Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я з 1943 году, ваенная. Я веру, будзе наша перамога». 78-гадовай пэнсіянэрцы далі 150 базавых за тульпан на месцы гібелі Тарайкоўскага


Так выглядаў мэмарыял на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ў жніўні 2020. Цяпер на гэтым месцы гарадзкія ўлады паставілі сьмецьцевы кантэйнэр
Так выглядаў мэмарыял на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ў жніўні 2020. Цяпер на гэтым месцы гарадзкія ўлады паставілі сьмецьцевы кантэйнэр

34-гадовы Аляксандар Тарайкоўскі загінуў каля станцыі мэтро «Пушкінская» позна ўвечары падчас пратэстаў 10 жніўня.

Галіну Іванову затрымалі ў нядзелю 16 траўня і адвезьлі ў Фрунзенскі РУУС. Там пратрымалі дзьве з паловай гадзіны і склалі пратакол па ч.3 артыкула 24.23 КаАП. 31 траўня ёй прысудзілі 150 базавых штрафу.

«Я проста паклала кветку і пайшла. Тры сэкунды, ня больш, хвіліны не было. Міліцэйскі бусік прыехаў, узяў мяне. Амапаўцы былі ў цывільным, я яшчэ спыталася, а чаму ня ў чорным. Кажуць, што ў чорным ходзяць на апэрацыю, — кажа жанчына. — У пастарунку, нічога не пытаючыся, пратакол даюць, што я пікетавала і рабіла мітынг. Затрымалі ў нядзелю, па нядзелях яны там часта езьдзяць. Там яшчэ жанчыну прывезьлі, і я мяркую, што яе на Акрэсьціна забралі. Таксама кветкі паклала».

Галіна Іванова жыве ў доме побач з мэтро «Пушкінская».

«Там касілі, я знайшла прыгожы, вельмі пышны тульпан. Ён быў бардовы, а не чырвоны. Ня бачыла я такіх прыгожых. Паклала туды побач, там кветкі ляжалі чырвоныя на месцы, дзе забілі Тарайкоўскага. У нас жа ўсю зіму, у любы мароз там кветкі штодня ляжалі. А цяпер яны ўзяліся за гэта, каб выпампоўваць грошы, — кажа Галіна Іванова. — Калі кветкі пакладуць раніцай ці днём, то потым іх прыбіраюць. Адзін дзень наогул не было кветак, то я паклала. І трапляе народ, асабліва ў выходныя».

Галіну Іванову раней затрымлівалі на маршы пэнсіянэраў і аштрафавалі на 600 рублёў.

«Цяпер далі шмат, бо другі раз. Тое, што яны пішуць у рашэньні, яны такое пішуць усім: паклаў кветкі — гэта значыць, ты рабіў пікет і мітынг. Слухаюць сьведку, амапаўца ў масцы, які кажа, што падняла пальцы і машыны сыгналілі, — кажа жанчына. — Маразм, і ўсё. Я буду абскарджваць прысуд. Няхай прымаюць закон, што нельга класьці кветкі на мэмарыял. І гэта будзе верх маразму. У нас жа такія законы, толькі такі не напісаны. Скажу, каб вылічалі з пэнсіі. 300 рублёў дадуць мне на жыцьцё, няхай год вылічаюць».

«Я веру, будзе наша перамога»

Галіна Іванова працавала на менскім заводзе ЭВМ інжынэрам-наладчыкам, мае вышэйшую адукацыю.

«Быў шыкоўны завод, вядомы на ўвесь Саюз, а цяпер там зрабілі адны крамы. Лукашэнка яго наогул закінуў. Які гаспадар, такая і гаспадарка».

Галіна жыве адна, у яе няма дзяцей. Ёсьць сёстры, але яны ва Ўкраіне і Казахстане.

«Я з 1943 году, ваенная, — кажа Галіна. — Я веру, будзе наша перамога».

Галіна кажа, што спачатку ня ведала, што адбывалася летась 9 жніўня, бо ня мела смартфона.

«Разбудзілі тут і да 4 раніцы не давалі спаць. У мяне вокны выходзяць не на праспэкт, а ў двор. Я толькі крышку бачыла плошчу. Было і тут вакол нашага дома, стралялі шумавымі гранатамі, газ пускалі, у мяне на 10-м паверсе немагчыма было дыхаць. Вось толькі пасьля гэтага я занялася палітыкай, — кажа Галіна. — Я бачыла, як яны хапалі людзей, зьбівалі. У нас тут увечары ганяліся за ўсімі. Бралі ўсіх хлопцаў, мужчын зьбівалі, садзілі. Тады яшчэ пэнсіянэраў не чапалі, то я да іх (амапаўцаў. — РС) падыходзіла, пыталася, у вас вайна ідзе ці што? Гэта быў жах, я пасьля гэтага наогул не магла. Таму я пайшла адпачатку з пэнсіянэрамі супраць гвалту».

Паводле Галіны Івановай, таго, што адбываецца ў краіне, «нідзе не было і, відаць, ня будзе».

«Маразм, гэта незразумела што, шкарпэткі нельга, белае і чырвонае нельга, шалік таксама нельга. Гэта ж сьмех і грэх. Маразм і толькі. Мяне зьдзіўляе, што гэтыя маладыя амапаўцы наогул нічога ня цямяць».

Каго яшчэ судзілі за кветкі да мэмарыялу Тарайкоўскага?

У траўні 56-гадовай лекарцы-кардыёлягу Вользе Карнеевай прысудзілі 200 базавых (5800 рублёў) за тое, што ўсклала кветкі да народнага мэмарыялу Тарайкоўскага. Галіну Іванову і Вольгу Карнееву судзіла адна і тая ж судзьдзя Марыя Ярохіна. Яе таксама затрымалі 16 траўня. Паводле «Вясны», на судзе Вольга Карнеева сказала, што ў яе гуманітарная прафэсія.


«Мне не падабаецца, калі гінуць людзі. Я шаную памяць загінулых, таму і паклала туды кветкі», — сказала дакторка.

Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.

Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма. ​

Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.

У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG