Патокі нелегальных мігрантаў зь Беларусі «дасягнулі гістарычнага максымуму», заявіла прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыдэ Шыманіце ў Вене на сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Себасьцьянам Курцам. Па словах Шыманіце, рэжым у Беларусі паабяцаў напоўніць Эўропу нелегаламі, бо 26 траўня ў беларускіх праўладных тэлеграм-каналах апублікавалі паведамленьне з рэакцыяй Лукашэнкі на санкцыі краінаў Захаду: «мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есьці і лавіць».
На тым жа мерапрыемстве міністар замежных спраў Уладзімер Макей зазначыў, што афіцыйны Менск будзе «жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя крокі» і разглядае магчымасьць прыпыненьня ўзаемадзеяньня з Эўразьвязам у пытаньнях барацьбы зь нелегальнай міграцыяй, арганізаванай злачыннасьцю, забесьпячэньня ядзернай бясьпекі.
Раней пра інтэнсіўны паток нелегальных мігрантаў зь Беларусі заяўлялі міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце і прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа.
На сустрэчы ў Вене Шыманіце заклікала да ўвядзеньня ЭЗ чацьвёртага пакету санкцый і без прамаруджаньня — пятага. Себасьцьян Курц падтрымаў заклікі Шыманіце.
Раней літоўская памежная служба зафіксавала на відэа, як беларускія памежнікі спрыяюць нелегальным мігрантам з Азіі трапіць на тэрыторыю Літвы, а затым прыбіраюць сьляды. Беларускі бок адмовіўся прызнаваць віну ў інцыдэнтах.