Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Michelin папрасіла правесьці незалежны аўдыт парушэньня правоў рабочых на БМЗ


Беларускі мэталюргічны завод
Беларускі мэталюргічны завод

Кампанія па вытворчасьці шынаў заявіла, што працягвае расьсьледаваньне парушэньняў правоў працоўных на Беларускім мэталюргічным заводзе, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва беларускага холдынгу адмаўляе ўсе абвінавачаньні.

Француская кампанія па вытворчасьці шынаў Michelin працягне разглядаць факты парушэньня правоў працоўных на Беларускім мэталюргічным заводзе (БМЗ), зь якога раней звальнялі супрацоўнікаў, а частку асудзілі за страйк па крымінальных артыкулах. Пра намер вызначыцца, ці працягваць супрацу з БМЗ, Michelin напісаў у сваім адказе Прафэсійнаму саюзу беларусаў у Вялікай Брытаніі (PUBB).

Беларусы зьвярнуліся да кампаніі 1 сакавіка з просьбай праверыць дзейнасьць кіраўніцтва БМЗ, у тым ліку на адпаведнасьць міжнародным прававым нормам, і спыніць супрацу з адным з найбуйнейшых дзяржаўных заводаў Беларусі.

Michelin у лісьце за подпісам віцэ-прэзыдэнта кампаніі па грамадзкіх зносінах Эрыка Ле Корэ паведаміў, што агенцтва EcoVadis панізіла рэйтынг БМЗ, а таксама выпусьціла папярэджаньне для замежных партнэраў заводу. Зьмясьцілі ў справаздачы пра правы чалавека на БМЗ і высновы, зробленыя спэцыялістамі АБСЭ, ААН, Human Rights Watch і шэрагу іншых арганізацый. Дакумэнт атрымалі профільныя арганізацыі ў Эўропе, уключна з ETRMA — Эўрапейскай асацыяцыяй вытворцаў шынаў і каўчуку.

Раней Michelin пісьмова і празь відэаканфэрэнцыю пытаў у генэральнага дырэктара і іншых кіраўнікоў заводу пра факты парушэньняў правоў працоўных, але холдынг «Беларуская мэталюргічная кампанія», у які ўваходзіць БМЗ, адкінуў усе абвінавачаньні.

Апытваць рабочых заводу Michelin ня стане, бо «ня мае адмысловага дазволу ўлазіць ва ўнутраныя справы і адпаведнага кантракту на правядзеньне такіх дзеяньняў». Аднак, улічваючы сур’ёзнасьць абвінавачаньняў, працягне расьсьледаваньне. Плянуецца зьнешні незалежны аўдыт, каб дазнацца, наколькі парушаліся правы работнікаў беларускага прадпрыемства. Запыт на аўдыт ужо даслалі ў ETRMA.

У выпадку адмоўнага заключэньня адносіны з БМЗ могуць спыніць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG