Госьць «Інтэрвію тыдня» — Павал Юхневіч, актывіст «Эўрапейскай Беларусі», былы кандыдат у дэпутаты, якога 28 кастрычніка акружная камісія зьняла з рэгістрацыі пасьля двух папярэджаньняў. Ён адказвае на пытаньне, навошта ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі, заяўляе, што настрой у людзей у стаўленьні да ўладаў проста злосны, і тлумачыць, чаму паўпадпольная дзейнасьць ужо немагчымая.
Сьцісла:
- Мы мелі канкрэтную мэту — абазначыць нейкі цэнтар сілы для людзей, бо людзі апазыцыю ня бачаць.
- Настрой у людзей у стаўленьні да ўладаў проста злосны.
- Я магу сказаць паводле cвайго досьведу паўпадпольнай працы — на жаль, зараз паўлегальна працаваць проста немагчыма.
- Той, у каго ёсьць сьмеласьць і жаданьне нешта рабіць, у каго ёсьць стратэгія — той мае права быць наперадзе.
Трэба было абазначыць, паказаць людзям, што апазыцыя ёсьць
— Вы паўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі. Цяпер ужо, празь некалькі дзён пасьля таго, як яна для вас скончылася, можаце даць першасны аналіз, што гэта вам дало? Ці варта было ісьці, ці яно таго каштавала?
— Варта было ў любым выпадку. Мэты ставіліся — не перамагчы, ня трапіць у парлямэнт, бо выбараў няма. Асабістая мая мэта была — вярнуцца ў публічную палітыку. Бо мая ранейшая палітычная дзейнасьць, «палявы камандзір у супраціве» — не была асабліва публічнай.
Ніхто ня меў ілюзій наконт гэтай кампаніі. Усё атрымалася вельмі хутка, зьнялі мяне загадзя, да моманту, калі павінен быў адбыцца мой тэлевізійны выступ. Бо ў Берасьці, пасьля выступу нашай актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк, наколькі я ведаю, паляцелі галовы ў мясцовай вэртыкалі.
Я вельмі ўдзячны ўсім сябрам маёй каманды, вельмі ўдзячны людзям, якія мне пісалі словы падтрымкі ў Фэйсбук — я б сказаў, нечакана было шмат станоўчых водгукаў. Таму эмацыйна мае ўражаньні цалкам станоўчыя.
— Вы казалі пра свае асабістыя матывы для ўдзелу. Але рашэньне ўзяць удзел у гэтай выбарчай кампаніі прыняла — нечакана для многіх — калектыўна ўся ваша структура, «Эўрапейская Беларусь». Ваша ўласнае рашэньне было больш асабістым ці выкананьнем калектыўнага?
— У маім выпадку гэта было больш асабістае рашэньне. Але, паколькі касьцяк «Эўрапейскай Беларусі» — гэта людзі, знаёмыя паміж сабой шмат гадоў, — то правесьці мяжу паміж асабістым і калектыўным адназначна нельга.
Мы пайшлі на выбары, бо мелі канкрэтную мэту — абазначыць нейкі цэнтар сілы для людзей. Бо ў разуменьні большасьці людзей апазыцыі не існуе. І трэба было абазначыць, што апазыцыя ёсьць. Што ёсьць людзі, у якіх хапае сьмеласьці казаць пра рэальны стан рэчаў, пра пагрозу незалежнасьці, пра пагрозу ад АЭС. Тут мы не памыліліся, чаканьні грамадзтва на гэта былі, попыт на гэта быў, велізарная колькасьць словаў падтрымкі прагучала для кожнага з нас.
— Фэйсбук, вядома, ня ўсёабдымны паказчык. У гэтым сэнсе мне цікавыя вашыя ўражаньні ад настрояў незнаёмых вам людзей. Вы стаялі ў пікетах, якія настроі людзей вы б адзначылі?
— Кантакты зь людзьмі — гэта была наша галоўная мэта. Кантакт зь людзьмі, збор прыхільнікаў. У людзей настрой, скажам шчыра, злосны, у стаўленьні да ўлады. Таму кантакт зь людзьмі — гэта было самае моцнае маё ўражаньне.
Даўно не было, каб апазыцыя выходзіла на вуліцы, каб у горадзе можна было пабачыць там пікет, тут пікет, паразмаўляць з «жывымі апазыцыянэрамі» без прывязкі да нейкай каляндарнай даты. І таму мне было даволі дзіўна, што некаторыя кандыдаты ад апазыцыі зводзілі сваю кампанію выключна да выступаў на тэлевізіі. А кантакт непасрэдна з выбарнікамі, тымі, хто прагне іх пачуць (дый людзям самім ёсьць шмат што сказаць) — некаторыя кандыдаты самі сябе гэтага пазбавілі. Напэўна, у іх іншыя задачы стаялі.
— Як вы ставіцеся да тых папрокаў, якія кожныя выбары (а гэтыя, відаць, яшчэ гучней) чуваць ад апазыцыйных і дэмакратычных палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, што ўдзел у гэтых выбарах — гэта гульня па правілах улады, і што ўдзельнічаць нельга ні ў якім выпадку?
— Мы не гулялі па правілах улады, таму нас гэтак шмат і паздымалі з рэгістрацыі. Любое дзеяньне ў беларускім апазыцыйным асяродку выклікае незразумелую крытыку. Дык зрабіце вы хоць што-небудзь, і тады будзеце мець маральнае права асуджаць іншых за іхнія дзеяньні і ўчынкі.
Мне падаецца, што мы рабілі гэтую кампанію дастаткова яркай, цікавай. І ўся апазыцыя павінна рабіць гэта — кантактаваць зь людзьмі. Я магу сказаць са сcвайго досьведу паўпадпольнай працы — на жаль, зараз паўлегальна працаваць проста немагчыма. Гэта не 2001 год, калі можна было ўзяць стос газэт ці ўлётак, спакойна стаць у цэнтры і раздаваць іх.
Той, у каго ёсьць сьмеласьць і жаданьне нешта рабіць, у каго ёсьць стратэгія, — той мае права быць наперадзе
— Вы былы сябра апазыцыйнай моладзевай арганізацыі «Зубр». Ці азначае гэта, што людзі, як вы, непасрэднага «паўпадпольнага» дзеяньня, цяпер разумеюць, што ў ім зараз няшмат сэнсу? І таму вы пайшлі ў «афіцыйную» — прынамсі, легальную — палітыку
— Я ня згодны, што ў паўпадпольным дзеяньні няма сэнсу. Сэнс ёсьць, але вынік прадказальны — рэпрэсіі. Калі раней была верагоднасьць 50 на 50, у нейкіх момантах можна было пазьбегнуць — то цяпер немагчыма.
Для мяне відавочна, што старыя лідэры апазыцыі ўжо проста не актуальныя. Яны, як і Лукашэнка, страцілі сваю актуальнасьць. Нікога новага не зьявілася. Значыць, трэба самім. Калі такая сытуацыя, то трэба мне самому гэтым займацца.
Я фактычна апошнія 5 гадоў ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці трошку дыстацыяваўся. Але зараз — дзеці падрасьлі, нікога новага не зьявілася, ёсьць рэальная пагроза незалежнасьці — значыць, трэба станавіцца лідэрамі самім.
— Ці азначае гэта, што падчас наступнай кампаніі, прэзыдэнцкай, ваша структура, «Эўрапейская Беларусь», будзе мець асобную, выключную стратэгію? Ці пойдзеце разам з усімі апазыцыйнымі сіламі?
— Я думаю, будзе нейкі асобны варыянт. Давайце будзем шчырымі, аб’яднанай агульнай апазыцыі не існуе, яна існуе толькі на паперы.
— І што гэта канкрэтна азначае?
— Гэта азначае, што той, у каго ёсьць сьмеласьць і жаданьне нешта рабіць, у каго ёсьць стратэгія — той мае права быць наперадзе. Стотысячны натоўп могуць павесьці за сабой 10 падрыхтаваных чалавек. І людзі гэта адчуваюць і давяраюць ім.
— Аналітыкі і назіральнікі маюць такую думку, што вынік прэзыдэнцкіх выбараў вядомы загадзя, і трэба думаць, ці будзе адбывацца транзыт улады падчас наступнага тэрміну Лукашэнкі. Ці можа апазыцыя ўсур’ёз кінуць выклік Лукашэнку, ці выбары-2020 будуць больш падобныя да 2015 году, калі ніхто ня клікаў на Плошчу і ніхто ня думаў, што кандыдат Караткевіч на нешта прэтэндуе?
— Тут можна шмат разважаць, у нас у краіне аматараў паразважаць аж занадта. Паразважаць шмат хто можа, а прапанаваць нейкае дзеяньне — з гэтым бяда.
Можа здарыцца ўсё што заўгодна. «Кінуць выклік» — магчыма, гэта надта гучна, я б так не казаў. Але тое, што да прэзыдэнцкай кампаніі адбудзецца нейкае перафарматаваньне палітычнага поля і зьявіцца новы цэнтар сілы (альбо нават некалькі) — я ў гэтым абсалютна перакананы.