Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі


У Белтэлерадыёкампаніі ёсьць два тыдні, каб накіраваць у Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз (EBU) афіцыйны адказ. Пасьля гэтага пастанова набудзе сілу.

«У апошнія тыдні нас асабліва ўстрывожыла трансьляцыя інтэрвію, відавочна атрыманых пад прымусам. Мы таксама адсочвалі іншыя перадачы Белтэлерадыёкампаніі ў гэтым пытаньні, якія выклікаюць сурʼёзныя і вельмі выключныя асьцярогі. У сьвятле гэтых выключных падзей у Выканаўчай рады няма іншай альтэрнатывы, акрамя як прапанаваць прыпыніць сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў EBU», — гаворыцца ў прэс-рэлізе EBU.

Кіраўнік Беларускага фонду культурнай салідарнасьці Сяргей Будкін у камэнтары «Нашай Нівы» патлумачыў, што азначае замарозка адносінаў EBU і Белтэлерадыёкампаніі:

  • Іміджавыя страты на эўрапейскім рынку.
  • БТ ня зможа праводзіць нацыянальныя адборы і паказваць дарослую і дзіцячую Эўравізію.
  • БТ ня зможа весьці некаторыя спартовыя трансьляцыі.
  • Ня зможа карыстацца партнэрскімі матэрыяламі і матэрыяламі інфармацыйных агенцтваў.

Раней Беларускі фонд культурнай салідарнасьці распачаў кампанію для выключэньня Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага трансьляцыйнага зьвязу (EBU) і пазбаўленьня яе права на трансьляцыі і ўдзел вяшчальніка ў «Эўравізіі». Такі ліст кіраўнік фонду Сяргей Будкін накіраваў у офіс EBU, які месьціцца ў Жэнэве. Зварот падтрымаў і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка, які ў сваім лісьце абгрунтаваў мэтазгоднасьць выключэньня, спасылаючыся на статут зьвязу і яго этычны кодэкс.

11 сакавіка Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз паведаміў Белтэлерадыёкампаніі, што песьня «Я навучу цябе» гурту «Галасы ЗМеста» ня можа прадстаўляць Беларусь у конкурсе «Эўравізія-2021», бо ставіць пад сумнеў непалітычны характар конкурсу. Беларусь пазбавілі права ўдзельнічаць у сёлетняй «Эўравізіі». Песенны конкурс у Беларусі не паказвалі.

У красавіку Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз накіраваў у Белтэлерадыёкампанію ліст з патрабаваньнем патлумачыцца ў адказ на абвінавачаньні ў датычнасьці дзяржаўнага тэлевізіі да катаваньняў. EBU вывучыў пададзенае НАК відэа (урывак перадачы БТ, у якім Мікалай Дзядок са сьлядамі пабіцьця на фоне чырвона-зялёнага сьцяга каецца ў тым, што асьмеліўся выступіць супраць улады Лукашэнкі).

Спыніць сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі праз саўдзел у рэпрэсіях у Беларусі таксама патрабавалі швэдзкія дэпутаты і Літва.

Пазьней Белтэлерадыёкампанія ў сваім тэлеграм-канале заявіла, што афіцыйна не атрымлівала ніякіх апавяшчэньняў ад EBU, хоць з тэкстам, разьмешчаным на сайце, там знаёмыя. БТ заявіла, што «няма ніякіх падставаў для таго, каб выстаўляць нам абвінавачваньні... У краіне праходзяць самыя розныя падзеі і наша задача пра іх распавесьці гледачам і слухачам... Што тычыцца стратаў Белтэлерадыёкампаніі ад магчымага выключэньня з Эўрапейскага трансьляцыйнага зьвязу, то яны вылічаюцца эканоміяй сродкаў беларускага бюджэту памерам у некалькі мільёнаў даляраў у год».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG