Паводле кіраўніка ведамства, злачынныя дзеяньні палягаюць «у публічным зьняцьці і замене сымбалю сувэрэннай Беларусі — дзяржаўнага сьцяга, які быў усталяваны ў цэнтры Рыгі ў сувязі з удзелам нацыянальнай каманды ў чэмпіянаце сьвету па хакеі, на бел-чырвона-белае палотнішча». Генпракурор лічыць гэта «зьдзекам зь дзяржаўнай сымболікі, які зьняважыў нацыянальную годнасьць беларусаў».
Для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня крымінальную справу накіравалі ў Сьледчы камітэт.
Беларускі юрыст Алег Агееў у камэнтары для Свабоды паразважаў, на які эфэкт разьлічваюць у Менску, робячы падобныя заявы.
«Законам сапраўды прадугледжаная магчымасьць пачынаць крымінальныя справы ў дачыненьні да замежных грамадзянаў, якія зьдзейсьнілі цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы супраць Рэспублікі Беларусь, — пацьвярджае юрыст. — Гэта частка 2 артыкула 6 Крымінальнага кодэксу. У дадзеным выпадку справа пачатая на падставе часткі 3 артыкула 130 — „цяжкія наступствы для нацыянальных інтарэсаў“. Наколькі гэта рэальна? Ёсьць магчымасьць разгледзець справу нават завочна , калі немагчыма даставіць фігуранта ў суд. Што ж, паглядзім, у якім рэчышчы будзе ісьці сьледзтва».
Алег Агееў таксама адзначае, што паводле аналягічных прававых мэханізмаў цяпер праводзяцца расьсьледаваньні ў іншых дзяржавах, якія расьсьледуюць факты катаваньняў і злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых на тэрыторыі Беларусі і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Аднак ці трэба хвалявацца за сваю будучыню кіраўніку зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі і мэру Рыгі?
«Перш за ўсё трэба ўлічваць, што гэта палітычна скіраваны ход, і тут больш палітыкі, чым права. Так, існуюць розныя прававыя мэханізмы, але ўсё залежыць ад таго, у які бок улада накіруе гэтую, зноў жа, палітычна матываваную справу. Сьледчыя ў Менску могуць рабіць усё, што дазваляе Крымінальна-працэсуальны кодэкс: абвяшчаць у міжнародны вышук, патрабаваць выдачы і г.д. Тым ня меней, той жа Генпракуратуры трэба ўлічваць: хутчэй за ўсё, ніякіх патрабаваньняў эўрапейскія краіны выконваць у цяперашняй сытуацыі ня будуць. Нават Інтэрпол ды іншыя міжнародныя інстанцыі не захочуць мець нічога агульнага з рэжымам».
Юрыст згадвае, што гэта ня першая спроба Генпракуратуры нагадаць пра сябе на міжнароднай арэне. У свой час беларускі бок агучваў рашучасьць прыцягнуць да адказнасьці «вінаватых у катаваньнях» на тэрыторыі амэрыканскай турмы Гуантанама. Але крымінальную справу спусьцілі на тармазах неўзабаве пасьля гучных абяцаньняў разабрацца зь «дзяржавамі-агрэсарамі».
24 траўня ў цэнтры Рыгі яе мэр Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй на месцы, дзе ўсталяваныя нацыянальныя палотнішчы ўдзельніц чэмпіянату сьвету па хакеі. Як сказаў пры гэтым мэр Рыгі, «сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі».
Пасьля гэтага зь Беларусі выслалі амбасадара Латвіі і ўвесь дыпляматычны і адміністрацыйна-тэхнічны склад амбасады. Афіцыйная Рыга адказала сымэтрычна, выслаўшы з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.