Мужчыну прызналі вінаватым у распальваньні нянавісьці да супрацоўнікаў парваахоўных органаў, абразе службовых асобаў і прэзыдэнта. Пацярпелымі прызнаныя маладэчанскія міліцыянты, гарадзенская супрацоўніца АМАП, а таксама публічныя пэрсоны — Аляксандар Лукашэнка, Лідзія Ярмошына, Мікалай Карпянкоў.
Працэс праходзіў 9 і 10 чэрвеня, 11-га вынесьлі прысуд. Судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка прызнаў Дзяніса Сырца вінаватым па ўсіх трох артыкулах і асудзіў да пазбаўленьня волі тэрмінам на 4 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама вырашыў спагнаць на карысьць кожнага пацярпелага, які заявіў пазоў аб маральных пакутах, па 1000 рублёў, паведамляе «Вясна».
Дзяніс Сырэц абвінавачваўся па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- 1. Частка 1 артыкулу 130 КК — распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або нянавісьці, рэабілітацыя нацызму. У крымінальнай справе цікавасьць для абвінавачваньня ўяўляла «іншая сацыяльная варожасьць», дзе вылучалася «прыкмета прыналежнасьці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў»
- 2. Артыкул 369 КК — абраза прадстаўніка ўлады
- 3. Частка 1 артыкулу 368 КК — публічная абраза прэзыдэнта Беларусі.
Па артыкуле 368 КК Дзяніс Сырэц віны не прызнаў, па артыкулах 130 і 369 КК — часткова. Ён пагадзіўся, што разьмяшчаў камэнтары, аднак яны не былі адрасаваныя пацярпелым.
У Дзяніса Сырца дзьве дачкі 15-ці і 4 гадоў. Як расказала жонка асуджанага, малодшая дачка думае, што тата ў камандзіроўцы.