Сілавыя структуры Беларусі накіравалі ў Інтэрпол запыты на экстрадыцыю фігурантаў пратэставых крымінальных спраў, паведаміў міністар Іван Кубракоў, адказваючы на пытаньне Sputnik.
«Па ўсіх практычна крымінальных справах, якія завялі (пасьля жніўня 2020 году. — рэд.), у тым ліку і па масавых беспарадках, запыты ўжо накіраваныя, праца па вышуку падазраваных вядзецца пастаянна, у тым ліку калі яны знаходзяцца не на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — заявіў Кубракоў.
Адказваючы на пытаньне, ці накіраваныя запыты ў Інтэрпол на экстрадыцыю, да прыкладу Сьцяпана Пуцілы, а таксама іншых фігурантаў крымінальных спраў, заведзеных у сувязі з падзеямі 2020 году, ён сказаў: «Я разумею, што гэтыя прозьвішчы гучаць усё часьцей і часьцей, але для мяне як для міністра гэта адны з падазраваных па крымінальных справах. Таму я думаю, што накіраваныя».
Раней паведамлялася, што Генпракуратура накіравала ў Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрполу пакет дакумэнтаў, неабходных для абвяшчэньня ў міжнародны вышук экс-дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушкі.
Спраў за катаваньні і сьмерці пратэстоўцаў няма
Ад жніўня 2020 году ў Беларусі завялі ўжо больш за 2400 крымінальных спраў супраць удзельнікаў пратэстаў (зьвесткі СК на сакавік 2021 году). Згодна з дакладам ААН, органы папярэдняга расьсьледаваньня Беларусі паводле стану на люты 2021 году атрымалі 4644 скаргі пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў сілавікамі, пры гэтым 1050 скаргаў было адхілена. Ніводнай справы за катаваньні і сьмерці пры разгоне акцый пратэсту ў Беларусі не завялі.
Беларускія праваабаронцы ўжо прызналі палітычнымі вязьнямі 404 чалавек.
У першыя дні пасьля выбараў сілавікі жорстка спынялі масавыя мірныя пратэсты ў Менску і іншых буйных гарадах, ужываючы супраць дэманстрантаў залішнюю сілу, гумовыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ і халастыя патроны. Сотні затрыманых зазналі катаваньні і іншае недазволенае абыходжаньне. Сама меней чатыры чалавекі памерлі ў выніку супрацьпраўных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі (Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка), абставіны сьмерці яшчэ чатырох чалавек дакладна не вядомыя, але іх сваякі і сябры лічаць, што іх маглі забіць падчас пратэстаў.
Як затрымлівае Інтэрпол
У Інтэрпол уваходзяць больш за 190 краінаў. Згодна зь міжнароднымі правіламі, якіх прытрымліваюцца ўсе краіны-ўдзельніцы Інтэрполу, да чалавека ў краіне знаходжаньня прымяняюцца абмежаваньні толькі тады, калі ён трапіў у сьпісы арганізацыі. У гэтым выпадку яго зьмяшчаюць СІЗА на 30–40 сутак, інфармуюць краіну-ініцыятара і міжнародную паліцыю, шлюць у Інтэрпол дакумэнты аб тым, што асоба ідэнтыфікаваная. Пасьля гэтага падаюць дакумэнты ў суд, які прымае рашэньне аб экстрадыцыі або выдачы.
Згодна зь існым нацыянальным і міжнародным заканадаўствам, Беларусь мае права зьвярнуцца ў Інтэрпол і заявіць асобу, якой у Беларусі прад’явілі абвінавачаньне па крымінальным артыкуле, у міжнародны вышук. Пры гэтым, як адзначаюць экспэрты, абвяшчэньне асобы краінай-ініцыятарам у міжнародны вышук не азначае, што абвінавачваны трапіць у так званы «чырвоны сьпіс» Інтэрполу, бо ёсьць рэглямэнт, які прадугледжвае, каб гэта не было перасьледам па палітычных, рэлігійных і іншых матывах, а выключна за крымінальныя і супрацьпраўныя дзеяньні.