Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ заявіў, што цяпер у міжнародных адносінах «квітнее фэномэн, які можна назваць трыюмфам гаваркіх галоў без мазгоў».
«Цяпер заходнія гаваркія галовы дагаварыліся да таго, што дзеля дасягненьня імі ж самімі выдуманых мэтаў яны гатовыя дзейнічаць любымі спосабамі і мэтадамі. Ужо ня толькі подкуп, фінансаваньне, інфармацыйная вайна, шантаж і запалохваньне. Ужо тэракты, што было ў Беларусі, — восем выпадкаў за шэсьць месяцаў мінулага году, гэта і спроба перавароту, гэта і вайна».
Макей лічыць, што сучасныя палітыкі не адчуваюць адказнасьці за дзеяньні, якія спрабуюць зьдзейсьніць у Беларусі, а пад лёзунгамі аб дэмакратыі «заахвочваюць галаварэзаў».
«Магу ўявіць сабе і ўяўляю сытуацыю, калі сядзіць палітоляг або дзеяч у сябе на лужку перад сваім асабняком, пасьля купаньня ў басэйне, п’е піва ці віно на лужку і кажа, што трэба зрабіць у Беларусі, як лепш арганізаваць выбары», — дадаў кіраўнік МЗС Беларусі.
Таксама Макей раскрытыкаваў заяву кіраўніка Камітэту ў замежных справах Літвы Жыгімантаса Павілёніса, у якой ён гаворыць пра сумесныя дзеяньні разам з амэрыканцамі ў пашырэньні NATO ва Ўкраіне і Грузіі і ў спрыяньні нармальным выбарам у Беларусі. Макей расцэньвае гэта як намер садзейнічаць дзяржаўнаму перавароту. Саму Літву ён абазваў «пігмэямі».
«Пігмэй-Літва кажа, што „мы будзем працягваць ціснуць на Беларусь, мы будзем працаваць з Украінай, Малдовай і Грузіяй“. Яны выстаўляюць сябе ў якасьці волатаў, якія хочуць гуляць ледзь не вызначальную ролю ў нашым рэгіёне і, можа быць, нават у міжнароднай палітыцы», — заявіў Макей.