Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўразійскі фарпост» Лукашэнкі як адчайная спроба захаваць падтрымку Крамля


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Анансаваная на 28 траўня сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі будзе праходзіць на вельмі неспрыяльным і нэрвовым для Аляксандра Лукашэнкі фоне. Гісторыя з самалётам і відавочна нечаканая для афіцыйнага Менску рэзкая рэакцыя Захаду, падрыхтоўка да сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі — усё гэта пад новым ракурсам паставіла пытаньне пра характар адносінаў Менску і Масквы.

Сьцісла

  • Нават Маргарыта Сіманьян ня верыць у афіцыйную вэрсію Менску і кажа: «Ну навошта вы апраўдваецеся?»
  • Адбылася зьмена інтанацыі і акцэнтаў у расейскіх тэлеграм-каналах, агульным матывам стала фармулёўка: «Лукашэнка надакучыў, Лукашэнку зьліваюць».
  • Удзельнікаў расейскіх тэлешоў хвалюе толькі адно — наколькі Лукашэнка «іхны», прарасейскі.
  • А тут яшчэ артыкул у «Коммерсанте» (расейскае выданьне, якое Лукашэнка даўно ня любіць) з цытатай: «Нужно признать, что проект Лукашенко закрыт».

На расейскім «Первом канале» вядоўцы ток-шоў «60 минут» Вольга Скабеева і Яўген Папоў падчас перадачы некалькі разоў папракалі Лукашэнку ў стылі «Колькі можна абяцаць, мы ўжо ня верым толькі словам, калі ж будуць дзеяньні, г. зн. сапраўдная інтэграцыя».

Уладзімір Салаўёў цягам году ў кожнай сваёй перадачы фактычна заяўляе, што ў яго да Лукашэнкі шмат прэтэнзіяў, і галоўныя зь іх — няўцямны і неканкрэтны адказ на пытаньне «Чый Крым?», а таксама славутая «шматвэктарнасьць». Заўважым, што Салаўёва і гасьцей ягонай студыі не цікавіць, колькі беларусаў падтрымліваюць Лукашэнку, не кранаюць зьверствы беларускіх сілавікоў і зьняволеньні за сарваную балаклаву — мараль, правы і справядлівасьць не зьяўляюцца для іх істотнымі каштоўнасьцямі. Іх хвалюе толькі адно — наколькі Лукашэнка «іхны», прарасейскі.

І трэба адзначыць, што за апошнія дні адбылася даволі прыкметная зьмена інтанацыі і акцэнтаў у расейскіх тэлеграм-каналах, агульным іх матывам стала фармулёўка: «Лукашэнка надакучыў, Лукашэнку зьліваюць». Гэта, вядома, зусім не азначае, што так і ёсьць, што Крэмль сапраўды прыняў такое рашэньне, але хваля такіх выказваньняў надта заўважная.

Беларускі праўладны экспэрт Пётар Пятроўскі ўвогуле напісаў, што трэба адмяніць сустрэчу прэзыдэнтаў ЗША і Расеі:

«Гэта тычыцца, перш за ўсё, патрэбы адмяніць сустрэчу Пуціна і Байдэна. Гэты крок будзе дэманстраваць настойлівасць і самастойнасьць Расеі, а таксама яе салідарнасьць са сваімі саюзьнікамі, кансалідацыю эўразійскага інтэграцыйнага блёку. Гэта будзе сыгнал Захаду, што Масква ня верыць у пэрспэктывы „перазагрузкі“ і гатовая дзейнічаць у кантэксьце новага біпалярнага сьвету па-за Захадам», — піша Пятроўскі.

Відавочна, афіцыйны Менск асьцерагаецца, што Расея і ЗША ў рамках нейкай «вялікай стратэгічнай угоды», у рамках геапалітычнай шахматнай гульні, шляхам узаемных саступак і кампрамісаў (кшталту «вам Украіна, нам Беларусь») могуць прыйсьці да кансэнсусу наконт стаўленьня да цяперашняга беларускага рэжыму.

(Дарэчы, варта заўважыць, як тыя ж праўладныя экспэрты часам «бягуць наперадзе бацькі». Калі яшчэ не было вядома пра афіцыйную рэакцыю Менску на інцыдэнт з самалётам, яны ўжо пісалі пра бліскучую апэрацыю КДБ, гэты «наш беларускі Масад», які прадэманстраваў уцекачам, што «гатовы адлоўліваць іх на зямлі, у нябёсах і на моры» (цытата з таго ж Пятроўскага). А ў Расеі Маргарыта Сіманьян, кіраўніца Russia today і «Спутника», шчыра напісала, што зайздросьціць Беларусі, што тая можа дазволіць сабе такія спэцапэрацыі. Цікава, што пасьля таго, як зьявілася афіцыйная вэрсія і Лукашэнка ў выступе 26 траўня ўсяляк даказваў, што Менск нічога не плянаваў, а ўсё, што адбылося — гэта правакацыя Захаду, то Сіманьян на перадачы ў Салаўёва даволі расчаравана сказала: «Ну навошта яны апраўдваюцца. Ня трэба ім было апраўдвацца»).

Тут і вірусныя словы дэпутата ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Сяргея Іванова, які назваў Лукашэнку загнанай у кут жывёлай. А гэта ж таксама адметны знак — бо партыя Жырыноўскага дзеля таго і існуе ў расейскай палітычнай прасторы, каб даваць такія «знакі», каб рабіць рэзкія заявы, якія больш «сур’ёзныя» палітыкі не заўсёды могуць сабе дазволіць, а гэтым «можна».

А тут яшчэ артыкулы ў расейскім выданьні «Коммерсантъ» (якое Лукашэнка даўно ня любіць) з цытатай: «Нужно признать, что проект Лукашенко закрыт».

Лукашэнка ўсё гэта бачыць і вырашае, што трэба неяк рэагаваць. Ён зьбірае вялікае паседжаньне, дзе разам з ключавымі міністрамі заяўляе прыблізна наступнае: Захад — наш спрадвечны вораг, хоча нас зьнішчыць, скарыць Беларусь, каб працягваць наступ на Расею, і гэтак далей.

«Псыхалягічна наша грамадзтва гатова стаць часткай новай Эўразіі, яе фарпостам», — кажа Лукашэнка фразу, якая адразу выклікае захапленьне ў Дзерманта, Пятроўскага і расейскіх прыхільнікаў. У перадачы Салаўёва на РТР адзін з удзельнікаў патэтычна ўсклікаў — «Лукашэнка нездарма сказаў „фарпост“! Разумееце? Беларусь гатовая быць нашым фарпостам, перадавым атрадам у бітве з Захадам».

Ці згуляе гэтая стаўка напярэдадні сустрэчы ў Сочы? Ці задаволіцца Пуцін чарговымі словамі Лукашэнкі пра сваю вернасьць Расеі? Або кіраўнік Расеі адкажа ў стылі вядоўцаў «60 минут»: «Ты ня словамі, а справай даказвай. Інтэграцыя, прадпрыемствы, база, канстытуцыйная рэформа паводле нашага сцэнару».

Мы ня ведаем. Але Лукашэнка ўсьведамляе, што ягоныя пазыцыі ў «дыялёгу» з Масквой як ніколі слабыя, і таму робіць адчайныя заявы ў спробе ўтрымаць падтрымку Крамля. Цаной будучыні і цаной нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG