Ірэна Бярнацкая — адна зь пяці фігурантак «польскай справы». Апрача яе, справа аб «распальваньні нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыі нацызму» датычыць старшыні СПБ Анжалікі Борыс, кіраўніцы аддзяленьня ў Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, сябра галоўнай рады і журналіста Анджэя Пачобута і старшыні Форуму польскіх мясцовых ініцыятываў у Берасьці Ганны Панішавай.
«Прыбіралася на могілках, ставіла там кветкі, малілася. Яны лічаць гэта распальваньнем варожасьці»
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі Бярнацкую ў Лідзе 25 сакавіка. Дома ў яе правялі ператрус, забралі тэхніку, нататнікі. Пасьля запрасілі на размову, якая мелася працягвацца «некалькі хвілін».
«Я ўжо да гэтага была на „сутках“, і ў мяне заўсёды была падрыхтаваная торба. Забрала торбу, бо думала, што могуць ізноў пасадзіць на 15 сутак. Па дарозе на тую размову яны заехалі да мяне ў школу, таксама зрабілі ператрус. Выбачаліся і кажуць: „Тут мы ўжо пагаварылі, а цяпер паедзем з вамі ў Менск“. Я зразумела, што гэта ўжо будзе надоўга».
Бярнацкую давезьлі да Валожына, там перасадзілі ў аўтамабіль менскага ГУБАЗіКу і даставілі ў Сьледчы камітэт.
«Але ніякіх паказаньняў я не давала, бо кепска сябе адчувала. Мяне адправілі на Акрэсьціна. Ні матрацаў, як там кажуць, „ваты“, нічога не далі. Але ў камэры былі файныя дзяўчаты, яны дапамаглі, я трошкі прылягла. Пасьля 72 гадзінаў я думала, што, можа, адпусьцяць дахаты. Але прыйшоў сьледчы і даў падпісаць паперу аб тым, што я ўжо зьяўляюся падазраванай. І што на 2 месяцы адпраўляюць пад арышт».
Паводле пракуратуры, Бярнацкая і іншыя фігуранты «польскай справы» нібыта праводзілі незаконныя мерапрыемствы з удзелам непаўналетніх у Горадні і вобласьці з 2018 году: ушаноўвалі антысавецкіх дзеячаў, «дабіваліся мэты рэабілітацыі нацызму, апраўданьня генацыду беларускага народу» (частка 3 артыкулу 130 КК). Санкцыя крымінальнага артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
«Калі яны мне задавалі пытаньні па тых артыкулах, якія мне інкрымінаваліся, то я не разумела, пра што яны гавораць. Я займалася ўсім тым, чым займаліся мае бацькі, продкі. Прыбіралася на могілках, ведала каталіцкія сьвяты, хадзіла ставіла там кветкі, адпраўляла імшы за людзей, за хворых, за інвалідаў. А яны лічаць гэта распальваньнем варожасьці. Пыталіся і пра „выклятых жаўнераў“. Я і цяпер скажу сваю думку: кожны чалавек, выкляты ці ня выкляты, яго ўжо няма, і мы мусім шанаваць кожнага. Так вучыць нас Касьцёл. Хто забіваў — дрэнна рабіў. Цяпер забіваюць — дрэнна робяць. Хто ўмее любіць — добра робіць. Я маці траіх дзяцей, мірны чалавек, я кожнага паважаю і хачу, каб людзі жылі ў згодзе. Пабыўшы ў турме, я скажу вам такую выснову: мы мала любім адно аднаго. А калі пачнём любіць, то гэтага ня будзе: ня будзе турмаў і столькі пакалечаных людзей».
Яшчэ летась, у кастрычніку, суд Лідзкага раёну прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве 1 верасьня. Ірэна Бярнацкая разам з паплечнікамі ад 12 жніўня малілася на ружанцы каля Фарнага касьцёла ў Лідзе за Беларусь. Вернікі станавіліся на калені каля крыжа і праводзілі набажэнства.
«Кожны дзень дзякавала Пану Богу, што на Валадарцы я з такімі людзьмі»
З Акрэсьціна Бярнацкую перавялі ў СІЗА N1, так званую Валадарку, у камэру на 8 чалавек. Там яна пазнаёмілася зь фігуранткамі «справы студэнтаў» і іншымі маладымі палітзьняволенымі.
«Там былі файныя дзяўчаты. Былі сёстры Вікторыя і Стаська Міронцавы. Была Ірына Шчасная. Я кожны дзень дзякавала Пану Богу, што я з такімі людзьмі. Гэта людзі зь вялікай літары. Я там патрэбная была як маці. Я ніколі не сядзела ў турмах, але для мяне гэта быў гонар і павага ад Бога, што я магла прытуліць гэтых дзяўчатак, што я магла, як матка, іх супакоіць. Яны ж маладыя. Але такія моцныя. Яны там так трымаюцца, што я яшчэ мусіла вучыцца ад гэтых дзяцей. Цяжка, але адна адну падтрымліваюць. Кожны чалавек дасьць рады, калі мае мэту».
6 траўня фігурантак «польскай справы» забралі ў Сьледчы камітэт. Там на сустрэчы прысутнічаў польскі консул, які распытваў, як жанчыны сябе адчуваюць і ці пагадзіліся б яны пакінуць краіну, калі б была магчымасьць выехаць.
«Мы тут нарадзіліся, гэта наша зямля, ня хочацца нікуды ехаць. Але быў такі адказ: як скажуць. Мы не палітыкі, мы ня ведаем, але калі трэба будзе так зрабіць, то трэба. Але мы хочам жыць на сваёй зямлі, дзе нашыя хаты. Так тая сустрэча і скончылася. Нас вярнулі ў СІЗА і недзе праз два дні далі нам падпісаць паперу, што тэрмін арышту падаўжаецца яшчэ на тры месяцы. Ясна, што ўнутры ўсё сьціскаецца. Але што рабіць, сядзім, няма выйсьця».
Праз пару дзён Бярнацкай паведамілі, што яе пераводзяць у Жодзіна. 17 траўня адбыўся этап.
«Дзякуй Пану Богу, што я пабыла на ўзроўні тых людзей, на якіх я, магчыма, ніколі не зьвяртала ўвагі, што я змагла прайсьці гэты этап, што пабачыла вялізную колькасьць сабак, якія гаўкалі на мяне, гэтыя аўтазакі, „стакан“. Я пабачыла, што такое „сталыпін“. У Жодзіне турма страшная і ўмовы страшныя».
«Яны пераапрануліся ў форму памежнікаў і перавялі на польскі бок бяз пашпарта»
25 траўня міналі першыя два месяцы пад арыштам. Ранкам жанчыне перадалі лісты, і калі яна пачала іх чытаць, то пачула каманду: «Бярнацкая, з рэчамі на выхад». Правялі вобшук каля сьцяны, затым з рэчамі павялі на паверх ніжэй, дзе далучылі Марыну Цішкоўскую.
«Там пачалі аглядаць, пасадзілі ў „стакан“, потым па адным чалавеку запрашалі на размову. Там быў мужчына ў масцы, як я разумею, супрацоўнік КДБ. І ён сказаў, што ад сёньняшняга дня вы будзеце дома, але заўтра мусіце прыйсьці ў Лідзкі РАУС і стаць на ўлік. Сьледзтва ідзе далей, але вы будзеце прыходзіць у СК у Лідзе. Я пагадзілася, але даведку мне тую не далі, аддалі таму кадэбэшніку. Ехалі, ехалі, ехалі, але да Менску мы не даехалі. Я пытаюся: „Куды вы мяне везяце?“ Адказваюць: „Зараз вы ўбачыце“. Я кажу: „Машына без нумароў, чаму вы ў масках?“ Трохі закаціла там гістэрыку, бо думала, што можа ў лес вязуць страляць. Калі ў лес, кажу, то мне трэба памаліцца і каб далёка ня везьлі. Але Ліду мы праехалі і паехалі да Горадні, і я зразумела, што вязуць на мяжу. Пашпарта ў мяне не было. Прывезьлі на мяжу, я выйшла, зь іншых бусаў выйшлі Цішкоўская і Панішава. Мужчыны, якія былі ў цывільным убраньні, пераапрануліся ў памежную форму, яшчэ нейкія людзі далучыліся. І так яны нас перавялі на польскі бок. Бяз пашпарта, безь нічога кінулі туды».
Інфармацыя аб прыезьдзе беларускіх полек у Польшчу першы тыдзень не афішавалася. Бярнацкая кажа, што прычынай быў у тым ліку і псыхалягічны стан жанчын, які не стабілізаваўся дагэтуль.
«Польшча таксама мая айчына, але хочацца быць у сваёй хаце»
Ніякіх дакумэнтаў, апрача паперы, што яе пераводзяць пад хатні арышт, Бярнацкая не падпісвала. Ніякіх просьбаў аб памілаваньні не было. Пра тое, што ў вызваленьні беларускіх полек нібыта дапамог Нурсултан Назарбаеў, жанчына нічога ня чула.
На пытаньне, чаму, на думку Бярнацкай, уладзе спатрэбілася «справа палякаў» і чаму фігуранткай гэтай справы стала яна, жанчына адказала:
«У Лідзе, адкуль я, шмат палякаў. Мы любім Беларусь, любім беларусаў, і мы гэтага ня ўтойвалі, падтрымлівалі. У маім выпадку гэта менавіта таму. Гэта вельмі дзіўна, але такі цяпер час для Беларусі. Я скажу адно: там, дзе твая хата, там твой лёс і там ты патрэбны. Там мае продкі, бабулі, дзядулі. Там мая мама. Польшча таксама мая айчына, але хочацца быць у сваёй хаце, я будавала яе, каб жыць там, каб дзеці і ўнукі прыходзілі да мяне».
Гэты месяц Ірэна Бярнацкая зьбіраецца аднаўляць здароўе пасьля двух месяцаў у турме, а пасьля будзе плянаваць, як жыць і чым займацца далей. Яшчэ двое абвінавачаных у «польскай справе», Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут, дагэтуль застаюцца ў СІЗА.