Летась Палата прадстаўнікоў зацьвярджала бюджэт на 2021 год з дэфіцытам у 4 мільярды рублёў. Цяпер гэты паказьнік складае ўжо 6 мільярдаў у прагнозах на гэты год.
Выдаткі на агульнадзяржаўную дзейнасьць вырасьлі найбольш
Адзін з найбольшых пунктаў у расходах бюджэту — «агульнадзяржаўная дзейнасьць».
Калі ў студзені на гэта плянавалі патраціць 14,9 мільярда рублёў за год, то ў красавіку ўдакладнілі, што выйдзе больш — 15,3 мільярда рублёў. Гэта амаль палова ўсіх выдаткаў бюджэту, вынікае з дадзеных Мінфіну.
Выдаткі на іншыя сфэры вырасьлі нязначна. Затраты на нацыянальную эканоміку ў студзені на ўвесь год плянаваліся ў памеры 3,7 мільярда рублёў. У красавіку разьлікі скарэктавалі — выйшла 3,9 мільярда рублёў (плюс 180 мільёнаў).
Выдаткі на сацыяльную сфэру вырасьлі толькі на 10 мільёнаў рублёў. Калі ў студзені за ўвесь год на гэта плянавалі патраціць 5,532 мільярда рублёў, то ў красавіку суму скарэктавалі да 5,542 мільярда рублёў.
Ці вырасьлі даходы?
Асноўныя крыніцы даходу:
- Падаткі на прыбытак
- Падатак на даданую вартасьць (ПДВ)
- Акцызы
- Даходы ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.
Падатак на прыбытак са студзеня па красавік не зьмяніўся, за год плянуюць атрымаць зь яго ў бюджэт 983 мільёны рублёў. Вырасьлі даходы ад падатку на даданую вартасьць (гэта падатак, якім абкладаюцца тавары).
Калі ў студзені даходы ад падатку на даданую вартасьць плянавалі ў 10,42 мільярда рублёў за год, то ў красавіку — 10,48 мільярда. То бок плюс 58 мільёнаў рублёў.
Таксама на год плянуюць рост даходаў ад акцызаў: калі ў студзені даход у бюджэт на ўвесь год ад іх плянавалі ў 2,9 мільярда рублёў, то ў красавіку — 3,1 мільярда рублёў. Гэта плюс 200 мільёнаў рублёў.
Даходы ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці не зьмяніліся — 4 мільярды рублёў.
А што было ў мінулыя гады?
Калі пагартаць справаздачнасьць па бюджэце мінулага году, то летась ягоны дэфіцыт са студзеня па красавік, наадварот, зьменшыўся: з 987 мільёнаў рублёў у студзені — да 931 у красавіку (па плянах на год).
Выдаткі на агульнадзяржаўную дзейнасьць за гэты прамежак часу таксама зьніжаліся: з 12,6 мільярда рублёў у студзені да 12,5 мільярда па ўдакладненых дадзеных на красавік мінулага году.
«Дэфіцыт можа яшчэ павялічыцца з прычыны санкцый»
Гэта самы буйны дэфіцыт бюджэту за апошнія некалькі гадоў. Але ён ня ўлічвае нядаўна ўведзеных амэрыканскіх санкцый і будучых санкцый Эўразьвязу, мяркуе фінансавы аналітык «Альпары. Эўразія» Вадзім Іосуб.
«Калі павялічвалі ліміты дэфіцыту, яшчэ не было вядома пра санкцыі супраць нафтахімічнага комплексу з боку ЗША, не чакалі іншых пакетаў санкцый ад Эўразьвязу. З улікам апошніх санкцый ліміт дэфіцыту прыйдзецца ўздымаць яшчэ», — лічыць экспэрт.
На ягоную думку, дэфіцыт бюджэту можна пакрыць за кошт:
- Выкарыстаньня ранейшых грашовых запасаў
- Пазыкаў (з гэтым цяпер складана)
- Павелічэньня даходаў і зьніжэньня расходаў (такія спосабы не прадугледжваюцца)
- Павелічэньня стаўкі падаткаў (ня факт, што гэта дапаможа павялічыць паступленьні ў бюджэт)
«Заўжды застаецца тэарэтычны варыянт — уключыць друкарскі станок, каб пакрыць дэфіцыт. Гэты варыянт дрэнны для эканомікі, бо прывядзе да росту інфляцыі і падзеньня курса нацыянальнай валюты», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.