Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на 7 тысяч подпісаў з патрабаваньнем шпіталізацыі палітвязьня Верашчагіна, дапамогу яму не надалі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пэтыцыя з патрабаваньнем шпіталізацыі і наданьня мэдыцынскай дапамогі палітзьняволенаму набрала тысячы подпісаў, але ня стала для ўладаў прычынай адправіць вязьня на лекаваньне.

Як стала вядома Свабодзе, у шпіталь на належнае лекаваньне Сяргей Верашчагін так і ня трапіў, а падпісантам пэтыцыі далі адказ, што яны ня маюць паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы зьняволенага. Вязень пабываў у глыбоцкай лякарні, але нядоўга.

Гомельскі валянтэр Ільля Міронаў атрымаў адказ ад Верашчагіна з глыбоцкай калёніі.

«Пра сябе пісаць няма чаго. Таму што ўсё, як было, так і ёсьць, ніякіх зьменаў няма. Усё, як у бункеры — адна шэрасьць, што дзень, што цемра, вось так, Ільля і жыву», — напісаў жыхар Гомля.

30-гадовага Сяргея Верашчагіна 12 жніўня моцна пабіла міліцыя. З вакна сваёй кватэры ў цэнтры Гомля ён назіраў за жорсткімі затрыманьнямі. Таму закрычаў на міліцыянтаў і кінуў у іх бок плястыкавую бутэльку. Да яго ў кватэру ўварваліся міліцыянты і моцна яго зьбілі — дома, а затым у РАУСе. На судзе Сяргей расказваў, што міліцыянты скакалі па ягонай галаве, абражалі і сьмяяліся зь яго.

Адвакатка казала, што ён атрымаў сама меней 100 удараў у розныя часткі цела.

Сяргей Верашчагін
Сяргей Верашчагін

Абаронца дамаглася, каб Сяргея завезьлі ў шпіталь. Там у яго зафіксавалі чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія гематомы і траўмы, у тым ліку грудной клеткі, шыйнага, груднога і паясьнічнага аддзелаў хрыбта.

Але крымінальную справу завялі на самога Верашчагіна. Бо ён нібыта ўдарыў пры затрыманьні міліцыянта нагой у вока, што «не пацягнула за сабой кароткатэрміновага разладу здароўя».

У выніку 26 лістапада судзьдзя Сяргей Салоўскі вырашыў, што віна Верашчагіна даказаная, і пакараў яго пазбаўленьнем волі на 5 гадоў у калёніі агульнага рэжыму.

У калёніі ў Сяргея значна пагоршыўся стан, ён рызыкуе цалкам страціць зрок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG