Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамагчы Лукашэнку можа толькі пераварот. Але наўрад ці абыдзецца без Масквы», — расейскі палітоляг


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін у інтэрвію Свабодзе расказвае, якія наступствы пацягне за сабой захоп самалёта з Раманам Пратасевічам, як можа адказаць Захад, ці пагодзіцца Лукашэнка на любыя ўмовы Пуціна і ці патрэбная сёньня Крамлю анэксія Беларусі.

Пра спэцапэрацыю з самалётам

  • Апэрацыя вельмі тапорная. Мне здаецца, што яна зьвязаная з гістэрыкай. Лукашэнка як танк. У такіх людзей прарываюцца паранаідальныя схільнасьці ў крытычных сытуацыях.
  • Я пакуль ня бачу тут ланцужка, які б адназначна выводзіў на Лубянку. На борце маглі быць агенты не абавязкова з расейскімі пашпартамі. Пятроў і Башыраў былі пад якімі заўгодна пашпартамі.
  • Але адмаўляць тое, што там маглі быць расейскія агенты, ня варта хаця б таму, што наступствы здарэньня вельмі выгадныя Крамлю. Пасьля гэтага Лукашэнка трапляе практычна ў кабальную залежнасьць ад Пуціна.

Пра Лукашэнку

  • Лукашэнка рэагуе толькі на страшылкі. На сур’ёзныя пагрозы ягонаму асабістаму статусу. Ён разумее, што вельмі далёка назад ісьці нельга, бо за ім шмат крыві. Ён выдатна разумее, як сканчаюць такога кшталту дыктатарскія пэрсанажы.
  • Лукашэнка сам ідзе ў пастку, зьнішчаючы эканоміку. А ў гэтым тупіку перавага ў Расеі, бо, апрача калію і НПЗ, якія працуюць на расейскай сыравіне, Лукашэнка нічога ня мае.
  • Пуціным зроблены глыбокі крок па прыручэньні Лукашэнкі. Лукашэнку пасадзяць на больш ці менш жорсткі аброжак. Ён будзе яго грызьці, але Пуцін будзе яго моцна трымаць.
  • У Лукашэнкі няма грошай, а Захад яму ня дасьць. Яму давядзецца ісьці да Пуціна, і Пуцін гэта цудоўна разумее. Ён над ім яшчэ трохі паглуміцца, паставіць на месца, а потым дасьць грошы, але пад жорсткія ўмовы.
  • Ён ужо засьпяваў песьню пра адзіную сыстэму фінансавага маніторынгу, пра больш шчыльную супрацу фінансавых, падатковых і іншых сыстэм, са зразумелай прычыны. Калі ён застанецца адзін, то, каб плаціць заробкі, давядзецца ісьці на інфляцыю, друкаваць грошы. Друкаваньне грошай азначае, што трэба значна больш беларускіх рублёў зарабіць, каб іх канвэртаваць у даляры і аплачваць зьнешні доўг. Ён трапіў у пастку, якая называецца «дурная бясконцасьць».
  • На любыя ўмовы Пуціна Лукашэнка не пагодзіцца. Гэта не такі чалавек, які здаецца на ласку пераможцы. Гэта чалавек з выразнымі рысамі паранаідальнасьці. Ён шчыра блытае сябе зь Беларусьсю, а сваю ўладу зь беларускім сувэрэнітэтам. І сваю ўладу ён будзе бараніць усімі магчымымі спосабамі.

Пра Пуціна

  • Пуцін, як дасьведчаны дзюдаіст, рыхтуе цяпер Лукашэнку да задушлівага прыёму. Іншая справа, што ў яго з горла ўдасца вырваць — пытаньне. Але Пуцін вопытны баец, думаю, што ён вырве шмат.
  • Пуцін эмацыйны, злапамятны, суворы, але пры гэтым добра пралічвае рызыкі. Ня выключана, што распрацоўваецца вэрсія далучэньня Беларусі. Гэта быў бы бліскучы падарунак да 2024 году, прэзыдэнцкіх выбараў. Пуцін гэта хацеў бы зрабіць, але добра разумее і спадарожныя выдаткі.
  • Пуцін умее цярпець. Ён не сьпяшаючыся закручвае галаву, або іншы орган цела Лукашэнкі, у шчыпцы, дадае абароты і зь цікавасьцю глядзіць на рэакцыю. Пуціну няма куды сьпяшацца. Магчыма, ён завершыць гэтую доўгатэрміновую партыю да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, у 2024 годзе.
  • Пазыцыя Пуціна пакуль непаражальная. Паражальнай яна будзе тады, калі скончацца грошы, як у Гарбачова.

Пра Захад

  • Захад ня будзе дзейнічаць так, каб Лукашэнку прыдушыць. Гэта не ў інтарэсах Захаду. Бо на месца прыдушанага Лукашэнкі прыходзіць Уладзімір Пуцін. Для Эўропы гэта горш. Бо Лукашэнка ім не пагражае ракетамі. Адзінае, што ён робіць, гэта гнобіць свой уласны народ і зьнішчае ўласную эканоміку.
  • Ахвяраваць сваімі буйнымі геапалітычнымі інтарэсамі дзеля беларусаў? Эўрапейцы наўрад ці будуць.
  • Але нават абмежаваньні на палёты «Белавія» — гэта сур’ёзны ўдар па кашальку Лукашэнкі. Гэта яшчэ адно перакрыцьцё каналу з валютай
  • Калі Пуцін кажа, што падзеі ў Беларусі — гэта ўнутраная справа Беларусі, то ён мае на ўвазе — Беларусі і Расеі. Беларусь ён лічыць сфэрай свайго ўплыву. І Захад гэтак жа адгукаецца. Ён ня вельмі рве на сабе кашулю.
  • Нават калі Байдэн скажа нешта Пуціну пра Беларусь, то той скажа: «Ну як, гэта сувэрэнная дзяржава. Расея не адказвае за тое, што адбываецца ў Беларусі». Маўляў, гаварыце з Аляксандрам Рыгоравічам. Гэта ж ён раіць Кіеву дамаўляцца наўпрост з ДНР-ЛНР, пры чым тут мы, маўляў.
  • Ваенны канфлікт у парадку дня не стаіць. Ён стаіць толькі ў галаве Лукашэнкі, які як шчыры параноік лічыць, што ўвесь сьвет хоча яго пакрыўдзіць.

Пра тое, колькі так можа працягвацца

  • Пакуль можна абапірацца на штыкі, пакуль яны ляяльныя, і пакуль няма контрэлітаў, — а Лукашэнка клапоціцца, каб не зьявіліся людзі, якія б маглі станавіць альтэрнатыву, — падначаленыя выканаюць любыя яго злачынныя загады.
  • Лукашэнка, пад размовы пра абарону сувэрэнітэту, загнаў Беларусь у такую яму, у якой яна даўно не была. А магчыма, і ніколі не была. І нічога. Перажыве, перажуе, уседзіць на штыках.
  • Нам ён можа падавацца агідным, а многія ганарацца тым, што ён не пабаяўся злавіць ворага, які ляцеў самалётам. Маўляў, круты лідэр і мужчына. І так думаюць мільёны.
  • Камунікатыўная памяць і мазгі маіх суайчыньнікаў адбітыя трыма пакаленьнямі жыцьця ў СССР. Гэта так проста не мінае. І ў Беларусі падобна. Але там, бадай, ужо большасьць разумее, хто такі Аляксандар Лукашэнка. Адчулі на сваёй скуры. А яшчэ 5 год таму яны казалі, што так, кепскі, але свой, дбае пра сувэрэнную дзяржаву, ён яе амаль стварыў. Ён яе стварыў, і ён жа яе зьнішчае, дзеля таго каб захаваць сваю ўладу.

Пра тое, як усё можа зьмяніцца

  • Справядліва і электаральна перамагчы яго немагчыма, бо выбары робіць спадарыня Ярмошына. Толькі вайсковы пераварот, а ён наўрад ці адбудзецца без дапамогі «брацкага народу» з Усходу. Пытаньне — каго пасадзяць на месца Лукашэнкі і ці будзе гэта лепш для Беларусі.
  • Жах лукашэнкаўскага рэжыму, як і пуцінскага, у тым, што зь яго няма нармальнага, чалавечага, легальнага выхаду. Бо зьнішчаныя дзяржаўныя інстытуты. Ні парлямэнт, ні суды, ні выбарчая сыстэма нічога ня значаць. Усе ведаюць, што ўсё вырашае Лукашэнка. Адпаведна, калі ён сыдзе, пачнецца нелегальная барацьба і забойствы за месца самаўладцы.
  • Лукашэнка пажырае будучыню беларускага народу і зьнішчае саму тую беларускую дзяржаўнасьць, пра якую ён так моцна клапоціцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG