Як піша Tut.by, гэтыя выплаты былі ў мінусе на працягу ўсяго першага кварталу. Сярод прычын зьніжэньня пэнсій — інфляцыя. У сакавіку сёлета ў Беларусі вырасьлі цэны на многія тавары і паслугі, а гадавая інфляцыя разагналася да 8,5%.
У лютым 2021 году рэальныя пэнсіі ў Беларусі ўпалі на 1,9% да студзеня, а месяцам раней — на 1,1%.
Сярэдні прызначаны памер пэнсій не зьмяняецца ўжо 4 месяцы запар і складае 482,6 рубля. У 2020 годзе рэальныя пэнсіі падалі 8 месяцаў з 12. Рост быў толькі ў траўні, ліпені, жніўні, сьнежні.
Сярэдні памер пэнсіі па ўзросту за студзень — сакавік склаў 512,3 рубля, паведамляюць у Мінпрацы. У першым квартале гэтага года суадносіны сярэдняй пэнсіі па ўзроўню сярэдняй зарплаты склалі 38,8%.
Не першы год чыноўнікі імкнуцца давесьці пэнсіі да 40% ад сярэдняй зарплаты, але гэта не атрымліваецца.
На канец сакавіка ў Беларусі пражывала 2 мільёны 477,5 тысячы пэнсіянэраў.