Дзьмітры Літвін расказвае, што ў 2010 годзе трапіў у выбарчую камісію і ўдзельнічаў у фальсыфікацыях. «Думаў, можа, так і трэба». У 2020 годзе ён ужо галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, трапіў у рукі АМАПу і ГУБАЗіКу і далучыўся да забастоўкі.
«Узялі ў камісію, каб разбавіць жаночы калектыў»
У 2010 годзе Дзьмітры скончыў Мазырскі пэдагагічны ўнівэрсытэт і вярнуўся адпрацоўваць бюджэтную вучобу ў родны Салігорск. Два наступныя гады ён быў настаўнікам працы.
На выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў Дзьмітрыя прызначалі намесьнікам старшыні ўчастковай камісіі ў гімназіі № 2, дзе працаваў малады спэцыяліст.
«У калектыве працавалі ўсяго два мужчыны. Дык мяне ўзялі ў камісію, каб разбавіць жаночы калектыў. Я туды прайшоў як „прадстаўнік грамадзкасьці“ ад БРСМ», — кажа ён.
Паводле яго, яўка на мясцовых выбарах была «ніякая», «проста дзірка». На месца дэпутата балятаваўся толькі адзін чалавек.
«Але прыйшоў дырэктар гімназіі і сказаў, што добра было б, каб яўка была ня меншай за 80%. Ён сказаў: „Вы ж разумееце, што гэта пакажа вынік нашай дзейнасьці — агітацыі, таго, што мы па кватэрах хадзілі“. Скончыліся выбары, міліцыянт зачыніў дзьверы, і пачалі „лічыць галасы“. Ну як лічыць... Старшыня камісіі сказала: „Вы чулі, што сказаў дырэктар? Вы разумееце, што нам трэба рабіць? Хто супраць?“ Усе прамаўчалі, і я прамаўчаў. Думаў — ну мусіць так яно працуе, сыстэма, пэўна, такая. Тым больш мне сваячка казала (яна таксама ў камісіі працавала), што тое самае было і ў іх. Старшыня раздала нам пачак бюлетэняў пустых, і мы сядзелі, ставілі ў іх галачкі з галавы. „За“, „супраць“ — няважна. Склалі, пералічылі, аддалі. Дырэктар прыйшоў задаволены, усьміхаецца, пахваліў нас, сказаў, што добра папрацавалі. І кажа мне і яшчэ адной настаўніцы, каб ехалі па пакупкі ў гіпэрмаркет», — успамінае Дзьмітры.
Калі ён з калегай выйшлі з гімназіі, іх чакаў «серабрысты бус».
«Я ня ведаю, хто там быў, але ён нас завёз у краму. Мы набралі прадуктаў і ўсяго рознага там два вазкі. Той, зь серабрыстага буса, разьлічыўся за тавары і завёз нас назад у школу. Пачаўся банкет, але я пайшоў дахаты», — расказаў Дзьмітры.
«Тата перад сьмерцю папрасіў мне працу на „Беларуськаліі“»
У школе Дзьмітры адпрацаваў належныя два гады і сышоў. Ён задавальняў калектыў, але была адна недарэчнасьць. Кіраўніцтву школы не падабалася ягоная прычоска. Яго прасілі састрыгчы той «хвосьцік», але Дзьмітры не пагаджаўся. У выніку яго выклікаў да сябе намесьнік старшыні выканкаму.
«Ён расказаў пра сябе, што мае аж сем дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі. Сказаў, што мая праца ўсіх задавальняе, але... Раптам ён сказаў: „Адзінае табе трэба — састрыжы гэтую х...ню!“ Так і сказаў! Я зьдзівіўся: вось гэта — чалавек з вышэйшымі адукацыямі?», — кажа Дзьмітры. «Хвосьціка» ён не састрыг, са школы звольніўся.
У той час, па словах Дзьмітрыя, ягоны бацька хварэў на анкалёгію. Ён працаваў на «Беларуськаліі», таму напісаў ліст генэральнаму дырэктару, каб пасьля сьмерці на ягоную працу ўзялі сына. Так, кажа Дзьмітры, ён трапіў на «Беларуськалій». Дзевяць наступных гадоў працаваў складальнікам цягнікоў на чыгунцы прадпрыемства. Таксама займаўся дзейнасьцю ў межах дзяржаўнага прафсаюзу і быў старшым грамадзкім інспэктарам.
«Я шмат зьвяртаў увагі на праблемы, недахопы, зьвязаныя з аховай працы, зьвяртаўся да начальства, каб выправілі тое ці тое. Нават атрымаў падзяку за сваю дзейнасьць. Але заўважыў крывадушнасьць — абяцаюць выправіць, зрабіць нешта, а потым адпіскі, ці грошай няма, ці яшчэ што. Я расчараваўся ў гэтай сыстэме», — тлумачыць ён.
«На футболцы напісаў: „Беларус — раб“ і „Я працую на „Беларуськаліі“, я маўчу за грошы“
Дзьмітры верыў, што выбары могуць нешта зьмяніць у краіне. 9 жніўня ён купіў белую футболку, напісаў на ёй „Беларус — раб“ і „Я працую на „Беларуськаліі“, я маўчу за грошы“ і пайшоў галасаваць. Галасаваў на тым жа ўчастку, дзе раней быў намесьнікам старшыні камісіі.
„У камісіі я заўважыў знаёмых настаўніц і папярэдзіў іх пра фальсыфікацыі, нагадаў, што я ведаю, як усё робіцца. Яны ўсьміхаліся і казалі: „Якія вашы доказы?“. Прагаласаваў за Ціханоўскую, зрабіў здымак і пайшоў на вуліцу. Інтэрнэт не працаваў. Я стаяў і калупаўся ў тэлефоне каля школы. Выйшаў міліцыянт і кажа: „Не правакуйце“. А каго я правакаваў? Проста стаяў і калупаўся ў тэлефоне. І тут па мяне прыйшоў патруль, заламалі рукі і павезьлі ў РАУС“, — кажа Дзьмітры.
У той вечар зь ім яшчэ абышліся па-людзку і ноччу адпусьцілі. Назаўтра, 10 жніўня, Дзьмітры зноў пайшоў у цэнтар гораду ў сваёй футболцы. Дайшоў да цэнтру і трапіў у бусік АМАПу.
„Павалілі на падлогу ў бусе, білі нагамі, у вуха два разы пацэлілі“. У РАУС паставілі на расьцяжку і білі ўжо дубінкамі. Прыйшоў намесьнік начальніка міліцыі і пазнаў мяне, бо я ж учора ў іх быў. І пачаў мацюкамі крычаць: „Ах ты ..., ты ж учора ў нас быў, табе мала было?!“ Майку разадралі і выкінулі. Далей білі... добра так. І ня толькі мяне. Крычаў адзін у мой бок: „Здымай зь яго шорты!“ Я спалохаўся, але не зьнялі. Я калі выйшаў і прачытаў, як зь людзей зьдзекаваліся, дык падумаў, што мне яшчэ пашанцавала», — успамінае жыхар Салігорску.
Яго і іншых затрыманых завезьлі ў Любань. Суд даў Дзьмітрыю 15 сутак. Зь Любані затрыманых павезьлі ў Жодзіна.
«Калі ехалі на Жодзіна, было вельмі горача, не давалі вады, не давалі схадзіць у прыбіральню. Людзі скардзіліся, прасілі ўключыць вэнтыляцыю, даць вады. Калі мы пад’ехалі пад турму ў Жодзіне, доўга стаялі ў чарзе і чулі, як там страшна крычаць людзі, як іх там б’юць.... Нас там не прынялі. І калі ехалі назад у Любань, ужо ўсе маўчалі, ніхто ня скардзіўся», — згадвае Дзьмітрый.
«Убачыў шмат жоўтых касак — заплакаў»
Дзьмітры адбыў чацьвёра сутак і трапіў пад «амністыю». «Калі ехаў зь Любані ў Салігорск, то ўбачыў у адным месцы, каля калійнага, шмат жоўтых касак. Я зразумеў, што пачалася, мабыць, забастоўка. Я проста расплакаўся, што людзі выйшлі нарэшце. Расплакаўся ад павагі да беларусаў», — кажа ён.
Дзьмітры Літвін сам пачаў «італьянскі страйк». Кажа, што спачатку яго «прыкрываў» майстар, але потым прыйшоў іншы і Дзьмітрыя перавялі на менш адказны ўчастак працы. Падпісваць новы кантракт зь нявыгаднымі для яго ўмовамі Дзьмітры адмовіўся і 26 кастрычніка далучыўся да страйку. Пасьля гэтага Дзьмітрыя Літвіна звольнілі.
«Трапіў у лапы ГУБАЗіКу за ўдзел у „партызанскай“ акцыі і допісы ў Telegram»
Дзьмітры расказвае, што «актыўнічаў» у страйку, пакідаў шмат допісаў у гарадзкіх тэлеграм-каналах і чатах. Езьдзіў са страйкамаўцамі да помніка Тадэвуша Касьцюшкі, калі там затрымалі дзясяткі жыхароў Салігорску.
Вельмі хутка ім зацікавілася міліцыя.
«Хоць на адным здымку, у падтрымку спартоўцаў, я быў у балаклаве, мне ўсё роўна далі «суткі». Міліцыянт-сьведка нібыта апазнаў мяне па бровах! За мной прыехаў АМАП, гэта было 27 сакавіка, і мяне пасадзілі. Далі 15 сутак плюс дадалі тыя 11, што я не адседзеў у жніўні. І так 26 дзён зноў быў у ІЧУ. Да гэтага яшчэ быў ператрус, забралі тэхніку, тэлефоны... І ў РАУС ужо была размова пра крымінальную справу за допісы ў тэлеграме, нібыта абразы службовых асобаў і гэтак далей. Яны чыталі пры мне мае камэнтары і казалі: «А хто такі «Птушка»? Мы ж разумеем, што гэта ты пра намесьніка начальніка міліцыі пішаш! А хто такія «сабакі»? Гэта мы для цябе сабакі?! І той самы Салавей, намесьнік начальніка міліцыі, крычаў на мяне «Гніда! Ты нікчэмнасьць, ты ніхто! Была б мая воля, я б вас, змагароў, перастраляў! На каго ты палез?! Ты на АМАП пісаў „сабакі“?! Мы іх зараз паклічам, і пакажуць табе!» Пасьля гэтага прыйшлі двое і кажуць: «Табе ў жніўні нічога не паламалі? Зараз табе што-небудзь зламаем», — успамінае Дзьмітры.
У ІЧУ Любані ён сядзеў зь вяскоўцам, які запісаў відэа пра здохлых кароў на адной з фэрмаў. Тое відэа вясковец перадаў у канал, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, і яго схапілі міліцыянты. «Я ня ведаю, што ўжо потым сталася з тым чалавекам... Вельмі шкада яго», — зазначыў жыхар Салігорску.
Пад прымусам ён запісаў «пакаяньне» на відэа, дзе казаў, што просіць прабачэньня, калі каго абразіў сваімі словамі. Пазьней тое «пакаяньне» было разьмешчана на праўладным тэлеграм-канале.
ГУБАЗіК прапанаваў супрацоўніцтва — давялося ўцякаць за мяжу
Калі Дзьмітры сядзеў на «сутках» у Любані, да яго завіталі супрацоўнікі ГУБАЗіК.
«Прапанавалі супрацоўнічаць зь імі. Прапанавалі, што дапамогуць аднавіцца мне на працы. Я баяўся, што завядуць крымінальную справу, абяцаў падумаць пра супрацоўніцтва. Пагадзіўся супрацоўнічаць, каб толькі вырвацца на волю, бо мог і на СІЗА паехаць. Калі я выйшаў, яны далі мне сем дзён, каб я падрыхтаваў тэзісы для выступленьня. Я так разумею, гэта хацелі пусьціць на БТ. Бо там якраз пазьней і выйшла выступленьне аднаго з нашага страйку. Што іх нібыта „кінулі“, абяцалі грошы і не далі, і ўсялякае такое. Відаць, хацелі і са мной такое зрабіць. Адвакат сказаў, што, хоць я і запішу відэа, гэта не гарантыя, што мяне не пасадзяць», — кажа Дзьмітры.
Не прайшло яшчэ сем дзён, якія ГУБАЗіК даў Дзьмітрыю на «складаньне тэзісаў» для выступу, як ён ужо пакінуў Беларусь і прызямліўся ў Варшаве.
«У Польшчы мне шанцуе. То валянтэры дапамогуць, то беларусы. Праўда, пакуль на працу не магу ўладкавацца і ў лягеры трэба жыць. У Варшаве хаджу на ўсе мітынгі і акцыі ў падтрымку Беларусі. Хачу, каб ад мяне быў толк. Ня так, што я зьехаў, як некаторыя часам, і пра ўсё забыўся. „Перагарнуў старонку“. Не. Я нічога не забыўся. Мяне, натуральна, выбіла з каляіны, што мяне проста выціснулі з краіны, як і многіх актыўных беларусаў. Але я хачу вярнуцца. Я хачу набрацца досьведу ў Польшчы, як тут усё працуе, і вярнуцца на радзіму. Толькі ў турме я сядзець не хачу», — падсумаваў Дзьмітры Літвін.