Гэтую праблему 31 траўня абмяркоўвалі ў Літве на пасяджэньні парлямэнцкага Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны. Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў адзначыў, што зносіны зь беларускімі калегамі — справа няпростая, паведамляе delfi.lt.
«Калі 21 траўня ў нас яшчэ былі нейкія надзеі на ўсталяваньне рабочых кантактаў, то цяпер пасьля ўсіх палітычных падзеяў мы бачым, што нам ня ўдасца гэтага зрабіць. Беларускія памежнікі не рэагуюць на нашы інцыдэнты — калі ім прад’яўляюць важкія доказы і аргумэнты ў сувязі з парушэньнем мяжы, яны не прызнаюць факту парушэньня, пастаянна патрабуюць прад’явіць дадатковыя доказы, а калі мы гэта робім, адмаўляюцца прызнаваць факт», — расказаў Любаеў.
Ён паказаў сябрам камітэту відэа, на якім зафіксавана, як беларускія памежнікі спрабуюць схаваць факт незаконнага перасячэньня мяжы. Памежнікі падзялілася гэтым відэа і з Delfi.
«Там, дзе была затрыманая група нелегальных мігрантаў, неўзабаве пасьля парушэньня зьявіліся беларускія памежнікі, якія прыбралі сьляды, каб схаваць факт перасячэньня мяжы. Калі ўпаўнаважаная асоба паведаміла аб парушэньні і папрасіла прыехаць, каб зафіксаваць гэты факт, беларускія калегі адмовіліся гэта рабіць і не прызналі факту незаконнага перасячэньня мяжы», — сказаў Любаеў.
Паводле яго, больш за ўсё парушэньняў фіксуюць у раёне Дзявянішкаўскай «пятлі» — выступу літоўскай тэрыторыі на мяжы зь Беларусьсю.
«Усяго на дадзены момант затрымалі 52 грамадзянаў Іраку і 20 грамадзянаў Ірану. А таксама грамадзянаў Сырыі і Турэччыны», — зазначыў Любаеў.
Любаеў адзначыў, што падобныя дадзеныя фіксуе і Польшча, а Латвія пакуль з такімі праблемамі не сутыкаецца.
Паток нелегальных мігрантаў павялічыўся ўдвая: за арганізацыю плацяць велізарныя сумы
Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце, якая ўдзельнічала ў пасяджэньні камітэту, падкрэсьліла, што Літва мае побач з сабою непрадказальнага суседа — рэжым Лукашэнкі.
«Мы ўжо пэўны час назіраем гэтую тэндэнцыю нелегальных мігрантаў у Літве. Калі параўнаць лічбы, якія ёсьць цяпер, мы маем 189 нелегальных мігрантаў, якія нелегальна прыбылі зь Беларусі за апошні год. Гэтыя лічбы ўдвая большыя, чым летась за ўвесь год», — сказала міністарка ўнутраных справаў.
Паводле яе, гэта вызначаюць геапалітычныя прычыны, аднак, як падкрэсьліла Білатайце, да пераводу нелегальных мігрантаў празь мяжу між краінамі далучаюцца і беларускія памежнікі.
«З таго, што мы бачым і што мы спрабуем зразумець на нарадах, відавочна, што службовыя асобы з таго боку, магчыма, супрацоўнічаюць і ўдзельнічаюць у гэтым арганізаваным патоку нелегальных мігрантаў», — сказала Білатайце.
Міністарка адзначыла, што са Стамбулу і Багдаду чатыры разы на тыдзень адбываюцца рэйсы ў Менск, адкуль потым гэтыя людзі рухаюцца ў бок Літвы.
Як растлумачыў delfi.lt прэс-сакратар МУС Літвы, цана незаконнага пераводу чалавека празь мяжу дасягае 15 тысяч эўра, а сям’і — 30 тысяч.
«Мы маем інфармацыю, што гэта праца добра арганізаваных злачынных структураў, магчыма, у супрацоўніцтве з службовымі асобамі», — сказала Білатайце.
Калі літоўскія памежныя службы спрабуюць кантактаваць зь беларускімі калегамі, тыя адмаўляюць існаваньне праблемы патоку нелегальных мігрантаў, зазначыла міністарка.