Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект «Абдзіраловіч». Як штучны інтэлект мабілізаваў беларускіх інтэлектуалаў


Ігар Бабкоў і Валянцін Акудовіч
Ігар Бабкоў і Валянцін Акудовіч

Беларускія інтэлектуалы хочуць вырваць краіну з правінцыяналізму і павярхоўнасьці, а таксама вярнуць сур’ёзнасьць і мысьленьне ў грамадзкую дыскусію, замест лайкаў і коцікаў. Пазнаць гэтую групу можна па кодавым слове «Абдзіраловіч».

У канцы верасьня пад такой назвай у Менску адбыўся фэстываль ідэй, а ў сеціве пад такой назвай днямі запрацаваў онлайн-часопіс. І гэта толькі пачатак, кажа адзін з ініцыятараў варушэньня філёзаф Ігар Бабкоў.

Хто такі Абдзіраловіч

Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі, 1896-1923) — беларускі філёзаф, паэт і публіцыст зь Вільні. Яго найважнейшым творам лічыцца эсэ «Адвечным шляхам», у якім ён сфармуляваў для беларусаў задачы і праблемы цывілізацыйнага выбару і далейшага разьвіцьця. Пражыў усяго 27 гадоў.

У эсэ «Адвечным шляхам» Абдзіраловіч напісаў:

  • Ваганьне паміж Усходам і Захадам і шчырая непрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога, зьяўляецца асноўнай адзнакаю гісторыі Беларусі
  • Беларусі патрэбны адметны ўласны шлях разьвіцьця, уласная культура
  • Разам зь беларушчынай мы страчваем і лепшчую частку чалавечнасьці
  • Правадыр і сьветач беларусаў — Скарына, які хацеў лячыць беларускі народ «праменьнямі духовай асьветы»
  • Каб запэўніць нашаму народу вольную творчасьць ва ўсіх галінах жыцьця — трэба стварыць свае беларускія формы жыцьця
  • Нельга ператварыць нашае Адраджэньне ў гвалт і енк, ні для сябе, ні для іншых
  • Не павінна быць беларускага мэсыянізму
  • Сапраўднай падставай жыцьця можа быць толькі творчасьць на кожным кроку: у штодзённай працы, у сям’і, у грамадзкім руху
  • Мы дэмаралізаваныя прымусам. З учорашняга раба выходзіць найлепшы рабаўладца. Галоўнае нашае жаданьне — быць вольнымі. У гэтым нашая надзея
  • І на ўсходзе і на захадзе — шукайце
Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў

«Мысьлярам, літаратарам, паэтам, няма месца»

— Адбываецца варушэньне вакол «Беларускага калегіюму», вы пачалі сур’ёзна піярыць праект «Абдзіраловіч». І сайт, і сустрэчы пад гэта назвай. А што гэта, насамрэч, такое?

— Мне і самому цікава, што адбываецца. У мяне ёсьць тры тлумачэньні: кансьпіралягічнае, палітэканамічнае і паспаліта-філясофскае. Зь якога пачаць?

— Пачынайце з кансьпірялагічнага. Яно найбольш таямнічае і імгненна затрымае ўвагу чытача на нашай гутарцы.

— Пару гадоў таму ў Менску ўтварылася новая масонская лёжа зь вялікім магістрам Акудовічам.

— Даруйце, але магістрам масонскай лёжы зьяўляецца Сяргей Дубавец.

— Дубавец вялікі магістар іншай масонскай лёжы, вялікай і сур’ёзнай. А гэтая масонская лёжа называецца «Абдзіраловіч», яна выбрала вялікага магістра, якога «няма» і пачала сваю падрыўную дзейнасьць. І цяпер мы назіраем вынікі гэтай дзейнасьці.

Цяпер наконт палітэканамічнай вэрсіі. Нейкі час таму я заўважыў, што маіх сяброў, а гэта пераважна інтэлектуалы, татальна пачалі звальняць зь іхных працаў. Ім не казалі, што ў вас, маўляў, няма кваліфікацыі і таму мы вас выкідаем. Ім наадварот казалі, што ў вас, маўляў, вельмі моцнае мысьленьне, народ вас не зразумее, бо нам патрэбныя лайкі, колькасныя паказьнікі. Я б назваў гэтую падзею контррэвалюцыяй мэнэджэраў. Яна зьвязаная з канцом нэалібэральнай эпохі, калі ўсе гэтыя героі, якія стаяць каля стырна, зразумелі, што «Тытанік» ідзе на дно і шлюпак на ўсіх ня хопіць. А першыя, каго можна беспакарана выкінуць за борт гэта, канешне, інтэлектуалы, унівэрсытэцкая прафэсура, усе гэтыя разумныя, пра каго ніхто ня будзе асабліва шкадаваць. Іх працу, маўляў, зробяць альгарытмы або штучны інтэлект. Мысьлярам, літаратарам, паэтам, няма месца.

Набор у «Беларускі Калегіюм»

Трэцяя вэрсія філязофская, яна самая аптымістычная і яна зьвязаная з Абдзіраловічам. Абдзіраловіч — гэта «нябесны апякун» беларускага мысьленьня. Ён увесь час заставаўся прысутным, але ў той жа час непрачытаным і няўбачаным, ён чакаў сваёй эпохі. Нарэшце надышла эпоха Абдзіраловіча, калі ўсе тыя рэчы, пра якія ён пісаў і казаў, разгортваюцца на нашых вачах. Мы ўсё будзем рабіць самі, цяпер часы краўдфандынгу, розных плятформаў, лякальных дзеяньняў. Усё гэта вельмі цікава. Прастора палітычных дзеяньняў памерла, вялікая палітыка засталася ў мінулым. Прыйшоў час мікрапалітыкаў, калі прастора зьмяняецца не франтальнымі наступамі, а гатаваньнямі асобных месцаў. Мы назіраем працэс паўставаньня свайго месца ў беларускай філязофіі і беларускіх мысьляроў. І гэтае месца — «Абдзіраловіч», «Беларускі калегіюм».

«За апошнія 15 гадоў адбылася рэправінцыялізацыя Беларусі»

— Усё, пра што вы кажаце, ужо было. У 90-я вы самі выдавалі часопіс «Фрагмэнты», перакладаліся замежныя інтэлектуалы, усё віравала. Але потым усё заглохла.

— У 1990-я гады беларускія праекты дэправінцыялізавалі краіну. Калі я гляджу, што абмяркоўвалася ў «Фрагмэнтах», у розных газэтах і часопісах, мы ішлі крок у крок з нашымі суседзямі, з Эўропай і сьветам. Але 2-3 гады таму мы сабраліся і раптам зразумелі, што за апошнія 10-15 гадоў былі ліквідаваныя ўсе набыткі, якія з канца 90-ых здаваліся стабільнай часткай ляндшафту. Тое, што адбылося за апошнія 15 гадоў, гэта рэправінцыялізацыя Беларусі.

— А хто за гэта адказны?

— Гэта ніяк не зьвязана з «крывавым рэжымам». Гэта зьвязана з тым, што Беларусь нарэшце стала часткай глябальнай сыстэмы посткамунізму і Эўропы. Але месца, якое нам было адведзенае, гэта месца правінцыі і чорнай дзіркі, а ў чорных дзірках не бывае цікавых плятформаў, добрых унівэрсытэтаў і інтэлектуалаў. Нас, беларусаў, «нармалізавалі». Адбылася татальная ліквідацыя. Няма дзе надрукаваць тэкст, няма з кім пагаварыць. Калі мы сядзелі і пілі каву з Максімам Жбанковым, то ён са зьдзіўленьнем кажа: — Слухай, а ты памятаеш хаця б адзін тэкст за апошнія 10 год, які быў бы глыбокі, цікавы і выклікаў бы нейкае абмеркаваньне. Толькі танцы бурбалак, якія расказваюць, колькі стыпэндыяў яны атрымалі і якія яны важныя, колькі прададзена асобнікаў. Гэта міла, я стаўлюся да іх зь любоўю. А нам ужо за 50, нам ня трэба нічога даводзіць і расказваць, што мы зьбіраемся рабіць. Мы ня згодныя з лёгікай правінцыялізацыяй краіны. Не дзеля таго мы ў 90-я засноўвалі пляцоўкі, каб цяпер назіраць усе гэтыя рэчы. І з такой лёгікай ня згодныя і 20-гадовыя і 30-гадовыя.

Аўтар лога: Артур Вакараў

— А што тады сталася з грамадзтвам, на вашу думку, што цяжэй зацікавіць людзей больш глыбокім тэкстам ці гутаркай?

— Я б, магчыма іранічна, усклаў бы адказнасьць на вас. І асабіста, і на ўсіх тых людзей, якія ўсе гэтыя гады хадзілі і расказвалі, што людзям гэта не цікава. Насамрэч, людзям і цікава, і не цікава. Большасьць людзей заўсёды спрабуюць улавіць з паветра, што адбываецца. І калі яны чуюць, што людзям гэта не цікава, то ім і не цікава. Калі яны чуюць, што гэта важна, то яны разумеюць, што так, магчыма я нешта не дачытваю, але я хаця б разумею, што гэта важна. Мы сёньня дажылі да стану, калі прыбіральшчык у Інстытутах філязофіі і эканомікі АН Беларусі зарабляе больш, чым вядучы навуковы супрацоўнік. Гэта стан нашай сёньняшняй сацыяльнасьці, а не асабістыя праблемы людзей. Герархія каштоўнасьцяў і важнасьцяў. Сёньня мы маем плён трыюмфалізму нэалібэральнай эпохі, якая вырашыла, што людзям цікава і не цікава.

Ігнат Абдзіраловіч з «Адвечным шляхам» гэта абсалютна містычнае і магічнае зьяўленьне аднаго з тых сьвяцільнікаў, за якімі варта ісьці. За апошнія 100 гадоў гэты тэкст чыталі, але не рабілі чымсьці важным, амаль не было каму ісьці за ім. Гэта наша агульная віна — і інтэлектуалаў, і палітыкаў, і журналістаў. Абдзіраловіч — гэта агеньчык, які мае стаяць на самым бачным месцы.

«Нашыя мэдыяпляцоўкі перапоўненыя танцамі ля-ля-ля ні пра што»

— Як вы хочаце данесьці да карыстальніка сацсетак, які ставіць сабе на профіль рускі шансон ці поп, здымкі аголеных дзяўчат і пісталеты з машынамі, што гэта ўсё важнае, тое, пра што вы кажаце?

— Першае, што трэба рабіць — ня трэба крыўдзіць і крыўдзіцца. Ня трэба злавацца на эпоху і рэальнасьць. Усе гэтыя старонкі Вконтакте, уся гэтая тканіна жыцьця, яна мае сэнс таму, што яна ёсьць, сваім уласным быцьцём, якое недастатковае. Уявіце Сакрата, які выходзіць на няшчасны атэнскі кірмаш і пачынае размаўляць з прадаўцамі. Філязофія і ўся гэтая велічная традыцыя пачалася з таго, што Сакрат пачынае тлумачыць людзям, што яны чагосьці ня ведаюць. Яны хочуць валодаць жыцьцём, рэчамі, а жыцьцё сканчаецца сьмерцю і нічога ў руках утрымаць немагчыма. Яны не разумеюць сэнсу свайго жыцьця. Ім толькі здаецца, што яны жывуць. Насамрэч, яны існуюць як зомбі. Гэта загадка фэномэну жыцьця. Мы не разумеем, што мы тут робім. Гэта фантастычна цікавыя і прыгожыя пытаньні, якія варта задаваць і калі прайсьці міма гэтых тайнаў і загадак, то жыцьцё можа пражыта і цікава, і прыгожа, але крышачку несьвядома.

— Людзі цяпер чытаюць навіны ў Твітэры, камунікуюць у Фэйсбуку, лайкаюць здымкі ў Інстаграме. Прачытаць даўжэзны тэкст — гэта катаваньне для сучаснага чалавека. А вы ствараеце пляцоўку для мысьляроў. Навошта?

— Тое, што вы сказалі — гэта лёгіка цынічнай мэдыякратыі, якая і прафукала краіну, цывілізацыю і Эўропу. Калі мы кажам пра стан татальнага эўрапейскага крызысу з аўтакратыямі, новымі папулізмамі, то гэта і ёсьць вынік працы гэтай цынічнай мэдыякратыі, якая атрымала ў лоб за тое, што яна, аказваецца, ведае, што трэба людзям і якая выключыла і аб’ектывізавала ўсіх астатніх як непатрэбных. Праблема ня ў тым, што тое, што мы робім, нікому не патрэбнае і маргінальнае. Акурат тое, што мы робім, гэта абсалютны мэйнстрым — гэта вяртаньне сур’ёзнасьці і мысьленьня. Вяртаньня ня танцаў, ля-ля-ля ні пра што, якімі напоўненыя ўсе нашыя мэдыяпляцоўкі, а вяртаньня тых словаў, за якія аўтары адчуваюць адказнасьць і за якія аўтар гатовы плаціць сваім жыцьцём.

— Гэта пляцоўка думаньня менавіта пра Беларусь, ці пра ўвесь сьвет?

— Гэта беларускае мысьленьне. Яно можа думаць і пра Эўропу, і пра Плятона, і пра Кітай ці беларускую ідэнтычнасьць. Але пры гэтым яно беспамылкова апазнаецца як беларускае. Не таму, што гэта беларуская мова, а таму, што ёсьць суб’ектнасьць, адразу робіцца ясна адкуль паўстае гэты голас, адкуль паўстае запытаньне і што гэта тутэйшае запытаньне. Увесь сьвет мусіць адкрывацца для нас і для нашага мысьленьня. Сьвет стаў страшна маленькім, цяпер усё побач з намі. І таму мы ня можам абмяжоўваць сябе геаграфіяй альбо культурай ці палітыкай. Беларускае мысьленьне — гэта ня мысьленьне пра Беларусь, а мысьленьне з пэрспэктывы тутэйшай суб’ектнасьці, якая прыдумвае і вызначае сябе, якая ёсьць сваім уласным праектам. Якая творыць на нашых вачах алхімію станаўленьня беларускай культуры і беларускай самасьці.

— Як тэхнічна вы зьбіраецеся ўсё гэта рабіць?

— Мы не спрабуем усё прадугледзець і неяк расплянаваць. Мы спрабуем паказаць узор і прыклад. Так могуць рабіць усе. Вы не абавязаныя пагаджацца з лёгікай пэрыфэрыйнасьці і правінцыйнасьці, што мы ня можам сабе дазволіць уласнае мысьленьне і адзінае, што нам дазволена, гэта схадзіць на прывазных інтэлектуалаў Алексіевіч. Фарматы таксама самыя розныя. Гэта і акадэмічныя тэксты, якія існуюць па-за афіцыйнымі выданьнямі. Гэта відэафарматы, мы плянуем разьмяшчаць рэцэнзіі і дыскусіі. Гэта вельмі хуткія і апэратыўныя партызанскія інтэрвэнцыі мысьленьня ў прасторы культуры, літаратуры, палітыкі і сацыяльных рэчаў.

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў

«У кожным пакаленьні беларусаў знаходзіцца клюб мысьляроў, для якіх важна думаць, пісаць і ставіць пытаньні»

— Усё часьцей кажуць, што мазгі хутка заменіць штучны інтэлект. Вы, дарэчы, як беларускі інтэлектуал, не баіцеся гэтага?

— Гэта вельмі цікавая тэма і пытаньне, але абмяркоўваецца яно ня так, як належыць. Асноўнае пытаньне зьвязанае ня з тым, што штучны інтэлект кагосьці заменіць. Праца чалавечага розуму была зьвязаная з тым, што мы прапаноўвалі пэўнае разуменьне і прычыны сытуацыі. Сацыялёгія і эканоміка гавораць пра тое, што ёсьць прычыны сёньняшняй сытуацыі, і мы мусім разумець, што адбываецца.

Штучны інтэлект не адказвае на пытаньні, ані пра прычыны, ані чаму так адбываецца. Ён не дае нам разуменьня. Максымум, што ён можа даць, гэта прагноз на падставе аналізу дадзеных, што зь вялікай доляй верагоднасьці нашая сытуацыя будзе ісьці ў тым і тым накірунку. Мы можам усе гэтыя прагнозы, умоўна кажучы, здаць у канцэсію карпарацыям і сказаць, што толькі Google і Facebook маюць гэтыя дадзеныя і адпаведна скарыстоўваюць іх, каб прадаць больш, для максымізацыі прыбытку. Гэта заганная лёгіка, бо гэтыя верагодныя будучыні нам патрэбныя дзеля таго, каб альбо ўзмацняць тэндэнцыі або супраціўляцца тэндэнцыям.

У аснове чалавецтва свабодная воля, якая выяўляецца, і штучныя альгарытмы, па-сутнасьці, проста нешта лічаць. Яны могуць быць сябрамі чалавецтва, а могуць служыць толькі Google, Фэйсбуку і г. д.

— Вы самі не баіцеся яго?

— Сама пастаноўка пытаньня такая наіўная, што хочацца проста пайсьці і заплакаць.

— Але перад гэтым усё ж адкажыце.

— Вы ўжо частка машыны. Нашая размова ня проста размова двух тыпаў мысьленьня і суб’ектнасьцяў, а перамовы двух лягераў — інтэлектуальных партызанаў і мэдыякратыі, нэалібэральнай машыны. Але тое, што мы спрабуем зразумець адзін аднаго, гэта насамрэч вельмі аптымістычна. Няма ніякай зададзенай варожасьці, а ёсьць няздольнасьць ствараць новую ліючуюся форму, якая б зьмянялася і была супольнай для ўсіх.

— Хто сёньня новыя мэтры інтэлектуальнага руху Беларусі?

— Я мог бы назваць дзясяткі інтэлектуалаў і сярэдняга веку, і зусім маладых. Яны ня ёсьць камандай, кожны існуе паасобку, са сваім разуменьнем, у розных краінах. Беларуская моладзь разьехалася, працуе ў ЗША, Празе, Польшчы, Літве і Ўкраіне, дзе заўгодна.

Пытаньне ня ў тым, што мы запускаем нейкі праект па моладзі. Мы проста выстаўляем гэтую магчымасьць, агеньчык, прастору беларускага мысьленьня і запрашаем да саўдзелу. І Андрэй Дудко, і Андрэй Строцаў, Іван Жыгал адгукнуліся. Але адгукнуліся яшчэ дзясяткі людзей, тэксты якіх будуць зьяўляцца на «Абдзіраловічы». Гэта, магчыма, самае аптымістычнае і самае прыемнае ў беларускай сытуацыі, што ў кожным пакаленьні знаходзіцца клюб мысьляроў, для якіх важна думаць, пісаць і ставіць пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG