Нагадаем некаторыя факты зь яго біяграфіі.
Салдат імпэрыі
Вайсковец, служыў у ВДВ, ваяваў у Аўганістане, мае два мэдалі «За адвагу», ордэны Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сьцяга
Паплечнік Статкевіча па БЗВ
На пачатку 90-х гадоў быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ) — арганізацыі, якая аб’ядноўвала былых вайскоўцаў дэмакратычных і пранезалежніцкіх поглядаў
Галасаваў за бел-чырвона-белы сьцяг як дзяржаўны
Як дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня галасаваў за прыняцьцё бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларусі
Лёзьненскі вартавы
Быў чальцом выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе, быў у машыне разам з кандыдатам падчас інцыдэнту пад Лёзнам, які каманда кандыдата трактавала як замах, тагачасная ўлада — як інсцэніроўку замаху.
«Эскадроны сьмерці»
«Краіна кацілася ў бездань, народ на мяжы выжываньня. Банды арудавалі ад Масквы да мяжы з Польшчай, абабіраючы ўсіх. Але мы іх за паўгода ўсіх вычысьцілі, як некалі Жукаў у Адэсе. Сёньня засталіся Шэйман ды яшчэ пару чалавек, якія зь пісталетамі езьдзілі па краіне, зьнішчаючы падонкаў» — заявіў Лукашэнка, выступаючы напярэдадні выбараў 2020 году.
Дзе Захаранка? Дзе Ганчар?
Супраць Шэймана, які з 1995 па 2000 год займаў пасаду дзяржсакратара Рады бясьпекі, выказвалі падазрэньні ў датычнасьці да зьнікненьняў палітычных апанэнтаў Лукашэнкі.
У траўні 1999 году невядомыя выкралі былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку. У верасьні таго ж году выкралі былога старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.
Увесь час пад санкцыямі
У дачыненьні да Шэймана, а таксама да былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і былога камандзіра СОБРу Дзьмітрыя Паўлічэнкі, з прычыны падазрэньняў у датычнасьці да палітычных зьнікненьняў, з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША. У пэрыяды нармалізацыі адносінаў Менску з Захадам (2008–2010, 2016–2020) Шэйман заставаўся пад санкцыямі.
Непатапляльны
- З 1994 па 2000 год Шэйман — дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі (у кастрычніку-сьнежні 1995 году выконваў абавязкі кіраўніка МУС пасьля адстаўкі Захаранкі),
- у 2000–2004 гадах быў генэральным пракурорам,
- у 2004–2006 — кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта,
- у 2006–2008 — ізноў дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі.
- У 2008 годзе быў адпраўлены ў адстаўку пасьля выбуху на Дзень незалежнасьці. Аднак быў прызначаны памочнікам прэзыдэнта па асобых даручэньнях.
- У 2013 годзе быў пастаўлены на чале кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Займаў гэтую пасаду да сёньняшняга дня.
- У 2020 годзе Эўразьвяз увёў адносна кіраўніцтва спраў прэзыдэнта эканамічныя санкцыі.