Арцём Баярскі вучыцца на другім курсе хімічнага факультэту БДУ. Ён стаў адным зь першых абвінавачаных у Беларусі па крымінальнай справе аб экстрэмізьме паводле новага заканадаўства. Па гэтым артыкуле («Стварэньне экстрэмісцкіх фармаваньняў», ч.1 арт. 361-1 КК) праходзіць таксама шматдзетная маці і актывістка Вольга Залатар.
Яго затрымалі сёлета 24 сакавіка па адміністрацыйнай справе. Ранкам каля 6:30 у інтэрнат, дзе жыве хлопец, прыйшлі людзі ў цывільным і ў масках, правялі ператрус у пакоі Арцёма, забралі ягоны ноўтбук і тэлефон.
Хлопца асудзілі на 25 сутак — за нібыта вывешаны ў вакне на 11-м паверсе бел-чырвона-белы сьцяг. Сваякі Баярскага кажуць, што сьцяга ў пакоі ўвогуле не было.
Пасьля адміністрацыйнага арышту Арцёма ня выпусьцілі на волю. Аказалася, на яго завялі крымінальную справу.
Неўзабаве ў праўладных каналах зьявіўся запісаны сілавікамі відэазварот, дзе студэнт прызнаецца, што ён адміністраваў тэлеграм-канал і чат «Мая краіна Беларусь», які за дзень да ягонага затрыманьня беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім».
Тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь» заявіў, што затрыманы студэнт ніколі ня быў адміністратарам іх каналу.
Зьбілі ў СІЗА, каб прызнаўся на відэа
Празь месяц пасьля затрыманьня, 26 красавіка, Арцёму Баярскаму прад’явілі абвінавачаньне. Паводле яго, хлопцу пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Як расказалі сваякі Арцёма, каб запісаць гэты відэазварот, хлопца зьбілі ў СІЗА дручкамі па сьпіне і ягадзіцах. Пра зьбіцьцё хлопец расказаў адвакатцы, тая бачыла ягоныя сінякі.
Родныя Баярскага кажуць, што хлопец усё ж не прызнаў сваю віну падчас сьледзтва. Яны перакананыя, што ён не адміністраваў ніякі тэлеграм-канал.
Доступ да тэлеграму сілавікі атрымалі яшчэ ўвосень
Летась 16 лістапада Баярскага затрымалі пасьля маршу пэнсіянэраў і асудзілі на 15 сутак за ўдзел у мітынгу. Тады сілавікі прымусілі хлопца сказаць пароль ад свайго акаўнта ў тэлеграме. У першыя дні ягонага зьняволеньня нехта выходзіў у сеціва замест яго. Сваякі мяркуюць, што сілавікі дасьледавалі тэлеграм хлопца.
«Калі б ён быў адміністратарам нейкага канала, яны б тады гэта выявілі і перанялі кіраваньне ім», — перакананыя родныя фігуранта.
Арцём выйшаў тады пасьля сутак з паперай у носе, бо ў камэры было вельмі сухое паветра. Каб не перасыхала сьлізістая, зьняволеныя мачылі паперу і затыкалі ёй ноздры. Тады ж у ізалятары Арцём захварэў на каранавірус.
Студэнта ўтрымліваюць на «Валадарцы»
Цяпер студэнт на «Валадарцы». Наколькі ведаюць сваякі, умовы ў яго нармальныя, ён сядзіць зь «непалітычнымі». Аднак у камэры няма гарачай вады. Хлопец пагаліўся налыса, каб менш прастываць пасьля мыцьця ў халоднай вадзе.
У Арцёма ёсьць праблемы са здароўем з прычыны хворага сэрца. Ён непрыдатны да войска.
Сваякі ўпэўненыя, што ў Арцёма добрыя адносіны з сукамэрнікамі, бо ён камунікабэльны хлопец. Падчас адміністрацыйнага арышту ў яго склаліся добрыя дачыненьні зь іншымі хлопцамі. Яны выйшлі на волю раней і плянавалі дзяжурыць пад ізалятарам цэлую ноч перад ягоным меркаваным вызваленьнем — на выпадак, калі выпусьцяць дачасна.
Родныя характарызуюць Арцёма як таленавітага чалавека, справядлівага, «крыху наіўнага і даверлівага».
У жніўні адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі
Летась у жніўні хлопец адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі разам яшчэ з сотняй студэнтаў.
«Гэта было 14 жніўня. Тады ўсе ад усяго адмаўляліся», — каротка камэнтуюць рашэньне родныя.
Яшчэ школьнікам Арцём Баярскі чатыры разы займаў прызавыя месцы на рэспубліканскіх алімпіядах па хіміі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.