Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў Беларусі выступіла за адмену падатковых ільготаў, бо ў бюджэце бракуе грошай


Намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко, архіўнае фота
Намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко, архіўнае фота

З улікам рызык для выкананьня бюджэту неабходна скасаваць шэраг падатковых ільготаў, заявіў першы намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко ў ведамасным часопісе «Фінансы, улік, аўдыт».

Па словах чыноўніка, якія цытуе БелаПАН, дадатковыя выдаткі на ахову здароўя, выкліканыя каранавірусам, ствараюць рызыкі для выкананьня бюджэту.

У гэтых абставінах, адзначыў Дзьмітры Кійко, Міністэрства фінансаў імкнецца забясьпечыць збалянсаванасьць бюджэтаў усіх узроўняў. У якасьці асноўнага вонкавага фактару, які стварае новыя выклікі, ён назваў уплыў рэалізаванага ў Расеі падатковага манэўру ў нафтавай сфэры.

«З улікам цяперашняга становішча дзяржаве неабходна пайсьці на ўпарадкаваньне шматлікіх падатковых рэжымаў шляхам трансфармацыі ў адзіную сыстэму падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасьці, у тым ліку яе замацаваньнем у Падатковым кодэксе», — адзначыў намесьнік міністра.

Акрамя таго, ён піша, што цяпер насьпела пашырэньне падатковай базы за кошт адмены льготаў. Паводле БелаПАН, памер падатковых ільготаў у 2020 годзе ўлады ацэньвалі ў 5% ВУП.

«Галоўная мэта — ліквідаваць прэфэрэнцыі для абраных, стварыўшы камфортныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня, якія выключаюць падаткаабкладаньне інвэстыцый і забясьпечваюць паступленьне ў бюджэт толькі з рэальна атрыманых даходаў», — падкрэсьліў Дзьмітры Кійко.

Ён таксама адзначыў, што ягонае ведамства плянуе пашырыць удзел малога і сярэдняга бізнэсу ў даходах бюджэту.

У 2021 годзе дзяржаўны бюджэт Беларусі выконваецца з дэфіцытам. Па выніках студзеня–красавіка выдаткі перавысілі даходы амаль на 750 млн рублёў.

Першапачаткова бюджэт на 2021 год быў сфармаваны з дэфіцытам 4 млрд рублёў. Аднак цяпер яго велічыня ацэньваецца Міністэрствам фінансаў у 6 млрд рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG