Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль у Лукашэнкі 20% рэйтынгу?


Вынікі дасьледаваньня, якое правёў у Беларусі ў сярэдзіне лістапада брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House, выклікалі шэраг пытаньняў. На некаторыя зь іх мы папрасілі адказаць супрацоўніка цэнтру Рыгора Астапеню.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

– Як адбіралі рэспандэнтаў для апытаньня? Онлайн-апытаньне — гэта ня тое самае, што апытаньні на сайтах папулярных СМІ?

– Гэта апытаньне, якое робіцца праз онлайн-панэль. Гэта тое, чым карыстаюцца маркетынгавыя кампаніі, калі яны праводзяць свае дасьледаваньні. У Беларусі ёсьць некалькі такіх онлайн-панэляў. Людзі, якія там зарэгістраваныя, атрымліваюць СМСкі і адказваюць на пытаньне. Гэтае апытаньне рэпрэзэнтатыўнае паводле полу, узросту і памеру населенага пункту. Такія онлайн-апытаньні робяць і самыя вядомыя ў сьвеце сацыялягічныя цэнтры, такія як Gallup і Pew.

– У некаторых выклікаюць сумневы дадзеныя аб тым, як рэспандэнты галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пытаньні ўзьнікаюць нават з улікам таго, што вы апытвалі толькі гарадзкое насельніцтва. Як так у Лукашэнкі толькі 20%? — абураюцца адны. Адкуль узяліся ў Лукашэнкі цэлых 20%, я нікога ня ведаю, хто за яго, нават пэнсіянэры супраць, — кажуць іншыя. Што вы можаце сказаць наконт гэтых рэакцыяў?

– Асаблівасьць сацыялягічнага дасьледаваньня ў тым, што ты бачыш шматбаковую карціну грамадзтва. Звычайны чалавек ня ў стане ўсьвядоміць, наколькі грамадзтва разнастайнае, наколькі розныя погляды ў беларусаў.

Велізарная колькасьць людзей жыве ў малых гарадах. Яны жывуць у пэўнай самаізаляцыі, яны маюць абмежаваны доступ да інфармацыі. Калі яны і маюць доступ да інтэрнэту, гэта ня значыць, што там яны чытаюць сайт ці тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Цікавы прыклад — інтэрвію бацькі Вольгі Хіжынковай «Трыбуне». Яго спыталі пра стаўленьне да пратэстаў, пра тое, хто каго біў, на ягоны погляд. Ён адказвае — я ня ведаю, каму верыць, ня ведаю, хто каго справакаваў на бойку. У яго дачка сядзіць у турме, а ён так адказвае.

І такіх людзей нямала. Ён асабіста проста разгублены, бо ў яго дачка за кратамі. А ў каго дзеці не ў турме, тыя могуць думаць: Аляксандар Рыгоравіч — маладзец.

Ёсьць таксама людзі, якія зацікаўленыя ў існаваньні сёньняшняй сыстэмы. Гэта частка сілавікоў, частка чыноўнікаў, якія лічаць, што бяз гэтай сыстэмы яны будуць менш запатрабаваныя, яны будуць у горшым становішчы — фінансавым, кар’ерным.

Гэтыя 20% у Лукашэнкі ёсьць, вось такім чынам яны могуць назьбірацца.

– А хто пераважна тыя людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку, у якіх сацыяльных групах яго прыхільнікаў адносна больш?

– Менчукі схільныя падтрымліваць Лукашэнку ў найменшай ступені. А ў малых гарадах — да 10 тысячаў насельніцтва — значна вышэйшая падтрымка Лукашэнкі. Прыхільнікаў Лукашэнкі больш сярод людзей сталага веку — 55 гадоў і старэйшых, асабліва сярод жанчын. У яго большая падтрымка наагул сярод жанчын, чым сярод мужчын.

Гэтыя розныя пазыцыі полаў праяўляюцца, дарэчы, і ў іншых палітычных пытаньнях. Скажам, мужчыны аддаюць перавагу бел-чырвона-беламу сьцягу ў параўнаньні з чырвона-зялёным, а сярод жанчын пераважае чырвона-зялёны.

Тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, вельмі часта кваліфікаваныя і некваліфікаваныя рабочыя. Гэта не крэатыўная кляса, сярод якой большая доля праціўнікаў Лукашэнкі.

Калі казаць пра адукацыю, то сярод тых, хто мае вышэйшую адукацыю, прыхільнікаў Лукашэнкі істотна менш, чым сярод тых, хто мае ніжэйшую адукацыю — сярэднюю, прафэсійна-тэхнічную і сярэднюю спэцыяльную.

– Яшчэ адзін вынік дасьледаваньня, які выклікаў пытаньні, — рэйтынгі палітыкаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. У вашым апытаньні палова рэспандэнтаў сказала, што на сёлетніх выбарах прагаласавала за Сьвятлану Ціханоўскую. Але ў адказах на пытаньне «Хто здаецца вам найбольш вартым стаць прэзыдэнтам Беларусі?» 38,2% выбралі Віктара Бабарыку, 20,8% — Аляксандра Лукашэнку, 20,3% — Паўла Латушку, і толькі 9,9% — Сьвятлану Ціханоўскую. Чаму яе рэйтынг упаў у 5 разоў?

– Тут няма супярэчнасьці. Ціханоўская дагэтуль успрымаецца як сымбаль пратэсту, як сымбаль гэтага лета. Але няшмат людзей галасавала за Ціханоўскую таму, што марылі, каб менавіта яна стала прэзыдэнтам. Гэта было пратэставае галасаваньне, галасаваньне супраць Лукашэнкі. Высокі рэйтынг у пратэсту, які ўвасабляе Ціханоўская, а ў палітыка Ціханоўскай самой па сабе — невысокі. Яна не прадстаўляла ніякай праграмы, ніякага свайго бачаньня Беларусі. Чаму людзі павінны хацець бачыць яе саму прэзыдэнтам, калі ўся яе праграма — гэта абвясьціць новыя выбары? Людзі разумеюць, хто такія Бабарыка і Латушка. У людзей ёсьць разуменьне, што палітыка — гэта ўнутрыэлітныя рахункі. Бабарыка і Латушка — гэта людзі з высокім статусам. Цяперашнія чуткі пра тое, што Ўладзімір Пуцін нібыта дамагаецца вызваленьня Бабарыкі — гэта таксама ўскосны паказьнік яго статусу і «вагі», нават калі гэтыя чуткі — няпраўда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG