DW нагадвае, што факт вызваленьня 31 сакавіка пацьвердзіў МЗС Беларусі. Паведамляецца, што бізнэсмэн, якога афрыканскія СМІ называлі гандляром зброі і нават «кашальком Аляксандра Лукашэнкі», ужо пакінуў Конга і прыбыў у Зімбабвэ.
Затрыманьне Зінгмана ў Конга
Аляксандр Зінгман, грамадзянін ЗША і Беларусі, быў арыштаваны ў канцы сакавіка ў аэрапорце Лубумбашы на паўднёвым усходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і дастаўлены ў сталіцу краіны, Кіншасу. Як паведамлялі СМІ, гэта адбылося пасьля сустрэчы 54-гадовага Зінгмана, ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі, з экс-прэзыдэнтам ДРК Жозэфам Кабілам. СМІ таксама пісалі, што, паводле інфармацыі адной кангалескай крыніцы, Зінгман прапаноўваў Кабіле купіць зброю.
Пры гэтым улады Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў і Зімбабвэ нібыта аказвалі ціск на Кіншасу з мэтай вызваленьня Зінгмана, якога суправаджалі яго калега, грамадзянін Беларусі Алег Водчыц і італьянскі бізнэсовец Паола Пэрсіка, таксама затрыманыя разам зь ім.
Афрыканскія СМІ называюць Зінгмана галоўным бэнэфіцыярам кампаніі aftrade DMCC. Як сказана на яе сайце, кампанія мае офісы ў Дубаі і Беларусі і займаецца гандлем і продажам сельскагаспадарчых машын і горнага абсталяваньня. Пры гэтым менскі офіс aftrade DMCC разьмешчаны ў «Прэзыдэнт-гатэлі».
Беларускія і афрыканскія сувязі бізнэсоўца
Па дадзеных беларускіх СМІ, сямʼя Аляксандра Зінгмана кіруе фэшэнэбэльным сталічным рэстаранам Falcone. Сам бізнэсовец быў неаднойчы заўважаны на фота з кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі Віктарам Шэйманам падчас ягонай паездак у Афрыку, а таксама з афрыканскімі партнэрамі — у ходзе іх візытаў у Беларусь. Вядома, што Шэйман па даручэньні Лукашэнкі курыруе супрацоўніцтва з краінамі афрыканскага кантынэнта. У гэтай сувязі пасьля арышту Аляксандра Зінгмана былі публікацыі, што ён нібыта зьяўляецца «кашальком Аляксандра Лукашэнкі».
Хоць пакуль няма ніякіх доказаў продажу зброі Зінгманам экс-прэзыдэнту Кабіле, трэба адзначыць, што ў мінулым Беларусь пастаўляла ўзбраеньне ДРК, калі Кабіла ўзначальваў краіну, падкрэсьліў у інтэрвію DW палітычны аналітык, экспэрт па пытаньнях бясьпекі ў Афрыцы Жан-Жак Вандо. Паводле яго слоў, Зінгман вядомы як беларускі гандляр зброяй.
«Мы ведаем, што ў апошнія гады прэзыдэнцтва Кабілы існаваў ланцуг закупак зброі праз былыя савецкія рэспублікі, у прыватнасьці Беларусь, а таксама праз Сэрбію і іншыя дзяржавы, якія ўзьніклі пасьля распаду Югаславіі. І былі беларускія кампаніі, якія экспартавалі зброю. У 2018 году, напрыклад, былі пастаўленыя навучальныя самалёты для ўзброеных сілаў ДРК і іншае ўзбраеньне, а таксама іншыя самалёты СУ. Гэтая сыстэма праходзіла праз ланцужок, які быў неафіцыйным, таму што звычайна закупкі зброі павінны ісьці праз Генштаб узброеных сілаў, але ў дадзеным выпадку яны ажыцьцяўлялася вайсковым кіраўніцтвам адміністрацыі прэзыдэнта», — распавёў Вандо.
Агульнасусьветная практыка: зброя — оптам і ў розьніцу
Вызвалены з-пад варты ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга Аляксандр Зінгман — ніякі не «кашалёк Аляксандра Лукашэнкі», гэта фігура ў краіне шырока не вядомая, запэўніў у інтэрвію DW менскі ваенны экспэрт Аляксандр Алесін. І ўдакладніў, што на рынку гандлю зброяй заўсёды дзейнічае катэгорыя так званых пасярэднікаў-авантурыстаў.
«Ёсьць пэўная колькасьць бізнэсоўцаў (яны прысутнічаюць ва ўсіх краінах), якія займаюцца гандлем зброяй уразнос. Такім людзям улады прадаюць тавар оптам, а апошнія далей кліентам — ужо ў розьніцу. Робіцца гэта для таго, каб нітачку нельга было прама працягнуць да афіцыйных асобаў. Гэта сусьветная практыка», — растлумачыў Алесін. У Беларусі, упэўнены ён, таксама навучыліся так працаваць і выкарыстоўваюць ланцуг фірмаў-пракладак, каб у выніку нічога нікому нельга было прадʼявіць у судзе.
Гаворка ў падобных выпадках, працягвае экспэрт, ідзе аб пастаўках, якія немагчыма зафіксаваць са спадарожнікаў: «Гэта сапраўды ня танкі і не караблі, а тое, што можна схаваць. Напрыклад, ПЗРК, стралковая зброя, ЗП-23 — усё, што могуць прымяняць у лякальных канфліктах усякія незаконныя ўзброеныя фармаваньні».
Непразрысты зброевы бізнэс і яго кліенты
Пасьля атрыманьня незалежнасьці Беларусь заўсёды прадавала зброю, і гэты працэс зьведаў за чвэрць стагодзьдзя сурʼёзныя зьмены, кажа Алесін. «Спачатку ўсе было падобна на гандаль гішпанскіх канкістадораў з індзейскімі каралямі, сёньня гэта цалкам цывілізаваны бізнэс — у значнай ступені празрысты, але з маленькім непразрыстым сэгмэнтам, які не падкантрольны ні грамадзкасьці, ні нават ураду», — канстатуе экспэрт.
Існаваньню непразрыстага сэгмэнту бізнэсу па продажы зброі, у тым ліку і Беларусьсю, на думку Алесіна, спрыяе наяўнасьць у краінах Афрыкі ня вельмі стабільных палітычных рэжымаў, а таксама барацьба зь імі і паміж сабой розных мясцовых груповак і кланаў.
«Ім часта спрыяюць буйныя гульцы — камусьці ЗША, камусьці Расея. Цяпер адносіны дзьвюх краінаў моцна сапсаваліся, і, магчыма, Масква будзе ажыцьцяўляць такія пастаўкі адкрыта, але раней яна, без сумневу, зьвярталася да дапамогі Менску. Беларусь і раней была пад санкцыямі, рэпутацыя ў яе вядома якая, таму яна з падачы і па даручэньні Расеі выступала своеасаблівай дахам у такіх справах», — указаў Алесін.
Усіх дэталяў такіх апэрацый, як ён лічыць, мы, напэўна, не даведаемся ніколі: «Але калі ў Сырыю Расея можа пастаўляць зброю сама, то, дапусьцім, куды-небудзь у Паўднёвы Судан і ў шэраг іншых гарачых кропак у Афрыцы ёй гэта не з рукі». І тут якраз і патрэбныя вышэйзгаданыя пасярэднікі, якія працуюць у розьніцу.
Вяртаючыся да затрыманьня ў Конга Аляксандра Зінгмана, Аляксандр Алесін спаслаўся на барацьбу ўладных кланаў у гэтай краіне: «Не выключана, што адзін клан палічыў неабходным давесьці да агульнага ведама апэрацыю іншага, правесьці ператрусы і нанесьці маральную шкоду».
Нагадаем, што Жозэф Кабіла знаходзіўся на пасадзе прэзыдэнта ДРК са студзеня 2001 па студзень 2019 года. Пры гэтым паўнамоцтвы Кабілы скончыліся яшчэ ў 2016 годзе, аднак ён не сышоў з пасады, што выклікала масавыя акцыі пратэсту ў краіне, падчас якіх загінулі некалькі дзясяткаў чалавек. У жніўні 2018 года Кабіла ўсё ж заявіў, што ня будзе балятавацца на трэці тэрмін. Новыя выбары выйграў прадстаўнік апазыцыі Фэлікс Чысекедзі, у якога, як адзначаюць назіральнікі, ня самыя лепшыя адносіны з папярэднікам.