Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сядзім за тое, што раскрылі вочы». Што вядома пра фігурантаў справы «Армія з народам»


Сяргей Коршун
Сяргей Коршун

Паводле інфармацыі зь Менскага абласнога суду, 20 красавіка там пачнецца працэс па справе аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. У ёй фігуруюць 5 чалавек, зь іх чацьвёра зьвязаныя з тэлеграм-каналам «Армія з народам».

Гэта меркаваныя адміністратары каналу Сяргей Ярашэвіч і Антаніна Канавалава, а таксама блогеры Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў. Разам зь імі, паводле паведамленьня Вярхоўнага суду аб накіраваньні справы ў Менскі абласны суд, на лаве падсудных будзе і актывіст «Народнай грамады» Сяргей Спарыш. Яго вінавацяць яшчэ і ў перашкодзе працы Цэнтравыбаркаму.

«Валодае кампутарам на ўзроўні карыстальніка»

Сястра блогера тэлеграм-каналу «Армія з народам» Сяргея Коршуна Вольга заўважае, што яе брат, хутчэй за ўсё, ня ведае іншых фігурантаў справы, у тым ліку актывіста Сяргея Спарыша. «Як іх могуць судзіць разам?» — пытаецца яна.

«Брат ніколі не казаў, што кагосьці зь іх ведае ці хаця б сустракаў раней. І пра вочныя стаўкі ўжо падчас сьледзтва ў мяне няма зьвестак. Але, відаць, гэта для тых, хто даў загад пачаць справу, ня важна», — мяркуе Вольга.

Брату Вольгі Сяргею Коршуну 43 гады. Дзесяць гадоў таму ён служыў у міліцыі, у патрульна-паставой службе, звольніўся ў званьні капітана. Працаваў ахоўнікам у будаўнічай краме, а напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году паступова ўключыўся ў грамадзкую актыўнасьць, падпісаўся па тэлеграм-каналы, у тым ліку на «Армію з народам».

Паводле Вольгі, Сяргей Коршун ня мог быць адміністратарам «Арміі з народам», хіба што блогерам.

«У яго валоданьне кампутарам на ўзроўні карыстальніка. Ведаю, што раз выставілі ягоны пост пра структуру міліцыі, малюнкі да яго з інтэрнэту ўзяў — цалкам звычайная інфармацыя», — мяркуе Вольга.

У тое, што брат кагосьці рыхтаваў да беспарадкаў, жанчына рашуча ня верыць.

«Ён справядлівы да іншых, але і сам закон не парушае», — кажа Вольга. Зь яе словаў, Сяргея за ўменьне спачуваць вельмі любяць усе сваякі, і малыя, і старыя. Іх бабуля Зінаіда Мікалаеўна, якой было 96 гадоў, пайшла з жыцьця ў сьнежні, так і не дачакаўшыся выхаду любімага ўнука на волю.

«Усё прасіла нас перадаць у міліцыю, каб яе пасадзілі замест яго. Так і не дачакалася ўнука... Мы доўга ад яго хавалі гэтую вестку, у лістах у турму не паведамлялі, але ён адчуў нешта ня тое, і давялося прызнацца», — згадала Вольга.

Сяргея Коршуна затрымалі летась у ліпені, калі ён быў са сваякамі на лецішчы ў Смалявіцкім раёне. Стала вядома, што Сяргея Коршуна вінавацяць паводле 342 артыкула — аб парушэньні грамадзкага парадку. Спачатку сваякі меркавалі, што ён праходзіў па справе Сяргея Ціханоўскага, але потым даведаліся пра зьмену абвінавачаньня на 293 артыкул — аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў.

«Віны не прызнае ніякай»

Цяпер Сяргею Коршуну пагражае 8 год зьняволеньня. Сястра Вольга ведае, што вінаватым ён сябе не прызнае. Адзначае, што брат маральна гатовы вытрымаць любое зьняволеньне.

«Спачатку ў лістах заўважалі, што яму было маральна цяжка, тым больш сам былы міліцыянт. Але паступова тон лістоў зьмяніўся, стала больш аптымізму і перакананьня, што пакуты недарэмныя. Трымаецца мужна, разьвіваецца. Шмат чытае, і нават пачаў складаць вершы, чаго ніколі не было. У адным лісьце напісаў, што яны там «сядзяць за тое, што раскрылі вочы», — адзначыла Вольга.

У СІЗА на Валадарскага Вольга мела з братам Сяргеем адно спатканьне. Згадвае, што папярэдне мусіла азнаёміцца са сьпісам тэмаў, пра якія нельга будзе гаварыць.

«Пра некаторыя рэчы проста жэстамі ці мімікай давялося „размаўляць“. Зразумела гэтак, што фізычную сілу да яго нібыта не ўжывалі, у карцары дык дакладна ня быў, але стаўленьне адміністрацыі да палітычных вязьняў больш жорсткае. І ўсё роўна ні на што ня скардзіцца, здаровы, веры ў вызваленьне і перамогу не губляе», — сказала пра Сяргея Коршуна ягоная сястра Вольга.

Вядома, што затрыманьнем падпісчыкаў тэлеграм-каналу «Армія з народам» займаліся супрацоўнікі Галоўнай управы МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), якой тады кіраваў Мікалай Карпянкоў.

Як адзначала начальніца ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Вольга Чамаданава ў інтэрвію «СБ», за тэлеграм-каналам «Армія з народам» ведамства назірала з чэрвеня.

«У чаце актыўна заклікалі да сілавога ўзьдзеяньня на прадстаўнікоў МУС і ўнутраных войскаў у дзень магчымых масавых пратэстаў, збору і каардынацыі ў пэўным месцы гатовых да актыўных дзеяньняў радыкальна настроеных грамадзян. Абмяркоўваліся канкрэтныя спосабы процідзеяньня, магчымыя правакацыі ў дачыненьні да праваахоўнікаў», — казала Вольга Чамаданава.

Беларускія праваабаронцы прызналі Сяргея Коршуна і Сяргея Спарыша палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG