7 чэрвеня літоўскія памежнікі затрымалі тры групы мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна ўехаць зь Беларусі, агулам каля двух дзясяткаў чалавек. Гэта грамадзяне Іраку і Шры-Ланкі.
Восем іракцаў затрымалі каля вёскі Мелешкес Ігналінскага раёну каля мяжы зь Беларусьсю. У іх не было шэнгенскай візы, яны прасілі прыстанішча ў Літве. Другая група іх суайчыньнікаў прарывалася на захад ля вёскі Гірджунай Шальчынінкайскага раёну.
Каля вёскі Збонішкес Швянчонскага раёну памежнікі затрымалі чатырох чалавек, якія незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі. Усе яны грамадзяне Шры-Ланкі і падалі заявы аб прыстанішчы ў Літве.
Інфармацыя па ўсіх затрыманых накіраваная ў Дэпартамэнт міграцыі, які апрацоўвае падобныя заявы.
Як паведамляе агенцтва Delfi, праз надзвычайную актыўнасьць на мяжу прыяжджалі чальцы парлямэнцкага Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны. Яны канстатавалі, што сытуацыя зьмяняецца не па днях, а па гадзінах: толькі цягам мінулых выходных спынілі яшчэ тры групы нелегалаў, а гэта звыш 30 чалавек.
Як адзначыў кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў, цяпер на беларускім кірунку працуе ўдвая больш памежнікаў, чым звычайна.
«Ёсьць фармальныя каналы зносін, але яны не працуюць. Мы перадаём інфармацыю беларускім калегам, тыя не адказваюць, не прыяжджаюць на месца нелегальнага перасячэньня мяжы. Паводле дзейных правілаў, мы павінны праводзіць расьсьледаваньні сумесна, а гэтага няма, усё тлумачаць COVID-19 і дзейнымі ў Беларусі абмежаваньнямі. Мы бачым, што няма жаданьня фіксаваць факты парушэньня мяжы і супрацоўнічаць з нашымі ведамствамі», — канстатаваў Рустам Любаеў.
Ад пачатку году амаль 300 нелегальных мігрантаў спрабавалі ўехаць у Літву з боку Беларусі. Гэта ў паўтара раза больш, чым за ўвесь 2020-ы.
Усё большую занепакоенасьць фактамі нелегальнымі міграцыі выказваюць і ў Польшчы — там таксама кажуць, што беларускія памежнікі фактычна спынілі кантроль за нелегальнай міграцыяй.
Вышэйшыя чыноўнікі Беларусі ў адказ на эўрапейскія санкцыі наўпрост папярэджвалі, што гатовыя ў аднабаковым парадку адкрыць шлюзы мігрантам з трэціх краін, якія імкнуцца трапіць на Захад.