Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа паставіць на «перамогу дэмакратыі» ў Беларусі, на «беларускага Пашыньяна», — Тышкевіч


Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

Беларускі палітоляг з Кіеву Ігар Тышкевіч, экспэрт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні, заяўляе, што Масква пачала «загоннае паляваньне» на Лукашэнку, сьцьвярджае, што Масква падтрымлівала беларускія пратэсты, і прагназуе, якія два варыянты разьвіцьця падзеяў Пуцін мог прапанаваць беларускаму кіраўніку.

Сьцісла:

  • Масква не зьлівае Лукашэнку. Масква ставіць Лукашэнку перад выбарам.
  • Ідзе загоннае паляваньне, калі расстаўляюць сьцяжкі, каб прымусіць зьвера бегчы, куды трэба паляўнічым
  • Масква робіць усё, каб спаліць масты для магчымага адступленьня Лукашэнкі
  • Расеі важна стварыць такія палітычныя партыі, якія пад чырвона-зялёнымі ці бел-чырвона-белымі сьцягамі будуць адстойваць інтарэсы Масквы ў Беларусі

— Напярэдадні гэтай, травеньскай, сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ўжо традыцыйна, асабліва ў расейскіх тэлеграм-каналах, нагняталася думка, што «Лукашэнка надакучыў, Лукашэнку зьліваюць». Па-вашаму, ці ёсьць для такой думкі нейкія рэальныя стратэгічныя падставы?

— Масква не зьлівае Лукашэнку. Масква ставіць Лукашэнку перад выбарам. Масква сьвядома звужае ягоную прастору для манэўру.

Ідзе такое загоннае паляваньне, калі расстаўляюць сьцяжкі, каб прымусіць зьвера бегчы ў тым накірунку, куды трэба паляўнічым. Заўважце, расейскія СМІ падкрэсьлівалі не афіцыйную вэрсію Менску ў інцыдэнце з самалётам, а казалі пра «бліскучую апэрацыю беларускага КДБ». Па-другое, Расея нядаўна фармальна зьняла з вышуку Ціханоўскую. Па-трэцяе, зьявіліся праблемы з пастаўкамі расейскай нафты ў Беларусь праз тое, што расейскія пастаўшчыкі нібыта баяцца амэрыканскіх санкцыяў.

Усё гэта адбываецца на фоне палітычных правакацыяў супраць Украіны, бо ў чэрвені ў Менску адбудзецца зьезд гэтай званай «рускай дыяспары», на які, хутчэй за ўсё, прыедуць дэлегацыі ДНР і ЛНР.

Таму Масква робіць усё, каб спаліць масты для магчымага адступленьня Лукашэнкі, для разрыву адносінаў Менску з Захадам, і адпаведна ставіць яму ўмовы. Альбо Лукашэнка пагаджаецца на расейскія пляны ўваходжаньня ў беларускую эканоміку і расейскія прынцыпы палітычнай рэформы ў Беларусі.

Альбо — армянскі варыянт. Армянскі варыянт — гэта тое, што Расея рабіла ў ліпені-жніўні 2020 году, калі Масква фактычна падтрымлівала пратэсты ў Беларусі. І цяпер Расея можа паставіць на перамогу дэмакратыі ў Беларусі, на «беларускага Пашыньяна». Пры гэтым дамовіўшыся з Захадам, што Масква захоўвае дамінуючую ролю ў Беларусі.

— Вы сказалі фразу, якая нярэдка гучыць, што «Расея падтрымлівала пратэсты». Але справы гавораць самі за сябе. Пуцін адным з першых адразу афіцыйна прызнаў Лукашэнку пераможцам выбараў, потым Масква паабяцала палітычную і нават вайсковую падтрымку...

— ...Трэба паглядзець расейскія афіцыйныя СМІ ў жнівеньскія дні. «Пераабуваньне ў палёце» адбылося толькі паміж 17 і 30 жніўня. Але 12-16-га жніўня расейскія афіцыйныя СМІ яшчэ былі не на баку Лукашэнкі, гэтаму шмат доказаў. Так што ёсьць нейкія абстрактныя палітычныя заявы, а ёсьць рэальная праца СМІ, паліттэхнолягаў, у сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах, праца здымачнай групы Расейскага тэлебачаньня і гэтак далей.

— Тым ня менш Пуцін, які, відаць, усё ж важнейшая асоба ў Расеі, адразу прызнаў «перамогу» Лукашэнкі, потым паабяцаў пры неабходнасьці ваенную падтрымку. Менавіта гэта, на думку многіх, тады і пераламала сытуацыю. Але маё пытаньне наступнае — цяперашні ціск Крамля на Лукашэнку мае на мэце яго адхіліць ад улады альбо проста зрабіць больш згаворлівым?

— Расея спрабуе працаваць у бяспройгрышным фармаце. Я хачу нагадаць, што ў армянскіх падзеях Масква да апошняга падтрымлівала дзейнага прэм’ера Армэніі. Тады таксама казалася, што расейскія войскі гатовыя забясьпечыць парадак у Армэніі. Але ў пэўны момант адбылася дамова Масквы з партнэрамі з Эўразьвязу і ЗША наконт таго, што Захад атрымае ў Армэніі дэмакратыю і перамогу гэтак званай «народнай рэвалюцыі», але ў замежнай палітыцы Армэнія застаецца пад моцным уплывам Расейскай Фэдэрацыі.

Гэта той варыянт, які будзе прапаноўвацца Лукашэнку. Расеі важна, каб у Беларусі фармальна была дэмакратыя, розныя палітычныя партыі ў парлямэнце, дзе парлямэнцкая кааліцыя прызначае ўрад. Расеі важна стварыць такія палітычныя партыі, якія пад чырвона-зялёнымі ці бел-чырвона-белымі сьцягамі будуць адстойваць інтарэсы Масквы ў Беларусі. Гэта тое, што хутчэй за ўсё, Пуцін прапаноўваў Лукашэнку, і даў яму час падумаць.

— Вы ўзгадалі пра згоду, якая (на вашую думку і думку іншых аналітыкаў) была дасягнутая паміж Расеяй і Захадам у армянскім пытаньні, а раней — у малдаўскім пытаньні. Напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Байдэна і Пуціна многія ставяць дылему, а ці магчыма дасягненьне такога кансэнсусу паміж Масквой і Вашынгтонам па беларускім пытаньні?

— Так, Расея ўжо два разы дамаўлялася з Захадам па постсавецкай прасторы — у Армэніі і Малдове — і ў абодвух выпадках расейскі ўплыў толькі ўзрастаў. Пры тым, што фармальна выконваліся дэмакратычныя працэдуры. Таму нішто не замінае Расеі дамовіцца па Беларусі, у тым самы фармаце.

Я магу нагадаць восеньскую пастанову Бундэстагу па Беларусі. Там дэпутаты казалі пра выключную ролю Расейскай Фэдэрацыі і што Расея можа ў любым фармаце ўключыцца ў працу, але гэта пажадана аформіць праз мэханізм АБСЭ. Ня бачу, каб за гэтыя месяцы нешта радыкальна зьмянілася, каб Эўропа не пайшла на такі «дагаварняк».

— Вы жывяце ва Ўкраіне, якая апошнім часам прымае вельмі рэзкія рашэньні ў дачыненьні да беларускага рэжыму. Ці ёсьць згода па гэтым пытаньні ва ўкраінскіх палітыкаў, чаму Кіеў дэманструе такую выразную пазыцыю?

— На жаль, украінскія палітыкі дагэтуль не абралі адназначнай стратэгіі, як ставіцца да Беларусі. Палітыка Кіева ідзе хутчэй у лёгіцы рэагаваньне на тое, што адбываецца ў Беларусі, і ў лёгіцы крокаў паводле просьбаў замежнапалітычных партнэраў Украіны. На жаль, самастойнай стратэгічнай палітыкі Ўкраіны, адказу на пытаньне, якая Беларусь патрэбна Ўкраіне, пакуль няма. Вельмі спадзяюся, што гэтая стратэгія будзе распрацаваная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG