Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 2 чэрвеня: 15 сутак за белы бранзалет, ператрус у шоўмэна Дудзінскага, масавыя затрыманьні ў Жабінцы

абноўлена

Дзяніс Дудзінскі пасьля адбыцьця арышту ў верасьні 2020 году
Дзяніс Дудзінскі пасьля адбыцьця арышту ў верасьні 2020 году

У Беларусі сілавыя структуры працягваюць перасьлед людзей за грамадзянскую пазыцыю. Свабода адсочвае і апісвае падзеі. Артыкул абнаўляецца.

Раніцай 2 чэрвеня да былога тэлевядоўцы, актора Дзяніса Дудзінскага прыйшлі прадстаўнікі сілавых структур.

Як паведамляе партал Onliner са спасылкай на жыхароў дома, у пад’езд зайшлі двое мужчын у цывільным.

Пазьней у пошуках панятых людзям патлумачылі, што гэта супрацоўнікі фінансавай міліцыі для правядзеньня апэратыўных дзеяньняў.

Тэлефоны самога Дзяніса Дудзінскага і яго жонкі Кацярыны Раецкай не адказваюць.

У прэс-службе Камітэту дзяржкантролю, у структуру якога ўваходзіць Дэпартамэнт фінансавых расьследаваньняў, Onliner паведамілі, што ў дачыненьні Дудзінскага органы фінансавых расьсьледаваньняў «праводзяць праверачныя мерапрыемствы па пытаньнях падаткаабкладаньня».

Суседзі Дудзінскага расказалі Tut.by, што прадстаўнікі праваахоўных органаў аглядалі кватэру ўважліва. З таго, што ведаюць суседзі, з кватэры забралі ноўтбук, тэлефоны Дзяніса і Кацярыны, а таксама тэчкі з дакумэнтамі. «Дзяніс спакойна казаў, што ў іх усё выплачана, яму адказалі: „Праверым“», – перадаюць агульны сэнс таго дыялёгу суседзі.

З адвакатам Дзянісу Дудзінскаму зьвязацца не дазволілі. Затым, як разумеюць суседзі, Дзяніса і Кацярыну павезьлі на іхную другую кватэру.

Увечары Дзяніс Дудзінскі напісаў у Фэйсбуку, што яны з жонкай дома і ў іх «усё ок», але яны засталіся бяз сродкаў сувязі.

Летась у верасьні Дзяніса Дудзінскага затрымлівалі і судзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Замест 10 дзён адміністрацыйнага арышту ён без тлумачэньня прычыны адседзеў 12.

У Жабінкаўскім раёне затрымалі 12 пратэстоўцаў, на чатырох завялі крымінальныя справы

На мінулым тыдні ГУБАЗіК выявіў «групу пратэстоўцаў ва ўзросьце ад 17 да 46 гадоў», паведамляе прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Чатырох зь іх прызналі падазраванымі па крымінальнай справе за публічную абразу Лукашэнкі і зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга, яшчэ на 8 чалавек склалі пратаколы за ўдзел у пратэстах, распаўсюджваньне экстрэмісцкай прадукцыі і непадпарадкаваньне міліцыі.

Іх таксама правяраюць на дачыненьне да псаваньня фасадаў будынкаў і збудаваньняў, камэраў відэаназіраньня і падпалу гандлёвых павільёнаў у Жабінкаўскім раёне. Паводле МУС, падчас ператрусаў (іх правялі ня менш за 25) у затрыманых знайшлі «незарэгістраваную і фанацкую сымболіку (атрыбутыка), пнэўматычная вінтоўку, два газавыя пісталеты, электрашокер, стужку зь цьвікоў і дроту, квадракоптэр, а таксама форма МНС і МУС».

15 сутак за белы бранзалет на руцэ

31-гадовы Аляксандар Клубовіч атрымаў 15 сутак у судзе Цэнтральнага раёну сталіцы ад судзьдзі Дзьмітрыя Карсюка. Мужчыну затрымалі днём 29 траўня. На вуліцы Герцэна да яго падышлі двое невядомых у цывільным і сказалі, што Аляксандар падыходзіць пад нейкае апісаньне. На руцэ ў Клубовіча быў белы бранзалет, які, на яго думку, і стаў прычынай затрыманьня. Але ў Цэнтральным РУУС на Клубовіча склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП за пікетаваньне і выкрыкваньне лёзунгу «Жыве Беларусь!»

Па словах сьведкі, якім, як звычайна, выступіў міліцыянт, правапарушэньне адбылося «вельмі хутка»: «Клубовіч ішоў, спыніўся, выгукнуў некалькі разоў „Жыве Беларусь!“ і пайшоў далей».

15 сутак артысту камэрнага хору

Артыст камэрнага хору Дзяніс Іваноў атрымаў 15 сутак паводле артыкулу аб непадпарадкаваньні. Яго затрымалі 1 чэрвеня на працоўным месцы, ноч ён правёў у ізалятары.

Раней Іваноў ужо адбываў 15 дзён арышту ў канцы 2020-га. Тады яго з калегамі асудзілі за «дробнае хуліганства». А 25 студзеня 2021 году зноў затрымалі, выпусьціўшы на волю 31 студзеня.

15 сутак журналісту за шалік заўзятара

Журналіст @tribuna_by Дзьмітры Руто пакараны на 15 дзён арышту за шалік у машыне.

Бела-чырвоны шалік у аўтамабілі стаў нагодай для яго затрыманьня 1 чэрвеня. Журналіста абвінавацілі ў «незаконным пікетаваньні» паводле артыкулу 24.23 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС Менску складаць пратакол. Сёньня суд пакараў яго на 15 сутак арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG