Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БМЗ заклікаў Эўразьвяз ня ўводзіць эканамічныя санкцыі


Акцыя пратэсту ў Жлобіне, 14 жніўня 2020
Акцыя пратэсту ў Жлобіне, 14 жніўня 2020

Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) зьвярнуўся да краін Эўразьвязу і заходніх гандлёвых партнэраў з адкрытым лістом, у якім заклікае ня ўводзіць супраць яго эканамічныя санкцыі.

«БМЗ — найбуйнейшы ў краіне працадаўца і падаткаплатнік. Мы зьвяртаемся да нашых замежных партнэраў, удзельнікаў міжнароднага прафсаюзнага руху, прадстаўнікоў краін Эўразьвязу і іншых дзяржаў у сувязі з заклікамі некаторых асобаў і арганізацый спыніць гандлёвыя адносіны з нашым прадпрыемствам», — гаворыцца ў лісьце на афіцыйнай старонцы БМЗ «УКантакце».

У звароце падкрэсьліваецца, што эканамічныя санкцыі прывядуць да цяжкіх наступстваў для працоўнага калектыву, які налічвае больш як 11 тысяч работнікаў.

«Спыненьне гандлёвых адносін, як і іншыя віды санкцый, прывядуць да таго, што мы застанёмся бяз працы і заробкаў, нашы сем’і — бяз сродкаў да існаваньня. Будзе нанесены сур’ёзны ўдар па сацыяльных праектах БМЗ. Апошнім часам розныя некамэрцыйныя арганізацыі накіроўваюць на адрас нашых замежных партнэраў лісты, у якіх з надуманых прычын заклікаюць спыніць супрацоўніцтва», — адзначаецца ў звароце.

Паводле публікацыі, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году працоўнаму калектыву БМЗ прапаноўвалася падтрымаць палітычна матываваныя патрабаваньні шляхам прыпыненьня прадпрыемства. Аднак завадчане гэтую ідэю не падтрымалі.

«У бягучым годзе супраць БМЗ пачата інфармацыйная кампанія, накіраваная на падахвочваньне замежных партнэраў да адмовы ад гандлёвых адносін з заводам. Гэты працэс палітычна матываваны і рэалізуецца суб’ектамі, якія ня маюць дачыненьня да дзейнасьці заводу. Мы рашуча супраць таго, каб нас выкарыстоўвалі як сродак у дасягненьні чыіхсьці палітычных мэтаў, асабліва калі гэта зьвязана з пагрозамі эканамічнай устойлівасьці прадпрыемства», — гаворыцца ў лісьце.

Прадукцыя Беларускага мэталюргічнага заводу пастаўляецца ў 66 краін. На долю Эўразьвязу прыпадае 50% экспарту, найбуйнейшыя імпартэры — Італія, Нямеччына, Польшча, Фінляндыя. 100% акцый прадпрыемства належаць дзяржаве.

Чацьвёрты пакет санкцый ЭЗ супраць уладаў Беларусі будзе прыняты «ў найбліжэйшыя тыдні», паведаміў 10 траўня карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк са спасылкай на вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў міжнародных справах Жузэпа Бурэля.

«Рэжым у Беларусі працягвае рэпрэсіі і запалохваньне сваіх грамадзян, сёньня мішэньню яго акцый стала польская грамада. Мы разглядаем наступны пакет санкцый, які, я спадзяюся, будзе прыняты на працягу некалькіх тыдняў», — сказаў Бурэль па выніках пасяджэньня кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу ў Брусэлі.

Тыдзень таму стала вядома, што чацьвёрты пакет санкцый ЭЗ супраць кіраўніцтва Беларусі ня будзе гатовы да саміту Рады Эўразьвязу ў замежных справах 10 траўня.

  • Першы пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі Эўразьвяз увёў 2 кастрычніка 2020 году.
  • Пасьля сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад іх дзеяньне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 сьнежня адпаведна.
  • Адметнасьцю трэцяга пакета стала тое, што, акрамя пэрсаналій, у яго ўключылі арганізацыі.
  • Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Эўразьвяз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага сьпісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый.
  • Акрамя таго, фізычным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЭЗ — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага сьпісу.
  • Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG