«Пра адлічэньне мы давелаліся па званку з інтэрнату з просьбай забраць рэчы, вызваліць пакой і аплаціць за кожны дзень з моманту адлічэньня тры рублі», — паведамілі Свабодзе бацькі Арцёма Баярскага.
Арцём Баярскі вучыўся на другім курсе хімічнага факультэту БДУ.
Летась у жніўні хлопец адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі разам яшчэ з сотняй студэнтаў.
Яшчэ школьнікам Арцём Баярскі чатыры разы займаў прызавыя месцы на рэспубліканскіх алімпіядах па хіміі.
Арцёма Баярскага затрымалі ў крымінальнай справе 18 красавіка — пасьля адбыцьця 25 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у мірным сходзе. Яго абвінавацілі ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (ч.1 арт. 361-1 КК).
Малады чалавек заявіў свайму адвакату аб тым, што 24 сакавіка яго падверглі катаваньням супрацоўнікі МУС, якія змушалі прызнацца ў адміністраваньні пабліка «Мая краіна Беларусь». На наступны дзень відэа з прызаньнямі зьмясьціў у сваім тэлеграм-канале Рыгор Азаронак.
Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый прызналі яго палітвязьнем. Яны адзначылі, што прызнаньне лякальных сацыяльных чатаў экстрэмісцкімі, а іх стваральнікаў і мадэратараў стваральнікамі эсктрэмісцкіх фармаваньняў пасягае на фундамэнтальныя, гарантаваныя Канстытуцый краіны і міжнароднымі нормамі правы і свабоды — свабоду мірных сходаў, выказваньня свайго меркаваньня і свабоду асацыяцый.
Арцём Баярскі выключна мірным чынам рэалізоўваў права на выказваньне свайго меркаваньня. Ягоная грамадзкая дзейнасьць ніякім чынам не ўяўляе пагрозу нацыянальнай ці грамадзкай бясьпецы, здароўю і маральнасьці насельніцтва.
Праваабаронцы адзначаюць выключна палітычны характар перасьледу Арцёма Баярскага з боку ўладаў і прызнаюць яго палітзьняволеным. Яны патрабуюць правесьці расьсьледваньне фактаў катаваньняў прадстаўнікамі МУС і прыцягнуць вінаватых да вызначанай законам адказнасьці.