Сваякі асуджаных актывістаў дагэтуль ня ведаюць і таго, калі будуць разгледжаныя іх апэляцыйныя скаргі на прысуд.
За што пасадзілі «Армію з народам»
7 траўня ў Менскім абласным судзе скончыўся працэс над адміністратарамі і блогерамі папулярнага перад выбарамі чату «Армія з народам». Адміністратара чату Сяргея Ярашэвіча і ягоную жонку, актывістку Антаніну Канавалаву, асудзілі на 5,5 года зьняволеньня, блогеры Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў атрымалі па 4,5 года пазбаўленьня волі, а найбольшы тэрмін — 6 гадоў зьняволеньня — атрымаў актывіст «Народнай грамады», паплечнік Мікалая Статкевіча, былы музыкант Сяргей Спарыш. Усіх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, а Сяргея Спарыша яшчэ і ў пагрозах на адрас Цэнтравыбаркаму. Сяргей Спарыш — адзіны зь фігурантаў справы, каму не далі сказаць апошняе слова.
Пасьля суду Сяргей Спарыш у вызначаны тэрмін падаў апэляцыйную скаргу на прысуд. З таго часу мінуў месяц, але паседжаньне суду, які мае разгледзець скаргу актывіста, яшчэ не прызначана. У канцы траўня маці Сяргея Спарыша даведалася, што яго ўжо перавялі з «Валадаркі» ў Баранавічы.
«Этап даўся вельмі цяжка»
«Сядзіць ужо там, у Баранавіцкім СІЗА. Пра этап напісаў, што даўся вельмі цяжка. Хутчэй за ўсё, везьлі цягніком. Адвезла яму ў Баранавічы перадачу, дзякуй, што прынялі. Але калі будзе разгляд скаргі, ніхто ня ведае, не паведамляюць, і гэта непакоіць», — кажа маці палітвязьня Жанна Спарыш. Чаму яе сына не пакінулі да разгляду апэляцыі ў менскім СІЗА, ёй ніхто не патлумачыў.
«Ясна, што апэляцыя для іх — фармальнасьць. Яны ўжо думаюць, куды б яго далей закінуць», — мяркуе маці Сяргея Спарыша.
На працэсе па справе «Арміі з народам» сьледзтва даводзіла, што Сяргей Спарыш на пачатку 2020 году актыўна камунікаваў зь Мікалаем Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, вёў перапіску ў чаце «Армія з народам».
Да таго, як захапіўся палітычнай дзейнасьцю, Сяргей Спарыш навучаўся ў кансэрваторыі на кампазытара. Ён грае на некалькіх музычных інструмэнтах, а таксама захапляецца філязофіяй. Паводле Жанны Спарыш, у вязьніцы яе сын працуе над філязофскай кнігай, у якой спрабуе абагуліць досьвед грамадзкіх працэсаў, якія адбываліся ў мінулым стагодзьдзі. Маці Сяргея Спарыша зачытала ягоны ліст з Баранавіцкага СІЗА.
«Працягваю абдумваць кнігу. Спадзяюся, тут у бібліятэцы знойдзецца філязофская літаратура, бо люблю грунтавацца на іншых тэкстах, асабліва калі зь імі нязгодны. Яшчэ, магчыма, напішу нешта музычнае. Ёсьць ідэя стварыць невялікую тэатралізаваную імпрэзу з музыкай. Спадзяюся, атрымаецца цікава за кошт актуальнасьці. Але кніга важнейшая», — напісаў Сяргей Спарыш сваёй маці Жаньне Спарыш.
Паводле Жанны Спарыш, на ўмовы ў ізалятары яе сын ня скардзіцца, і ўвогуле побытавых просьбаў ад яго — мінімум.
«Гатовы да этапу»
Былы міліцыянт, фігурант справы «Арміі з народам» Сяргей Коршун застаецца сядзець у СІЗА на Валадарскага. У ліпені будзе ўжо год, як ён за кратамі. Калі адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Коршуна, ягоным сваякам таксама невядома, паведаміла сястра палітвязьня Вольга.
«Якраз сёньня прыйшоў ліст з суду, што атрымалі ягоную скаргу на пратакол працэсу. Сяргей учэпісты, да таго ж ён юрыдычна граматны. Угледзеў істотныя скажэньні сваіх паказаньняў на судзе, вось і паскардзіўся. На гэта паведамляюць, што скаргу атрымалі, але калі разгледзяць — ані слова. І пра апэляцыю таксама невядома», — кажа сястра Сяргея Коршуна Вольга.
У Вольгі ёсьць уласная вэрсія таго, чаму яе брата дагэтуль трымаюць у СІЗА на Валадарскага.
«Сядзіць ён у той жа камэры, з тымі ж людзьмі, зь якімі сядзеў да суду. Не выключаю, яго адмыслова не пераводзяць у іншае месца, каб як найменей з кім кантактаваў. Бо былы міліцыянт, а яны ня хочуць прызнаваць, што ёсьць прадстаўнікі органаў, якія перайшлі на бок народу. Таму і трымаюць на адным месцы. Праўда, піша, што рэчы сабраў, гатовы ў любы час да этапу, але пакуль — на «Валадарцы».
Паводле Вольгі, у лістах брат не паведамляў, каб яму прапаноўвалі падаваць прашэньне аб памілаваньні.
«Рыхтуецца да калёніі»
У розных вязьніцах аказалася і сямейная пара — Сяргей Ярашэвіч і Антаніна Канавалава, якіх таксама судзілі на працэсе над блогерамі «Арміі з народам». Паводле бацькі Антаніны Канавалавай Сяргея, ягоная дачка дагэтуль на «Валадарцы», а зяць ужо ў баранавіцкім СІЗА.
«Антаніна ў той жа камэры, чакае апэляцыі. Піша, што зь ёй усё нармальна. А зяць напісаў з Баранавіч, што рыхтуецца да калёніі, папрасіў даслаць пэўныя рэчы. Апэляцыя ў іх не прызначаная, ва ўсякім разе, нічога з суду не паведамляюць», — кажа Сяргей Канавалаў.
Пра пятага фігуранта справы, блогера Яўгена Прывалава, сваякам іншых фігурантаў вядома мала.
«Яўгена ўзялі пад варту ў судзе. Ён адзіны, хто быў на волі, пад падпіскай. І ягоная сястра на працэсе казала, што лепш бы яго таксама год таму затрымалі — цяпер бы менш заставалася быць у турме. З таго часу мы ня бачыліся, і нічога пра яго ня ведаю», — сказала пра Яўгена Прывалава сястра Сяргея Коршуна Вольга.