У сваім лісьце ў адрас прадпрыемства міжнародны прафсаюз напісаў, што ў выпадку ігнараваньня сваіх патрабаваньняў зьвернецца да ключавых партнэраў заводу, зьвязаных з прафсаюзам глябальнымі пагадненьнямі, паведаміла ініцыятыва «Честные люди».
Гэта можа сур’ёзным чынам адбіцца на пастаўках Беларускага мэталюргічнага заводу.
«Спадзяёмся, нам не давядзецца зьвязвацца зь некаторымі з вашых асноўных кліентаў, зь якімі мы шчыльна супрацоўнічаем у рамках глябальнага пагадненьня (GFAs), каб у іх ланцужках паставак выконваліся правы працоўных», — гаворыцца ў тэксьце ліста.
IndustriALL — найбуйнейшая прафсаюзная арганізацыя, якая прадстаўляе 50 мільёнаў рабочых з 140 краін. Прафсаюз асудзіў парушэньні правоў чалавека на БМЗ, звальненьні і перасьлед Ігара Поварава, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара.
Гэта ня першы выпадак, калі IndustriALL зьвярнуў увагу на стан справаў на БМЗ. Напрыклад, у лютым на сваім сайце арганізацыя апублікавала тэкст пра перасьлед тых сталевараў, якія далучыліся да Беларускага незалежнага прафсаюзу.
Арганізацыя заклікала да міжнароднай салідарнасьці з рабочымі беларускага прадпрыемства, якіх звальнялі і перасьледавалі ў межах адміністрацыйных і крымінальных спраў.