Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі палітвязьнем затрыманага за малюнак «дыджэяў Пераменаў» Васіля Логвінава


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія праваабаронцы прызналі зьняволенага Васіля Логвінава палітвязьнем. Агульная колькасьць палітвязьняў у Беларусі павялічылася да 477.

Як адзначаецца ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый, згодна з абвінавачваньнямі, Логвінаў разам з іншымі грамадзянамі 7 траўня 2021 году нанёс малюнак «дыджэяў Пераменаў» на трансфарматарную будку на так званай «плошчы Пераменаў» у Менску. Такім чынам, на думку сьледзтва, Логвінаў зьдзейсьніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) — наўмысныя дзеяньні, учыненыя групай асоб, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, якія выказваюць відавочную непавагу да грамадзтва і вылучаюцца выключным цынізмам.

14 траўня Васіль Логвінаў быў затрыманы і на дадзены момант знаходзіцца пад вартай у СІЗА Жодзіна. Праваабаронцам таксама вядома, што да свайго затрыманьня ён зьяўляўся падазраваным па арт. 342 КК (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

«Відавочна, што мэтай гэтага ўчынку было выказваньне свайго пратэсту і нязгоды з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і сытуацыяй, якая склалася ў краіне ў пасьлявыбарчы пэрыяд. Мы лічым, што дадзеная форма выказваньня думкі трапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і ня мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваньнямі», — адзначаюць праваабаронцы.

На іх думку, гэтыя дзеяньні нельга кваліфікаваць як хуліганства. «У гэтым кантэксьце лічым пазбаўленьне волі Васіля Логвінава палітычна матываваным, а яго самога палітычным зьняволеным», — гаворыцца ў заяве.

Дакумэнт падпісалі дзевяць праваабарончых арганізацый: цэнтар «Вясна», «Прававая ініцыятыва», Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакумэнтацыйнага цэнтар, Беларускі Хэльсінскі камітэт, ініцыятыва FORB, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН-цэнтар, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG