Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе хлопцы заўважна пасівелі». З актывістам Паўлам Юхневічам пасьля прысуду сустрэліся сваякі


25 траўня. Павал Юхневіч у судзе.
25 траўня. Павал Юхневіч у судзе.

На 5 год зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзіў Магілёўскі абласны суд актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Паўла Юхневіча.

Па гэтай жа справе на тэрміны ад 7 да 4 год асудзілі Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Дзьмітрыя Казлова, Андрэя Войніча і Ірыну Шчасную. Прысуд быў абвешчаны 25 траўня. Пасьля гэтага сваякі асуджаных атрымалі магчымасьць сустрэцца зь імі ў турме.

2 чэрвеня з Паўлам Юхневічам пабачыліся ягоныя маці і бацька, а таксама дочкі. Пра гэтыя сустрэчы расказала дзяўчына Паўла Юхневіча Юлія.

«Яшчэ да прысуду нам прапанавалі напісаць заявы на спатканьне. А як жа магчымае апраўданьне?»


Юлію, як і іншых сваякоў асуджаных, не пусьцілі на працэс, які раней абвясьцілі закрытым. 12 траўня, у першы дзень працэсу, ім нават не дазволілі зайсьці ў будынак магілёўскага суду, дзе яны разьлічвалі ўбачыць сваіх родных «хаця б у калідоры». У той жа дзень у дварах каля суду затрымалі двух мясцовых журналістаў. Але, пакуль ішоў працэс, Юлія езьдзіла ў Магілёў. Цяпер згадвае, што «пару разоў удалося пабачыць твар Паўла ў вакенцы аўтазака».

У апошні дзень працэсу яе ўразіла стаўленьне да сваякоў з боку супрацоўнікаў суду.

«Былі такія ветлівыя, нават падумалася — што гэта зь імі? Потым, калі ўбачыла сюжэт на БТ пра прысуд Севярынцу і хлопцам, усё стала зразумела. Таксама такі факт: нам усім да прысуду прапанавалі напісаць заявы на спатканьне. А як жа верагоднасьць апраўданьня? Значыць, ужо дакладна ведалі, што апраўдальнага прысуду нікому ня будзе», — мяркуе Юлія.

«Усё ж погляд вачэй — сумны»


Павал Юхневіч шмат гадоў ужо актывіст «Эўрапейскай Беларусі», але раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся, былі толькі адміністрацыйныя арышты.

Як Павал адрэагаваў на прысуд? Паводле Юліі, ён «не разгубіўся, наадварот, сказаў, што стала лягчэй, бо зьніклі дарэмныя спадзяваньні. Дадаў, што лічба ня мае значэньня. Расказаў, што за час арышту пазнаёміўся больш як з 30 людзьмі, у якіх самыя розныя лёсы. У тым ліку з тымі, хто радаваўся, што атрымаў 10, а ня болей, гадоў. Але ўсё роўна людзі будуюць пляны на будучыню, думаюць пра выхад на волю, не губляюцца. Казаў, што і яму цяпер трэба годна вытрымаць. Такі ў яго настрой», — кажа Юлія.

Паводле Юліі, турма і судовы працэс «усё роўна на іх паўплывалі». Юля згадала, як Паўлава маці пасьля сустрэчы зь ім казала пра «ўсё ж сумны погляд вачэй». А сам Павал пра сваіх таварышаў па справе «сказаў, што ўсе заўважна пасівелі».

Павал Юхневіч
Павал Юхневіч

Паўлу Юхневічу 37 год. Ад былой жонкі ў яго падрастаюць дзьве дачкі — 8 і 5 гадоў. Маці Паўла зь імі прыходзіла на спатканьне з сынам.

«Старэйшая расказвала пра свае посьпехі ў вучобе ды іншых занятках, малодшая прасьпявала тату песеньку, якую выконвае ў дзіцячым спэктаклі. Павал расчуліўся, вельмі іх хваліў і казаў, што імі ганарыцца», — расказала Юлія.

«Гэтак будзе не заўсёды»

Павал Юхневіч
Павал Юхневіч

Павал Юхневіч, як іншыя фігуранты справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, што разглядалася ў Магілёве, не прызнаў віну і будзе абскарджваць прысуд. Куды накіруюць Паўла для адбыцьця пакараньня, калі апэляцыю не задаволяць, сваякам невядома. Пра цяперашнія ўмовы ў магілёўскай турме Юля ведае няшмат.

«Павал не казаў пра нейкі ціск на яго за тое, што пасьля прысуду яны выкрыквалі «Верым! Можам! Пераможам!». У камэру яго зьмясьцілі іншую, але ня скардзіўся. Ведаю, што тэлевізара там няма, толькі радыё, якога, як сказаў, «яму хапае». Яму не перадаюць газэт, якія я выпісала, — «Новы час» і «Беларусы і рынак», а вось часопісы даходзяць. У тым ліку часопісы пра аўтамабілі, якімі ён прафэсійна займаецца. Ён жа спэцыяліст па продажы розных аўтамабільных рэчаў. Шмат чытае кніг, у тым ліку тое, што ўдалося забраць з «Валадаркі». Дзякуе ўсім за падтрымку. Кажа, каб верылі, што «гэтак будзе не заўсёды», — расказала пра Паўла Юхневіча ягоная дзяўчына Юлія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG