Кіраўнік спраў Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман сышоў у адстаўку. Пра гэта піша прэсавая служба Лукашэнкі.
Аляксандар Лукашэнка пры гэтым сказаў Віктару Шэйману:
«Ты шмат разоў пісаў рапарт аб сыходзе ў адстаўку. Я не згаджаўся з гэтым. Але я разумею, што калі-небудзь час прыходзіць, табе хапіла ў жыцьці. Я сумленна ўдзячны табе за ўсё, што зроблена. Мы знойдзем час сустрэцца для таго, каб я яшчэ раз падзякаваў табе.
Я вельмі прасіў бы не сыходзіць далёка. І ўвогуле не адыходзіць ад дзяржавы і падставіць плячо там, дзе гэта трэба будзе, як ты заўсёды гэта рабіў. Можа, летам я прапаную табе некалькі варыянтаў працы, а пакуль вельмі прасіў бы ўзяць на сябе, як заўсёды было, Кубу, Вэнэсуэлу і тыя хвасты, у Афрыцы, пакуль ты не перадаў ураду.
Таму што ў мяне была практыка, туды, дзе патрабавалі надзейных, як яны казалі, блізкіх людзей, мне прыйшлося цябе пасылаць ці свайго старэйшага сына Віктара. Ён больш займаўся Блізкім Усходам, ты адчыняў акно ў Афрыку, прашу гэта пакінуць за сабой і прашу далёка не сыходзіць, бачыш, якая сытуацыя ў Беларусі, ня дай бог нам яшчэ браць аўтамат у рукі і абараняць краіну. Не хацелася б. У цябе вопыт вялікі, у мяне меншы, але, шчыра скажу, сытуацыя няпростая».
Хто такі Віктар Шэйман
Віктар Шэйман — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня (1990–1994). Працаваў дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі (1994–2000 і 2006–2008), выканаўцам абавязкаў міністра ўнутраных спраў (1995), генэральным пракурорам (2000–2004), кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі (2004–2006), кіраваў перадвыбарным штабам кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі на выбарах 2006 году. Да апошняга часу — на чале Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.
Беларуская апазыцыя і міжнародныя праваабарончыя структуры сьцьвярджаюць, што Віктар Шэйман у свой час быў сярод арганізатараў гэтак званых «эскадронаў сьмерці», якім прыпісваюць забойствы лідэраў арганізаванай злачыннасьці (гэта прызнаваў і Лукашэнка, які казаў, што Шэйман бегаў зь пісталетам і адстрэльваў бандытаў), кіраўнікоў беларускай апазыцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага.
Зь верасьня 2004 году Віктару Шэйману забаранілі ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу, санкцыі былі ўведзеныя праз падазрэньні ў датычнасьці Шэймана да зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі. У 2006 годзе пасьля фальсыфікацыі выбараў і хвалі масавых рэпрэсій санкцыі былі ўведзеныя і супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня. У кастрычніку 2008-га міністры замежных спраў Эўразьвязу прыпынілі на паўгода дзеяньне забароны на ўезд Аляксандра Лукашэнкі і некаторых ягоных набліжаных. Аднак санкцыі супраць былога дзяржсакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана засталіся ў сіле. У санкцыйных сьпісах ён па сёньня, прычым гэтыя санкцыі ніколі не размарожваліся.