыцца ў дакумэнце.