Сучасны мастацкі тэатар высяляюць з канцэртнай залі «Менск», паведаміла «Наша Ніва».
«Нас папярэдзілі, што дамова заканчваецца ў канцы верасьня і працягваць яе нам ня будуць. Сказалі, што распараджэньне зьверху», — падзяліўся дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатру Ўладзімер Ушакоў.
Сучасны мастацкі тэатар — недзяржаўны тэатар, адзін зь яго вядучых актораў — былы тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі, якому 3 верасьня прысудзілі 10 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Тады ж, 3 верасьня, тэатар спыніў працу на 10 дзён на знак салідарнасьці з арыштаваным Дудзінскім. Пра страйк Сучаснага мастацкага тэатру напісаў Уладзімер Ушакоў: ён выклаў фота Дудзінскага з надпісам «#ямыДудинский».
25 верасьня тэатру спаўняецца 16 гадоў. Увесь гэты час артысты выступалі ў сьценах канцэртнай залі «Менск». Апэратыўны камэнтар аб сытуацыі ад адміністрацыі КЗ «Менск» атрымаць не ўдалося.