Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшняе ва ўчорашніх дэкарацыях. Пра кнігу Вінцэся Мудрова «Мэліярацыя з Альбэрам Камю»


Вінцэсь Мудроў са сьцягам Альбаніі, мову якой ён вывучыў
Вінцэсь Мудроў са сьцягам Альбаніі, мову якой ён вывучыў

Нядаўна ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга Вінцэся Мудрова пад кідкім загалоўкам «Мэліярацыя з Альбэрам Камю». Кніга, як на мой густ, добрая, а месцамі і выдатная. Я прачытаў яе за адзін надвячорак і вечар і хачу тут падзяліцца некалькімі рэфлексіямі.

Вінцэсь Мудроў. «Мэліярацыя з Альбэрам Камю. Апавяданьні». Менск, «Кнігазбор», 2021. 212 с.

У красавіку 2020-га ў гутарцы з Валянцінай Аксак, адказваючы на пытаньне, як яму жывецца-пішацца ў абставінах пандэміі і заклікаў да самаізаляцыі, Вінцэсь Мудроў адзначыў, з ладнай жменяй самаіроніі:

«Я ўжо гадоў дзесяць знаходжуся ў самаізаляцыі, так што заклікі мэдыкаў мяне практычна не закранулі. Сяджу ў сваім катуху, пішу кнігі, якія збольшага нікому не патрэбныя, потым іх выдаю за свой кошт і рассылаю сябрам і знаёмым. Малюнак, як на здаровую галаву, фантасмагарычны. Але для сытуацыі пандэміі — сама тое».

Мінуў біты год ад гэтай размовы, і сытуацыя беларускіх пісьменьнікаў і беларускай літаратуры наагул стала значна больш фантасмагарычнай, чым тая, абмаляваная Мудровым у адносінах да сябе самога. Незалежных выдаўцоў, якія раней неяк ухітраліся выдаваць беларускія кнігі, — калі за свае грошы, а калі за кошт аўтара — сталі блякаваць і душыць падатковыя інспэктары, а ідэалягічныя наглядчыкі пачалі «правяраць на экстрэмізм» іхныя выданьні. Акрамя ковіду, цяпер разьлютавалася і іншая пандэмія, мабыць, страшнейшая за каранавірусную. Тым большая пашана належыць выдавецтву «Кнігазбор» за тое, што яно ў гэтай новай пандэмічнай сытуацыі здолела выдаць кнігу Мудрову.

«— Сьляпая, гнятлівая цемра апанавала Бялград. Места як вымерла, і толькі на пляцы Тэразіе, дзе гарыць адзіны на ўвесь горад ліхтар, ды ля галоўнага вакзала ківаюцца постаці амэрыканскіх ваяк. Янкі ледзь трымаюцца на нагах, гарлаюць п’яныя песьні, і бялградзкія паліцэйскія, пабачыўшы заакіянскіх гуляк, лісьліва выструньваюцца і прыкладаюць далоні да скроняў…

Напорліва, па-восеньску каляны халадок струменіў праз незакітаванае акно, казытліва сьвідруючы стрыжаную патыліцу. Макар шморгаў носам, абдымаў грубку і прыслухоўваўся: адным вухам да гуду ў коміне, а другім да гугнявага голасу, што вырываўся з рэпрадуктара. Надарваная, а таму і гугнявая папяровая талерка голасам дыктаркі Вольгі Высоцкай апавядала пра югаслаўскіх фашыстаў і амэрыканскіх жаўнераў, якія, упіўшыся „Кока-колай“, блукалі па бялградзкіх вуліцах у пошуках самадаек. Скавытаньне ветру і аповеды пра цітаўцаў — кожнага разу, пачуўшы слова „цітавец“, Макар уздрыгваў — мярцьвілі дух і вярэдзілі сэрца».

Гэтак пачынаецца апавяданьне «Цітавец», па-мойму, найбольш дасканалае сярод дзесяці, якія склалі зборнік Мудрова. Настрой «сьляпой, гнятлівай цемры» і «па-восеньску калянага халадку» вытрыманы аўтарам ад першага да апошняга абзацу аповеду пра беларуса Макара, якому моцна не пашанцавала — у яго было прозьвішча Цітавец і яму выпала жыць у пасьляваенны час, калі сталінская прапаганда ваявала зь «югаслаўскім рэнэгатам» Цітам. Нягледзячы на сваю прывязанасьць да канкрэтнай гістарычнай эпохі, «Цітавец» — гісторыя ня столькі пра індывідуальны лёс, колькі пра агульны беларускі страх, які паралізуе душу і заганяе чалавека ў бязвыхаднасьць. «Цітавец» — жалезны кандыдат у анталёгію беларускага апавяданьня першай чвэрці ХХІ стагодзьдзя…

Пра страх ёсьць у Мудрова і іншыя апавяданьні ў зборніку, але яны пададзеныя ў крыху іншым, лягчэйшым ключы, чым «Цітавец». «Чырвоны чалавек» — вакацыйная гісторыя пра тое, як двое хітраватых беларускіх хлапчукоў «прывідам» у зруйнаванай царкве напалохала да паўсьмерці ганарлівага і задзірыстага ленінградца, які прыехаў да сваякоў у іхную вёску. А «Халхінголка» — пра тое, як расейскія «бандосы» напалохалі беларускага «аматара старажытнасьцяў», які пры дапамозе сябрукоў выкопваў зь месцаў колішніх баталій старыя панямецкія каскі і шлемы ды потым збываў іх іншым падобным «аматарам» у Расеі. Мудрову чамусьці моцна не падабаюцца расейцы, і ён дае гэта адчуць амаль у кожным сваім апавяданьні ў кнізе «Мэліярацыя з Альбэрам Камю». ;-)

«Расейскі сындром» Мудрова выяўляецца напоўніцу яшчэ ў такіх апавяданьнях, як «У смаленскім палоне» (nomen omen) і «Пагасьціны». Якраз у «Пагасьцінах» (герой апавяданьня едзе пагасьцяваць да сваякоў у Ленінградзе) пісьменьнік адсьцябаў расейцаў наймацней. А пры нагодзе аповеду пра «смаленскі палон» атрымалі па заслугах і беларускія «змагары-грантасосы» пачатку гэтага стагодзьдзя, калі я не памыляюся ў прывязцы сюжэту да гістарычнай эпохі…

Апавяданьні Мудрова, як ён нас прызвычаіў цягам трох апошніх дзесяцігодзьдзяў, пераважна адносяцца да прамінулага часу, да савецкай эпохі, да часу ягонага юнацтва і маладосьці, у якім аўтар не пісаў (не публікаваўся), а, так бы мовіць, назапашваў уражаньні і запаўняў засекі памяці. Гэта не дакор пісьменьніку, а хутчэй сьцьвярджэньне ягонай асаблівай пазыцыі ў сучаснай беларускай літаратуры, якая сёньня ўжо збольшага перастала валаводзіцца з савецкай мэнтальнай спадчынай. А Мудроў усё піша, «шукаючы страчанага часу». І здаецца, што ў гэтай сучаснай фантасмагорыі ў старых дэкарацыях, у якую цяпер ператварылася грамадзка-палітычная рэчаіснасьць у Беларусі, ягоныя апавяданьні могуць прачытвацца па-новаму і новымі чытачамі, нават тымі, якія ня помняць ня тое што Брэжнева як рэальнай асобы, але і Гарбачова…

Згадаю яшчэ адно апавяданьне з гэтай апошняй кнігі Вінцэся Мудрова, загалоўнае, каб заахвоціць чытачоў пазнаёміцца зь яго прозай. Зноў жа, як чалавек непасрэдна не абазнаны з бээсэсэраўскай рэчаіснасьцю, я магу памыліцца з датаваньнем падзей у апавяданьні «Мэліярацыя з Альбэрам Камю», але думаю, што яны адбываюцца недзе ў пачатку 1970-х. Гэта «студэнцкая» гісторыя пра сталеньне, пра цану страху і адвагі, пра першыя кволыя пошукі блізкасьці з жанчынай, пра першае знаёмства з прозай Альбэра Камю. А ў яе сюжэтным тле — безнадзейная савецкая мэліярацыя і шпана зь фінкамі на матацыклах, гэтым разам не расейцы, а латышы… Неблагая рэч, бяз загадзя пастаўленага тэзісу. Апавяданьне ня менш «анталягічнае», чым раней згаданы «Цітавец». Гэтая гісторыя Вінцэся Мудрова сваёй «суворай настальгіяй» амаль аўтаматычна выклікае асацыяцыі са знакамітай «Сібірскай аповесьцю» Ўладзімера Арлова, якая датычыць, як думаю, больш-менш таго самага адрэзку часу.

Калі дадаць у гэтую бочку аглядальніцкага мёду лыжачку дзёгцю, то скажу пра нешта, што можна назваць «лексычнай манернасьцю» Мудрова. Якая, не хаваю, крыху псавала мне ўражаньне ад наагул дабротнай, «традыцыйна-рэалістычнай» плыні прозы пісьменьніка. Аўтар моцна ўпадабаў сабе розныя рэдка ўжывальныя словы ў беларускай мове, якія звычайна «эмацыйна афарбаваныя» (архаічныя, дыялектныя, аказіянальныя ці проста аўтарскія), але выкарыстоўваюцца ім наагул як стылістычна нэўтральныя. Дзеля якой мэты, можна толькі гадаць. Магчыма, дзеля разнастайнасьці… Або каб было далей ад расейскай мовы… Або каб пусьціць дым у вочы абазнанасьцю ў цяжкадаступных лексычных крыніцах…

Не бяда, калі аўтар ужывае ў нэўтральным значэньні ўпадабаны сабою суфікс -іна ў такіх словах, як дзюбіна (дзюба), хрыбеціна (хрыбет), лабаціна (лоб). Але мая чытацкая талерантнасьць канчаецца пры слове нюхаўка (як стылістычна нэўтральнай назьве носа!). Або пры слове фацэт як кантэкстуальна і стылістычна нэўтральным акрэсьленьні мужчыны… Значэньне (ня кажучы пра стылістычную функцыю) некаторых словаў, прыцягнутых аўтарам у свой літаратурны арсэнал, у пэўных выпадках цяжка расшыфроўваецца нават у кантэксьце. Некалькі прыкладаў: пэцалы, буркалы, шчыгульна, прогліца, цыба… Ствараецца даволі дзіўнае ўражаньне, калі чытач у тэкстах пра (пост)савецкую рэальнасьць — яны ў прынцыпе павінны ж быць стылістычна цэльныя! — трапляе на словы істапраўны, хломазд, ахмістрыня, апівуда, кайстра, трунак, якія перамяжоўваюцца «навамоўем» кшталту фуфлагоны, бандосы, баксы, аблом, мянтоўка

Магчыма, я тут занадта прыдзіраюся. Але напісаў, што мне муляла пры чытаньні, і выкрэсьліваць ня буду. Як той казаў, гэтая рубрыка, «Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры.

Думкі аўтара перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG