«Калі мяне забіралі сілавікі, я больш перажываў за ўнівэрсытэт»
Мікіта Камянецкі — былы студэнт БДПУ. Цяпер навучаецца ў Музычнай акадэміі Ковенскага ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага. У Беларусі ў Мікіты пачаліся праблемы праз тое, што ён выступаў у дварах, граў на акардэоне. Пасьля чарговага канцэрту хлопца вывезьлі сілавікі. Да гэтага, кажа Мікіта, яму шанцавала, заўжды ўдавалася ўцячы.
«Я ведаў, што мяне зловяць, але працягваў граць. Я прыехаў, папрасіў людзей не даставаць сьцяжкі і парасоны, каб мы ня кідаліся ў вочы і ўсе спакойна слухалі музыку. Быў цудоўны канцэрт, і тут прыяжджае міліцыя. У мяне ўжо адладжаная сыстэма: кладу акардэон і бягу ў пад’езд. Я схаваўся, потым у жыхароў двара папіў гарбаты, паразмаўлялі, і я вырашыў, што ўжо можна ехаць дамоў. Сеў я ў таксоўку, праходзіць хвіліна, падʼяжджаюць два бусы, выбягаюць АМАПаўцы ў бронекамізэльках з балёнчыкамі газавымі (быццам я тэрарыст з акардэонам) і як пачынаюць гарлаць: «Выйшаў з машыны!». А я ім і кажу: «Дык я ж яшчэ не прыехаў», — сьмяецца Мікіта.
Хлопец параўноўвае сваё затрыманьне з блокбастэрам. Далей ён у судзе сам папрасіў суткі, каб хутчэй забраць акардэон і тэлефон, бо калі б прысудзілі штраф, забіраць рэчы было б нашмат даўжэй.
«Я іх [сілавікоў. — РС] не зусім баяўся, калі мяне забіралі, а больш перажываў за ўнівэрсытэт. Але мне было цікава, што са мной будзе далей — прага адрэналіну. На Акрэсьціна са мной былі айцішнік, лекар, рабочыя і музыкі (у нас цэлы аркестар і жаночы хор атрымаўся), а вось у Жодзіне любяць пазьдзекавацца супрацоўнікі, хоць нас і ня білі. Мне было страшна, што могуць даць нейкі яшчэ артыкул, нешта прыляпіць».
Мікіта даведаўся пра сваё магчымае адлічэньне. Вырашыў, што варта спрабаваць паступіць у Літву, бо неўзабаве маглі забраць у войска.
«Я даслаў відэа, як я граю, і мне прапанавалі навучацца адразу з другога курсу ў Музычнай акадэміі. У Беларусі я вучыўся на настаўніка музыкі, а тут мне прапанавалі, так бы мовіць, круцейшае навучаньне, бо Акадэмія — гэта вышэй па складанасьці і па выніку больш прэстыжна».
Мікіта зьехаў зь Беларусі ў лютым. Кажа, што страху пераяжджаць не было, бо загадзя рыхтаваўся. Больш за ўсё пужаў праход празь мяжу.
«Я баяўся мяжы, бо ня ведаў, якая будзе сытуацыя. Здавалася, па дакумэнтах я магу праехаць спакойна, але ж мытнікі могуць павесьці сябе абсалютна непрадказальна. Я чуў шмат навін, калі хлопцаў забіралі проста зь мяжы і адпраўлялі ў войска адразу ж. Я нікому не расказваў, што зьяжджаю, нават сябрам, перастрахаваўся. На мяжы мяне доўга надглядалі, але ўсё ж такі выпусьцілі».
Мікіта кажа, што бацькі моцна перажывалі празь ягоную «прагу адрэналіну». Таму ня толькі падтрымалі ідэю зь пераездам, але нават паставілі ўльтыматум: калі ня зьедзе, то перастануць зь ім кантактаваць.
«Я без сумневаў зьехаў, і бацькі задаволеныя. Вядома, некаторы час, як я прыехаў, я не разумеў, што я раблю, навошта я тут. Страхі былі, быў культурны шок, але мне гэтае адчуваньне знаёмае, бо я шмат падарожнічаў. Я сабраўся і пачаў рыхтавацца да вучобы і даведвацца, як тут усё наладжана».
Цяпер у Мікіты навучаньне на ангельскай мове, але выкладчыкі дапамагаюць і сёе-тое тлумачаць па-расейску. Літоўцы ўвогуле добра ставяцца да беларусаў, кажа хлопец.
«Я заўсёды імкнуся мінусаў не знаходзіць. Вядома, складанасьць у тым, што ў Беларусі ў мяне атрымлівалася сьпісваць, выкручвацца, а ў Літве трэба ўсё вучыць, выконваць, — жартуе Мікіта. — Цяпер я атрымаў часовы від на жыхарства і буду старацца ўладкавацца на працу».
На пытаньне, што варта зьмяніць у беларускай сыстэме адукацыі, Мікіта адказвае так:
«У беларускай сыстэме трэба шмат чаго прыбіраць, і кірунак варта браць не на вось гэтую савецкую дысцыплінаванасьць, а на асабістую адказнасьць студэнта. Калі чалавек сам зразумее, што яму трэба, тады ён і вучыць гэта значна хутчэй, больш старанна і правільна. Таму што ў Беларусі нас прымушалі „сядзець“ на занятках і завучваць, да таго ж вельмі шмат лішніх прадметаў. У Літве такога няма. Ёсьць канкрэтна мая спэцыяльнасьць як музыкі, даецца толькі тое, што неабходна. У Беларусі я б зрабіў так, каб наведваньне было вольным, прыбраў бы непатрэбныя прадметы, каб чалавек проста сфакусаваўся на асноўным. А яшчэ патрабаваў бы менавіта ведаў, каб студэнт на іспыце ня сьпісваў і ўсё сам расказваў».
Мікіта хоча вярнуцца ў Беларусь, але ці будзе жыць там, яшчэ ня ведае.
«Я б з прыемнасьцю вярнуўся. Мяне цягнуць людзі. Нават падчас мітынгаў я з многімі даволі шчыльна пасябраваў, яны мне шмат дапамагалі, усё гэта ўзгадваю зь цеплынёй на душы. У мяне пыталіся, кім я буду ў новай Беларусі, я адказваў: «Хоць кім, толькі не прэзыдэнтам, усё ж такі мая справа — музыка».
«Паліцыянтка давезла мяне да інтэрнату»
Уладзіслаў — былы студэнт БНТУ. Цяпер навучаецца на факультэце інфарматыкі ў Коўне.
«Першапачаткова я разглядаў „праграму Каліноўскага“ ў Польшчы, але захацелася больш у Літву, бо мне сымпатычныя невялікія краіны. У мяне былі цяжкасьці з ангельскай, але многія выкладчыкі тут гавораць на расейскай. Да таго ж у нас былі курсы літоўскай. Ёсьць невялікі бонус на факультэце інфарматыкі, бо ў нас свая мова — праграмаваньня», — кажа Ўладзіслаў.
Пра Беларусь цяпер хлопец выказваецца даволі рэзка.
«Я ўспамінаю пра Беларусь, і мне проста сорамна пасьля таго, што адбылося. Многіх людзей я перастаў „пераварваць“. У мяне сытуацыя крыху лепшая, чым у некаторых студэнтаў, якія ня могуць вярнуцца, бо праходзяць па нейкіх крымінальных справах. Я магу і буду езьдзіць у Беларусь, але жыць там я не хачу. Я чалавек з разраду „веру ў лепшае, але рыхтуюся да горшага“. Я паспрабаваў нешта зьмяніць, але гэта кропля ў моры. Калі б кожны гэтую кроплю паднёс, то, можа, нешта і было б лепш».
Уладзіслаў, як і Мікіта, таксама зьвяртае ўвагу, што ў літоўскім унівэрсытэце няма такога мноства няпрофільных прадметаў, як у Беларусі.
«У Беларусі вас могуць адлічыць з тэхнічнай ВНУ з прычыны фізкультуры. У Літве няма ніякіх прадметаў кшталту „асноў жыцьцядзейнасьці“ ці „ідэалёгіі“. Ёсьць тыя, што наўпрост зьвязаныя са спэцыяльнасьцю. Мне падабаецца яшчэ, што тут свае дэдлайны: калі вы не пасьпяваеце зрабіць свой праект, можаце дамовіцца з выкладчыкам і здаць трошкі пазьней, альбо зрабіць раней і не прыходзіць на пару. Тут уся сыстэма больш унівэрсальная, гібрыдная, яна можа рухацца і падладжвацца. А не як у Беларусі: вы павінны хадзіць на кожную пару, галоўнае — прысутнасьць. Ну, а сэнс тады ў чым? У БНТУ стварылі такія ўмовы, пры якіх ты цярпець ня можаш гэты ўнівэр».
Праз зручны графік вучобы студэнты маюць магчымасьць працаваць.
«Цяпер я працую ў расейскім сэрвісе па вэрыфікацыі дадзеных. Атрымліваю каля 500 даляраў: 150 ідзе на ежу, частка на заняткі з рэпэтытарам, і можна штосьці адкласьці. У Беларусі я рабіў столькі ж працы, але заробак быў у два разы меншы. Літва мне падабаецца значна больш, бо людзі тут больш ветлівыя. Ва ўнівэры, нават калі чалавек вас ня ведае, ён заўсёды з вамі вітаецца».
Хлопец кажа, што яму зусім не было самотна ў новай краіне.
«Я быў завочна знаёмы зь некаторымі студэнтамі яшчэ да таго, як прыляцеў, у нас была група ў тэлеграме. Калі я прыехаў, я ўжо ведаў, што, куды і як рабіць. Пасьля я засяліўся ў адзін пакой са сваім сябрам. Мне наогул не было сумна, нават на карантыне. Тут людзі неяк спрабуюць наладжваць камунікацыю».
«Аднойчы я заблукаў у Коўне, падышоў у бліжэйшы паліцэйскі ўчастак, там была супрацоўніца да 30 гадоў, і я паказваю ёй мапу, тлумачу, куды мне трэба дабрацца, а інтэрнат у мяне дзесьці 6 км ад гораду і даехаць складана. І яна мне кажа: „Прыпынак далёка, аўтобус яшчэ ня хутка, давайце я вас падвязу“. І вось з самай Коўны мяне давезла паліцыянтка да параднага ўваходу інтэрната».
«Тут свабодна і бясьпечна»
Зьміцер Грамадзкі — былы студэнт МДЛУ, сябра Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Хлопца адлічылі за ўдзел у забастоўцы 26–29 кастрычніка.
«Тады яшчэ не было „справы студэнтаў“, і мы ня думалі пра крымінальную адказнасьць. Выключэньне з унівэру было чаканым, хоць у мяне была выдатная пасьпяховасьць. Мне пашанцавала, што я зьехаў. Я прыйшоў ва ўнівэрсытэт 30-га, вырашыў некаторыя справы, разьвітаўся зь сябрамі, і 1 лістапада я зьехаў у Кіеў, пэўны час жыў паміж ім і Львовам. Да мяне пераехала дзяўчына, і мы вырашалі, дзе нам будзе камфортней спыніцца, як нам быць з адукацыяй. І вось якраз Ковенскі ўнівэрсытэт прапанаваў нам перавесьціся на трэці курс з чатырох. Цяпер я вывучаю ангельскую філялёгію, крыху адрозную ад спэцыяльнасьці, што была ў Беларусі», — кажа Зьміцер Грамадзкі.
Зьміцер разам са сваёй дзяўчынай 4 месяцы жылі ва Ўкраіне, бо праз праблемы з дакумэнтамі пара не магла выехаць у Літву. Але Зьміцер кажа, што быў гатовы да магчымых цяжкасьцяў.
«Мяне ўся сям’я выпіхвала зь Беларусі „ад граху далей“, што не было часу абдумаць усё, быў проста шэраг задач: сабраць рэчы, дакумэнты, разьвітацца зь сябрамі. Раман Бандарэнка быў яшчэ жывы, „плошча Перамен“ не разрабаваная, не было пачуцьця, што мы перайшлі ў доўгую стадыю барацьбы, што ад’езд стане катастрафічным. А вось пасьля сьмерці Рамана накрыла хваля нэгатыву. Я ж зьехаў за пару тыдняў да таго, таму спакойна ўспрымаў пераезд».
Зьміцер кажа, што адчувае сябе добра ў новым горадзе.
«Па самім горадзе цячэ Нёман, што вельмі прыемна, бо гэта сваё. Коўна мне нагадвае ўсё лепшае, што ёсьць у Полацку. Тут файна. Канечне, бывае сумна і самотна, што ты ня дома, і але тут ёсьць заўжды з кім пагаварыць».
Хлопец кажа, што ў Літве адчувае сябе ў бясьпецы.
«Калі бачыш паліцыю, ты разумееш, што яны табе нічога ня зробяць. У Літве вельмі паважаюць усіх прадстаўнікоў закону. Тут свабодна і бясьпечна».
У Ковенскім унівэрсытэце дзейнічае сыстэма «mid-term», што робіць ацэньваньне студэнтаў больш аб’ектыўным, лічыць Зьміцер.
«Адзнака тут складаецца з трох частак: хатняя праца (можа быць адзін праект ці некалькі частак, напрыклад, эсэ), сярэднесэмэстравы іспыт і кантрольная работа. Ёсьць студэнты, якія любяць сядзець на занятках ціха, але яны ва ўсім разьбіраюцца. Для іх такая сыстэма будзе добрая», — тлумачыць перавагі Зьміцер.
«Мяне ўразіла, што адсутнічае вучэбная група, мне вельмі падабаецца такі фармат, бо ты ў выніку больш узаемадзейнічаеш з рознымі людзьмі, хоць навучаньне і дыстанцыйнае. Гэта, канечне, вельмі складаная арганізацыя раскладу, але я лічу такое навучаньне больш эфэктыўным».
Цяпер Зьміцер пастаянна жыве ў Коўне і выбіраецца на акцыі салідарнасьці ў Вільню.
Калі пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць беларускіх студэнтаў, унівэрсытэт Вітаўта Вялікага стварыў адмысловы фонд падтрымкі. Цяпер тут навучаюцца 59 студэнтаў зь Беларусі. Дзякуючы фонду 17 студэнтаў былі прынятыя ў Акадэмію адукацыі і на факультэты паліталёгіі і дыпляматыі, інфарматыкі, натуральных навук, эканомікі і кіраваньня, адзначаецца на сайце ўнівэрсытэту.
«Наша ініцыятыва аказалася карыснай, і мы рады, што можам аказаць рэальную падтрымку. Мы будзем працягваць аказваць яе да таго часу, пакуль будзе патрэба заставацца ў суседняй дзяржаве», — сказала дацэнт, прафэсар Вільма Біейкене. У паведамленьні на сайце ўнівэрсытэту яна дадае, што вельмі важна, каб падтрымка беларусаў літоўцамі і іншымі дэмакратычнымі краінамі заставалася непахіснай, і што гэтая барацьба супраць бязьлітаснай сыстэмы не павінна стаць проста штодзённай навіной у сродках масавай інфармацыі.