Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паеду дахаты і буду сьпяваць „Разбурылі турмы муры“», — Маргарыта Ляўчук пра дзень перамогі, удзел у «Эўравізіі» і Лукашэнку ў «Лебядзіным»


Маргарыта Ляўчук.
Маргарыта Ляўчук.

Сьпявачка Маргарыта Ляўчук дату перамогі новай Беларусі зрабіла пін-кодам на сваім тэлефоне. Маргарыта Ляўчук згадвае, як запрасіла Лукашэнку ў опэру на гала-вячэры ў рэстарацыі «Лебядзіны», разважае пра магчымы ўдзел дуэту «Красная зелень» у «Эўравізіі» і пра эфэктыўны сатырычны адказ на дыктатуру.

Глядзіце размову цалкам на відэа.

Маргарыта Ляўчук, 30 гадоў. Опэрная сьпявачка, акторка. Сапрана. Нарадзілася ў Берасьці. Скончыла музычную школу, Берасьцейскі музычны каледж, Акадэмію музыкі. Удзельніца міжнародных конкурсаў, фіналістка расейскага тэлевізійнага конкурсу «Вялікая опэра» (2017). Былая салістка Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Удзельнічала ў перадвыбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Адказная ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве за пытаньні культуры і нацыянальнай спадчыны. У сувязі зь перасьледам у Беларусі, які пачаўся, калі гастралявала ў Літве, была вымушана застацца там зь сярэдзіны восені 2020-га. Разам з гітарыстам Андрэем Павуком стварылі гумарыстычны дуэт «Красная зелень».

Сьцісла

  • «Шчучыншчыну» перасьпявала ў опэры ў акадэмічным стылі. Ня ведала, што буду займацца палітычнай сатырай, але і ў гэтым сябе крута адчуваю.
  • Калі сьпяваеш «Авэ Марыю» ці «Купалінку», пачынаеш плакаць. Нават калі зараз кажу пра гэта, камяк у горле. Гэтыя песьні цяпер маюць асаблівы сэнс.
  • Антыгерояў рэвалюцыі ня трэба ў опэру. Аляксандар Рыгоравіч ніколі не хадзіў у опэру. Ня любіць гэтага. Толькі хакей.
  • Я тады палітыкай не цікавілася, толькі сьпявала. Зараз, канечне, я ня буду для іх сьпяваць. Усё зьмянілася.
  • Я ведаю, што ўсё будзе добра, і ведаю калі. Я зрабіла пін-кодам на тэлефон дзень, калі мы пераможам. Гэта будзе ў траўні.


Вядзьмарка і вальнадумная дзяўчына


— Маргарыта, я шмат вас слухала ў розных фарматах, і ў кожным вы абсалютна розная і пры гэтым натуральная. Які ваш вобраз вам самой найбольш адпавядае — Сольвэйг у джазавай вэрсіі ў дуэце з Аракелянам, ці калі сьпяваеце «Пагоню» ў літоўскім парлямэнце, ці «Тры чарапахі» з Вольскім, ці калі троліце «ябацек» разам з Павуком, ці на мітынгу Ціханоўскай, ці калі выконваеце арыю Джульеты на клясычнай опэрнай сцэне?

Афіша віленскага канцэрту Маргарыты Ляўчук
Афіша віленскага канцэрту Маргарыты Ляўчук

— З маленства вельмі люблю сьпяваць. Выконвала розныя партыі і арыі. Я ўсё люблю, што сьпяваю. Што ня будзе падабацца, ня буду сьпяваць. Канечне, ёсьць улюбёныя партыі — Кунігунды з апэрэты Бэрнстайна «Кандыд», Царыцы ночы з «Чароўнай флейты» Моцарта. Падабаецца розная музыка і розныя арыі, але вельмі люблю характарныя. У партыі Царыцы ночы я вядзьмарка, а ў партыі Кунігунды — вальнадумная дзяўчына. Вельмі люблю сьпяваць песьні па-беларуску. Мне пішуць людзі, што беларуская мова ў маіх песьнях гучыць пяшчотна, зь любоўю, чуваць, што гэта мая мова.

— Ці маглі вы ў сакавіку 2020 году ўявіць, дзе вы будзеце цяпер, што будзе адбывацца ў Беларусі? Каб вам тады сказалі, што вы будзеце сьпяваць на перадвыбарчых мітынгах Ціханоўскай і будзеце вымушаныя пакінуць Беларусь, як бы вы зрэагавалі?

— «Не брашы. Што ты кажаш?» — сказала б. Ніколі б не падумала, што буду такім рэвалюцыянэрам-апазыцыянэрам. Але ж жыцьцё падносіць сюрпрызы. Праўда, сатыру я заўсёды любіла. «Шчучыншчыну» перасьпявала ў опэры ў акадэмічным стылі. Ня ведала, што буду займацца палітычнай сатырай, але і ў гэтым сябе крута адчуваю.


Для антыгерояў — сатырычны фармат


— Як зьмянілі вас гэтыя 7–9 месяцаў як сьпявачку, як беларуску, як дзяячку культуры?

— Я стала больш сэнтымэнтальнай. Магу плакаць. Нядаўна чытаю для аднаго праекту ліст палітвязьня і плачу, не магу дачытаць да канца. Усё пераварочваецца ўнутры. Калі некаторыя песьні сьпяваеш, напрыклад, «Авэ Марыя» ў перакладзе Вольскага, «Купалінку» тую ж самую, пачынаеш плакаць. Нават зараз, калі кажу пра гэта, камяк у горле. Гэтыя песьні цяпер маюць асаблівы сэнс.

Калі я рабіла інтэрвію з опэрнай сям’ёй (прымай Марыінскага тэатру Марынай Шагуч і дырыжорам Аляксандрам Хайндравам), запытала іх, якія опэрныя арыі маглі б ускосна характарызаваць такіх палітыкаў, як Лукашэнка, Пуцін, Трамп і Саакашвілі? Лукашэнку яны прапанавалі «Ни сна, ни отдыха измученной душе» Гадунова, для Пуціна арыі не знайшлося, Саакашвілі — Фігара, і Трампу — Фальстафа. А якія опэрныя арыі, на ваш погляд, найбольш пасуюць героям і антыгероям беларускай рэвалюцыі?

— Што да антыгерояў рэвалюцыі, то ня трэба іх у опэру. Няхай яны будуць у сатырычным фармаце. Увогуле, Аляксандар Рыгоравіч ніколі не хадзіў у опэру, і ня трэба яго параўноўваць з опэрнымі пэрсанажамі. Ён любіць хакей. Каб любіў опэру, хадзіў бы ў опэру, і ўсё ў нас было б добра з заробкамі ў сфэры культуры. А чалавек ня любіць гэтага. Толькі хакей, толькі спорт.

— Опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў казаў Свабодзе, што марыць, каб у Беларусі было шмат опэрных тэатраў, каб яны былі ва ўсіх абласных і вялікіх гарадах. А якая ваша опэрная мара?

— Гэта было б крута. Павінна хаця б два-тры опэрныя тэатры быць, каб была канкурэнцыя. У нас адзін тэатар, і ўсе такія расслабленыя, памяркоўна павольныя, нічога ня трэба рабіць, ні з кім ня трэба канкураваць. Я думаю, што ў пэрспэктыве ў нас будзе болей опэрных тэатраў.

— Цяпер для опэрных сьпевакоў праз пандэмію няпросты час. У вашым выпадку яшчэ дадаўся вымушаны адʼезд. Як вы бачыце сваю прафэсійную карʼеру далей?

— Я пазытыўчык, таму думаю, што скончыцца ковід і ўсё астатняе, усе будуць працаваць, і ў нас пачнецца новы этап. Мы ўжо год так жывём, пажывём яшчэ. Я сябе знайшла ў іншым жанры. Мне шкада опэрных сьпевакоў, якія толькі ў опэры працуюць, толькі ў адным напрамку. І мне нічога ня страшна, бо я знайду сябе ў іншым, абы было для каго сьпяваць і былі песьні.


Як здымала на відэа Лукашэнку ў рэстарацыі «Лебядзіны»


— Вы ў свой час былі на гала-вячэры ў рэстарацыі «Лебядзіны», тады ж там быў Лукашэнка. Можаце згадаць, што там адбывалася? Як вы ставіліся да Лукашэнкі тады і цяпер?

— Я нават ня ведала, куды іду. Патэліла Натальля Эйсмант, сказала: «Прыходзьце, калі ласка, мы вас запрашаем». Я не пачула куды, але зразумела, што мне ня трэба будзе сьпяваць, што гэта проста нейкая вячэра. Я прыйшла. У нас не забралі тэлефоны (іх забіраюць звычайна, калі з Лукашэнкам сустракаесься). А там нічога такога не было. Мне сказалі, што тут адкрыцьцё рэстарану. Думаю — ну дык трэба ўсё паздымаць. І тут неяк хоп — і Лукашэнка. І яго зьняла. Пазьней зразумела, што гэта было інкогніта і нельга было яго здымаць. Але ж усе бачылі, што я яго здымаю, і ніхто нічога не сказаў. Таму я трошачкі«здала», што ён быў там.

— А што за музыка там гучала?

— Розная. J Mors граў. Цыганы сьпявалі. Гурт «Тяни-Толкай». Госьці сьпявалі. Я не сьпявала, толькі танцавала. З Лукашэнкам размаўлялі, я яго запрасіла на опэру. Я неўзабаве павінна была выконваць «Травіяту» Вэрдзі ў Вялікім тэатры. «Так, я прыйду», сказаў, але, канечне, не прыйшоў, таму што опэру ён ня любіць.

Я зь ім як проста з чалавекам размаўляла. Усе там, канечне, «маліліся» на яго зь вялікімі вачыма. А я спакойна, як са звычайным чалавекам. Я ўвогуле тады палітыкай не цікавілася, што там адбываецца, хто там злачынца і ўсё такое. Я толькі сьпявала. Цяпер, канечне, я ня буду для іх сьпяваць. Усё зьмянілася.


Пра «Красную зелень»


— Разам з Андрэем Павуком вы сталі сапраўднымі зоркамі Ютубу. Як гэта ўсё пачалося і як вы зьбіраецеся гэта працягваць?

Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук
Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук

— Так склаўся лёс, што мы разам апынуліся. Творчыя пляны ў нас клясныя. Неўзабаве Дзень Волі, будзем нешта запісваць, каб падтрымаць і натхніць беларусаў. Толькі наперад, у будучыню глядзім. Разам будзем пакуль з Андрэем. Чакайце новых песень, новых прэмʼераў. Будзем вас натхняць.

— Ці думалі вы пра магчымасьць удзелу ў «Эўравізіі» як прадстаўнікоў не афіцыйнай, а вольнай Беларусі? Ці самі б вы хацелі б выступіць і зь якой кампазыцыяй? У сапраўдных сьпевакоў скептычнае стаўленьне да гэтага конкурсу...

— Якое скептычнае... Яны ўсе б хацелі выступіць. Гэта ж зайздрасьць. Калі беларусы гэтага захочуць у нашай новай краіне, чаму б і не. Павук кажа: «Не, я не паеду, я табе напішу песьню, і ты едзь». Я адказваю, што адна не паеду, толькі з табой. Гэта ўсё сьмех, але чаму б не? Паедзем і паглядзім, што з гэтага можа адбыцца. Калі захочуць беларусы. Самі ня будзем ірвацца. Але ж беларусы ўжо хочуць, нейкія апытанкі праходзяць, нам пішуць, каб мы на «Эўравізію» ехалі...

Пра дзень перамогі ў траўні


— У вас, акрамя творчых справаў, поўна працы ў НАК Паўла Латушкі. На чым цяпер вы сканцэнтраваныя?

— Гэта вельмі складаная праца для мяне як для опэрнай сьпявачкі. У нас вельмі добрая каманда прафэсіяналаў. Дзякуй вялікі Мікалаю Халезіну, які адказвае за рэформы сфэры культуры ў новай Беларусі. Не магу сказаць, што я там лідэр, хутчэй экспэрт. Магу відэа запісаць, падтрымаць нейкую ініцыятыву (як чытаньне лістоў палітвязьняў). Я не палітык, больш хачу сьпяваць, таму гэтыя два кірункі спрабую неяк разам спалучаць, але творчасьць, канечне, перамагае.

— Вялізарная колькасьць творчых людзей у Беларусі страцілі працу, зазналі рэпрэсіі праз сваю грамадзянскую пазыцыю. У якой сфэры культуры сытуацыя сапраўды катастрафічная, з вашага пункту гледжаньня?

— Думаю, што найцяжэй музыкам. Але Фонд культурнай салідарнасьці падтрымлівае і музыкаў, і ўсіх дзеячоў культуры. Вялікі дзякуй Сяргею Будкіну, Аляксандру Чахоўскаму, якія вялізарную працу робяць. І НАК зь імі ў шчыльным кантакце. Дзякуй усім, хто падтрымлівае нашых артыстаў, культурных дзеячоў.

— Вы казалі ў навагоднім звароце, што 2021 год павінен быць годам перамогі. Які ваш творчы і грамадзянскі настрой у першы месяц вясны? Зь якім настроем гледзіце ў будучыню?

— Толькі з пазытывам. Я веру ў свае сны, а яны вельмі пазытыўныя. Я ведаю, што ўсё будзе добра, і нават ведаю калі. Я вучуся ўсё візуалізаваць, таму што гэта вельмі дапамагае ў жыцьці. Таму я зрабіла пін-кодам на свой тэлефон дзень, калі мы пераможам. Думаю, што менавіта ў гэты дзень мы пераможам. Не скажу, які дзень, але думаю, што гэта будзе ў траўні. Тады я буду плакаць, тэлефанаваць усім, усёй сваёй сямʼі. Вазьму ўсе свае торбы і пакеты і прыеду дахаты. Будзе душа сьпяваць. А я буду сьпяваць ужо не «Разбуры турмы муры», а «Разбурылі турмы муры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG