Чым вядомы палітычны зьняволены Павал Севярынец, якога затрымалі роўна год таму, а 25 траўня пакаралі 7 гадамі зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.
Хто такі Севярынец?
Павал Севярынец — апазыцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, пісьменьнік. Сёлета ў сьнежні яму споўніцца 45 гадоў.
Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі летась 7 чэрвеня. У дачыненьні да яго тады былі вынесеныя тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама яму далучылі 30 сутак арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019-га і студзені 2020-га.
Пасля 75 сутак Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там прад’явілі абавінавачваньне. 24 сьнежня яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на два месяцы — да 20 лютага 2021-га.
25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе абвясьцілі прысуд у крымінальнай справе супраць сямі палітвязьняў: сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, блогера Зьмітра Казлова, грамадзкай актывісткі Ірыны Шчаснай, актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках на падставе ч.1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу, Афнагеля і Войніча — яшчэ па ч. 3 арт. 293 КК.
Судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля і Андрэя Войніча да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова і Максіма Вінярскага — да 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Ірыну Шчасную — да 4 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
За сваю грамадзянскую пазыцыю Паўла Севярынца неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафамі і арыштамі.
Абвінавачаны ў арганізацыі акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году і асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі (з улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2 гадоў). Пакараньне адбываў на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Полаччыне.
У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.
16 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Жанна Брысіна асудзіла яго на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Цалкам адбыў тэрмін пакараньня ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Быў палітвязьнем са сьнежня 2010-га па кастрычнік 2013-га.
З жонкай Вольгай Павал гадуе сына Францішка.
Бібліяграфія Паўла Севярынца:
- «Ды-джэй Адраджэньня» (1998)
- «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002)
- «Нацыянальная ідэя» (2005)
- «Лісты з лесу» (2007)
- «Брату» (2007)
- «Люблю Беларусь» (2008)
- «Маладафронтаўцы» (2009) (сумесна з Настай Палажанкай)
- «Беларуская глыбіня» (2014)
- «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя: 1917–2017» (2017)
- «Сто асобаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» (2017, адзін з аўтараў)
- «Беларусалім. Золак» (2017)
- «Беларусалім. Сэрца сьвятла» (2020)
Павал Севярынец — ляўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча, прэміі імя Францішка Аляхновіча, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава і народнай прэміі «За асабістую мужнасьць».
Узнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Адрас для лістоў Паўлу Севярынцу. Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.