Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клапы, распрананьне дагала, зьмены ў стаўленьні аховы. Журналісты Буракоў і Лапцэвіч пра свае 20 сутак


Уладзімер Лапцэвіч (на пярэднім пляне) і Аляксандар Буракоў
Уладзімер Лапцэвіч (на пярэднім пляне) і Аляксандар Буракоў

З магілёўскага ізалятара выпусьцілі журналістаў Буракова і Лапцэвіча. Пад адміністрацыйным арыштам журналісты прабылі 20 дзён, частку зь іх яны галадалі супраць умоваў утрыманьня ў ізалятары.

Аляксандра Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча затрымалі 12 траўня, калі пачаўся закрыты працэс супраць «групы Севярынца» ў Магілёўскім абласным судзе. Яны асьвятлялі гэтую падзею. Асудзілі іх, аднак, за нібыта несанкцыянаванае пікетаваньне.

Галадоўка і ўмовы ўтрыманьня

Галадоўку журналісты абвясьцілі ў першы дзень, як трапілі ў ізалятар. Ёю яны патрабавалі, каб ім выдалі пасьцельную бялізну і выдзелілі індывідуальнае спальнае месца, бо іх кінулі ў камэру, дзе разам зь імі было чацьвёра сядзельцаў. Па словах Буракова, па абвяшчэньні галадоўкі апэратыўнік у ізалятары выпытваў у яго прычыны для пратэсту. Ён іх назваў.

Уладзімер Лапцэвіч
Уладзімер Лапцэвіч

Пра галадоўку журналістаў родныя, па іхных словах, даведаліся ад супрацоўнікаў ізалятара. Абласная міліцыя абвергла інфармацыю пра галадаваньне зьняволеных. На сайце ведамства гаварылася, што афіцыйных заяваў аб абвяшчэньні імі галадоўкі не паступала. Таксама адзначалася, што яны «ніякага дачыненьня да зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі ня маюць, а зьяўляюцца фрылансэрамі».

Лапцэвіч галадаў тры дні, а Буракоў — сем. Спынілі галадаваньне з прычыны пагаршэньня здароўя. У Лапцэвіча падскочыў ціск, а ў Буракова зьявілася арытмія.

Адміністрацыйныя справы супраць журналістаў у судзе Ленінскага раёну Магілёва разглядалі праз скайп. Абодва кажуць, што рукі ў іх былі скаваныя кайданкамі за сьпінаю. Па словах Буракова, ад працяглага знаходжаньня ў такой позе цела заходзілася болем. Судзьдзя на ягоную просьбу прыняць рашэньне, каб іх зьнялі, адказала, што гэта не ў яе ўладзе.

Аляксандар Буракоў
Аляксандар Буракоў

На працэсе супраць Буракова старшынявала судзьдзя Тацяна Касьцюк, а супраць Лапцэвіча — Вікторыя Палякова. Падчас разгляду справы Лапцэвічу стала кепска.

Усе дваццаць дзён журналісты спалі на голых дошках. Замест падушкі была бутэлька з вадою. Яны кажуць, што кожную ноч іх двойчы будзілі. Ахоўнікі патрабавалі, каб зьняволеныя назвалі імя, прозьвішча ды артыкул пакараньня.

Бутэлька, якая ў Буракова была за падушку
Бутэлька, якая ў Буракова была за падушку

Уладзімера Лапцэвіча ў ізалятары пакусалі клапы. За 20 дзён яго толькі аднойчы вывелі на дваццаціхвілінную прагулку. Вадзілі ў душ, вада там была толькі халодная. Паводле Лапцэвіча, каб у кабінцы было яшчэ халадней, ахоўнік трымаў дзьверы адчыненымі.

Як ставіліся ахоўнікі да зьняволеных журналістаў

Кожны дзень журналістаў выводзілі ў калідор, патрабавалі распрануцца дагала, ставілі на расьцяжку, рукі пры гэтым былі на сьцяне вывернутыя далонямі навонкі. Каб расьцяжка была шырэйшая, арыштантаў білі па нагах. Уладзімер Лапцэвіч кажа, што ня раз падаў. На ягоную думку, у ахоўнікаў былі разьмеркаваныя ролі, як паводзіць сябе з палітарыштантамі: адзін б’е, іншыя назіраюць.

Журналісты паказваюць, як іх ставілі на расьцяжку
Журналісты паказваюць, як іх ставілі на расьцяжку

Аляксандар Буракоў першыя тры дні няволі дамагаўся, каб супрацоўнікі ізалятара выконвалі правілы ўнутранага распарадку, але яму «патлумачылі», што гэтага рабіць ня варта. Яго вывелі на калідор, паставілі ў расьцяжку, і калі ён паваліўся, ужылі сілавы прыём са словамі: «Зразумеў, куды трапіў?». Журналіст зрабіў выснову: «Раз правілы ня дзейнічаюць, то я ў ваеннай турме». Надалей ён падпарадкоўваўся ахоўнікам.

Уладзімер Лапцэвіч дадае: адзін з ахоўнікаў сказаў, што такія, як ён, утрымліваюцца на асаблівым рэжыме.

«Раз з сукамэрнікам узяліся рабіць шашкі з туалетнай паперы, але ўварваліся ахоўнікі, паставілі на расьцяжку абодвух і сказалі: у нас такі рэжым, што „хата“ павінна быць голая. Асуджанаму дазволена мець шчотку, пасту, і ўсё», — згадвае журналіст.

Уладзімер Лапцэвіч кажа, што яго ўразілі зьмены ў стаўленьні ахоўнікаў. Па ягоных словах, падчас ранейшых адседак зь некаторымі можна было пагаварыць, яны былі прыязныя. Цяпер жа «добразычліўцы» сталі жорсткімі і непрыязнымі. «Ім нібыта зьмянілі матрыцу паводзінаў у галовах», — кажа журналіст.

Пакусаныя клапамі рукі Ўладзімера Лапцэвіча
Пакусаныя клапамі рукі Ўладзімера Лапцэвіча

Аляксандар Буракоў зьвязвае затрыманьне з помстай за сваю журналісцкую дзейнасьць. Уладзімер Лапцэвіч дапускае, што і да яго магілёўская міліцыя ставіцца з асаблівым інтарэсам. На яго думку, затрыманьне магло быць выклікана тым, што ён фатаграфаваў каля абласнога суду, у прыватнасьці, як затрымлівалі Буракова.

Уладзімер Лапцэвіч падтрымлівае свайго калегу, што варта скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары, аднак, лічыць: плёну ад гэтага будзе няшмат. На ягоную думку, супрацоўнікі разумеюць, што парушаюць закон, жорстка абыходзячыся са зьняволенымі, але робяць гэта сьвядома.

Хто такія Буракоў і Лапцэвіч

  • 46-гадовы Аляксандар Буракоў супрацоўнічае з выданьнем Deutsche Welle. У інтэрнэт-выданьні «6tv.by Магілёўскі рэгіён» мае аўтарскія праграмы. Ён сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, займаецца праваабарончай дзейнасьцю.
  • 50-гадовы Ўладзімер Лапцэвіч — сябра юрыдычнай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў. Для інтэрнэт-выданьня «6tv.by Магілёўскі рэгіён» робіць аўтарскія перадачы «Судовы канвэер» і «Права і бяспраўе». Буракоў — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG