Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыве Беларусь!» У судзе Горадні фігуранты «справы Ціханоўскага» выступілі з апошнім словам


Суд у Горадні ў «справе Ціханоўскага». Падсудныя Кніга, Разьнічэнка, Фурманаў
Суд у Горадні ў «справе Ціханоўскага». Падсудныя Кніга, Разьнічэнка, Фурманаў

Зьміцер Фурманаў сказаў апошняе слова па-беларуску, Яўген Разьнічэнка расплакаўся падчас прамовы, а Ўладзімер Кніга скончыў сваё апошняе слова воклічам «Жыве Беларусь!»

Выступ Фурманава: «Мы жывём у час прававога дэфолту»

«Паважаны высокі суд, шаноўнае спадарства, дарагія сябры, любыя матуля і татуля, каханая Воля! Мы ўсе жывём у час прававога дэфолту, калі нейкія людзі ў цывільным чакаюць загаду, каб выкрасьці грамадзян, якія зьбіраюць подпісы за кандыдата ў прэзыдэнты краіны; калі за груканьне рукой у вакно аўтамабіля, каб ён не задушыў людзей, грамадзяне атрымліваюць грашовыя спагнаньні; калі пацярпелыя міліцыянты закрываюць фуражкай агляд відэарэгістратара на сваіх грудзях; калі жанчын, якія задаюць правакацыйныя пытаньні, з чаго ўсё і пачалося, не прыводзяць у суд у якасьці сьведак.

Але відавочна, што ўсяму дрэннаму прыходзіць скананьне. Так і гэткі антыграмадзкі рэжым пераменіцца,ды на ягонае месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць адраджэньне нацыянальных каштоўнасьцяў і павышэньне ўзроўню жыцьця грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

Гэта будзе новы час, калі мы ўсе зноў будзем ганарыцца сваёй дзяржавай, міліцыяй, сьледчымі органамі, пракуратурай, судовымі ўстановамі, прафэсійнымі хаўрусамі ды нарэшце сваёй беларускай мовай, гімнам, сьцягам і гербам.

Падчас суду.
Падчас суду.

Таму, якое бы ні было прынята рашэньне наконт мяне і маіх сяброў, я ўпэўнены, што ў нас ва ўсіх усё абавязкова будзе добра, бо толькі дзякуючы такім неабыякавым людзям, якія нас падтрымліваюць лістамі, паштоўкамі, перадачамі, нашая любая Беларусь заўсёды застаецца такой сонечнай і квітнеючай, а ў будучыні будзе сапраўднай краінай для жыцьця. Як кажа мой добры сябра Ўладзімер Іванавіч (Кніга. — РС): „Движ идёт“».

Пад канец свайго «апошняга слова» Фурманаў зачытаў верш Міколы Ермаловіча:

Ты хочаш жыць для Беларусі,
Служыць за праўду ў барацьбе,
Тады, мой сябра, я зьвярнуся,
З наступным словам да цябе.
Прымай жа праўду ты бяз страху,
Як некалі прыняў Кастусь,
Няма цяжэйшага больш шляху,
Чым змагара за Беларусь.

Зьміцер Фурманаў застаецца ў карцары да 8 чэрвеня за тое, што адмовіўся адказваць на пытаньні турэмных супрацоўнікаў. Бацькі паведамілі, што ў яго нармальны стан. У суд яго прывозяць.

Выступ Разьнічэнкі: «Хочаш сесьці ў турму — едзь у Беларусь»


Яўген Разьнічэнка адзначыў, што ў судовай залі вырашаецца лёс невінаватага чалавека. Зь ягоных словаў, ён нарэшце зразумеў фразу, напісаную на адным з маскоўскім вакзалаў: «Хочаш сесьці ў турму — едзь у Беларусь». Разьнічэнка заўважыў, што 29 траўня не рабіў ніякіх злачынстваў і ні з кім не дамаўляўся на злачынствы.

У часе суду
У часе суду

«29 траўня была яўная правакацыя з боку жанчыны ў кепцы, якую відавочна ніхто шукаць і затрымліваць не зьбіраўся. Аднак дапамога Казлоўскага гэтай жанчыне — гэта відавочна не супадзеньне. Відэарэгістратар ён стараецца прыкрыць фуражкай ня проста так. Я асабіста ня маю ніякага дачыненьня да гвалту ні ў дачыненьні да Казлоўскага, ні да Хвалені. Тым больш што пацярпелыя самі пацьвярджаюць гэта ў сваіх паказаньнях.

Мяне ўсё жыцьцё вучылі ратаваць чалавечыя жыцьці. У маім жыцьці я выратаваў дзьве чалавечыя жыцьці. Ніхто і ніколі не казаў, што за выратаваньне чалавечага жыцьця могуць пасадзіць у труму. Сёньня выйшла менавіта так.

Нібыта я зь некім дамаўляўся аб гвалтце над міліцыянтамі і мэтанакіравана ішоў за Казлоўскім — ня больш, чым фантазіі органаў міліцыі і сьледзтва. Звычайную сямейную размову аб плянаваньні адпачынку стараюцца прадставіць як падрыхтоўку да нейкіх супрацьпраўных дзеяньняў. Дзяржаўны абвінаваўца дапускае, што я мэтанакіравана ішоў за Ціханоўскім. Гэта зноў жа толькі дапушчэньне, бо перасоўвацца я маю поўнае права, куды лічу патрэбным. Я вольны чалавек».

Што да матыву, нібыта Разьнічэнка чыніў гвалт над міліцыянтамі з помсты, ён адзначыў, што ў ягоным коле шмат знаёмых міліцыянтаў, зь якімі ён мае добрыя адносіны.

«Я ніколі ў жыцьці не перасьледаваў мэты некаму помсьціць... Мой дзед да самай сьмерці служыў у ваенізаванай ахове, мой памерлы бацька таксама служыў у ахове. Я не па чутках ведаю, што гэта за праца. А вы мне сёньня кажаце пра гвалт! Не, грамадзяне, ня тое ў мяне выхаваньне, каб некаму помсьціць», — на гэтых словах Разьнічэнка расплакаўся, заплакалі і прысутныя ў залі.

Абвінавачаны Ўладзімер Кніга ўзяў яго за руку, каб суцешыць.

Ля будынку суду.
Ля будынку суду.

«Вы сёньня адпраўляеце мяне за краты, бо дапускаеце, што я нібыта магу ўцячы, толькі таму, што я некалькі разоў выяжджаў на адпачынак. Ніхто з вас не падумаў пра тое, які ў мяне стан здароўя, як у гэты час жыве мая сям’я, дзіця, маці, сястра? На што яны будуць жыць увогуле: на пэнсію ў 350 рублёў або на заробак у 600 рублёў?

Ніхто з вас ня ведае, як сёньня жыве мая маці. Яна мне ў лістах піша, што ў яе ў доме сёньня няма вады, што яна мусіць штодня цягаць па 6 кілямэтраў бочкі з малаком, каб здаць дзяржаве», — са сьлязьмі гаварыў Разьнічэнка.

«Уся сытуацыя 29 траўня — гэта ланцужок падзей, справакаваных дамай у кепцы. Мяне занесла натоўпам за сьпіну Казлоўскага. Я ня ведаю, хто яго цягнуў, хто куды яго біў, але дакладна ведаю, што я ніякага дачыненьня да гэтага ня маю. Тыя людзі, якія чынілі гвалт над Казлоўскім, сёньня ня выяўленыя. Ніякага парушэньня грамадзкага парадку я не плянаваў», — дадаў Разьнічэнка.
Ён выказаў думку, што іхную справу сфабрыкавалі.

«Усе дзеяньні лічу правакацыяй, віны не прызнаю і прашу мяне апраўдаць», — скончыў свой выступ Разьнічэнка.

Выступ Кнігі: «Сплянаваная сілавікамі правакацыя»

Уладзімер Кніга выказаўся карацей за ўсіх.

«Дзякуй, Высокі суд. Дзяржаўны абвінаваўца, вам таксама дзякуй. Я скажу каротка. Усё сказалі мае паплечнікі і сябры, зь якімі мы пазнаёміліся, я іх ведаю, бо мы пілі разам гарбату, каву, гэта цудоўныя людзі.

Падзеі 29 траўня 2020 году — гэта загадзя сплянаваная правакацыя сілавымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь. Усе факты і відэа вы самі прыводзілі ў матэрыялах справы. Людзі зрабілі свае высновы і ўсё бачылі, таму толькі... Жыве Беларусь!» — выгукнуў Кніга.

Прысуд агучаць у судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 2 чэрвеня а 15-й гадзіне.

Што варта ведаць у справе


Фігурантаў у справе трое: Зьміцер Фурманаў, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга. Іх затрымалі ў сувязі зь пікетам 29 траўня разам зь Сяргеем Ціханоўскім. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342), Кнігу і Разьнічэнку — таксама ў гвалце ў дачыненьні да міліцыянтаў (артыкул 364).

Усе трое прысутнічалі на пікеце 29 траўня мінулага году ў Горадні. Зьміцер Фурманаў зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Яго забралі зь пікету невядомыя разам з крэслам. Яўген Разьнічэнка падтрымаў міліцыянта Казлоўскага, які падаў на яго, каб той ня ляснуўся аб зямлю. Былога амапаўца Ўладзімера Кнігу забралі празь некалькі дзён, калі ён дапамагаў камандзе Ціханоўскай ставіць намёт для збору подпісаў.

Пацярпелых чацьвёра: участковыя Ленінскага РАУС Уладзімер Казлоўскі і Аляксандар Хваленя, амапаўцы Дзьмітры Рахунок і Віктар Буднік. Казлоўскі ўпаў пасьля тузаніны на Савецкай плошчы, Хваленя хадзіў з рупарам і ў інфармацыйнай камізэльцы. Два апошнія затрымлівалі Ціханоўскага.

Справу разглядае судзьдзя Вольга Бекушава. Пракурор Мікіта Мысьлівец. Суд пачаўся 18 студзеня.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG