Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавецтвы «Кнігазбор» і «Янушкевіч» 5 месяцаў працуюць з заблякаванымі рахункамі 


Кнігі выдавецтва «Янушкевіч».
Кнігі выдавецтва «Янушкевіч».

Іх кіраўнікі кажуць, што попыт на беларускамоўную кнігу за апошні год істотна вырас.

Разьліковыя рахункі двух незалежных беларускіх выдавецтваў «Кнігазбор» і «Янушкевіч» арыштаваныя цягам пяці месяцаў. Deutsche Welle высьветліла падрабязнасьці цяперашняга існаваньня ў кіраўнікоў выдавецтваў Генадзя Вінярскага і Андрэя Янушкевіча.

Вінярскі і Янушкевіч — фігуранты крымінальнай справы, яны пад падпіскай аб неразгалошваньні, таму цяпер ня могуць гаварыць пра сутнасьць справы.

8 красавіка партыю кніг Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» выдавецтва «Янушкевіч», надрукаваную ў Літве, затрымала мытня. Пасьля гэтага кнігі адправілі на экспэртызу, якая моцна зацягнулася. Пісьменьнік Бахарэвіч, які выехаў у Аўстрыю, паведаміў, што выніку экспэртызы да гэтага моманту няма.

Андрэй Янушкевіч назваў інцыдэнт з кнігай Бахарэвіча «непрыемнай гісторыяй», пасьля чаго дадаў: «Чакаем станоўчага рашэньня».

Аўтар і выдавец: Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Янушкевіч з выданьнем «Мае дзевяностыя». Фота Юлі Цімафеевай.
Аўтар і выдавец: Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Янушкевіч з выданьнем «Мае дзевяностыя». Фота Юлі Цімафеевай.

Гаворка тады ішла аб перадрукаваньні кніг 2017 году. Аднак сёньня рашэньне можа закрануць і ўладальнікаў кніг першага выданьня. Бахарэвіч перакананы, што «ўлады спрабуюць запалохаць аўтараў і выдаўцоў». Яго зьдзіўляе, што апошнія працягваюць працаваць у такой сытуацыі — выдавецтва «Янушкевіч» паведамляе пра вялікія пляны і працяг падрыхтоўкі да перавыданьня кніг.

«Нам ідуць насустрач праваўладальнікі замежных твораў, даючы адтэрміноўку плацяжоў, партнэры ў краіне таксама збольшага ставяцца да нашай сытуацыі з разуменьнем», — кажуць у выдавецтве.

Генадзь Вінярскі, дырэктар «Кнігазбору», прызнаўся, што пакуль ня ведае, што казаць пра «пэрспэктывы».

Генадзь Вінярскі, кнігавыдавец
Генадзь Вінярскі, кнігавыдавец

«Усё залежыць ад сытуацыі ў краіне. Мы спадзяёмся, што будзем працаваць, але ніхто ня ведае, калі і як», — дадаў ён.

Янушкевіч, у сваю чаргу, заявіў, што, нягледзячы на арыштаваныя рахункі, магчымасьць выдаваць кнігі застаецца, толькі цяпер «прысутнічаюць некаторыя цяжкасьці». Але ў той жа час ён прызнае, што ўнутраныя рэсурсы амаль вычарпаныя, і гэты факт можа пагражаць спыненьнем дзейнасьці.

Паводле Вінярскага, у Беларусі ў другой палове 2020 году «вельмі моцна ўзрос попыт на беларускамоўную кнігу, асабліва на літаратуру для дзяцей». З такой ацэнкай згодны і Янушкевіч. Паводле яго, патэнцыял беларускай кнігі вялікі, і «ён толькі пачаў раскрывацца», продажы беларускамоўных кніг вырасьлі. Ён зьвязвае гэта з агульнапалітычнымі падзеямі ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG