Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Занадта шмат бед абрынулася на яго». Што кажуць сябры пра загінулага 18-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага?


Пратэст у Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, 25 жніўня 2020
Пратэст у Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, 25 жніўня 2020

Вечарам 25 траўня ў Менску скончыў жыцьцё самагубствам Дзьмітрый Стахоўскі, фігурант крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках».

Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны».

На сваёй старонцы «ЎКантакце» хлопец напісаў, што прычынай ягонага ўчынку стаў перасьлед па 293-м артыкуле («арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках») і што на яго маральна ціснулі.

Дзяўчына, якая ведае Дзьмітрыя з 12 гадоў, распавяла, што ў дзень суіцыду хлопца выклікалі на допыт, яму пагражалі, што пасадзяць. На яго завялі справу за мітынг. Калі затрымлівалі, у яго скралі тэлефон, гэта было яшчэ ў жніўні. З гэтага часу яго не пакідалі, быў пастаянны ціск, у яго рабілі вобшукі. «Яго давялі», — кажа дзяўчына. Яна пацьвердзіла, што хлопец скочыў з 16-павярховага будынку.

Сябры расказалі пра Дзьмітрыя Стахоўскага, які вучыўся на другім курсе Менскага дзяржаўнага прафэсійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасьці і комплекснай лягістыкі. Яго будучая спэцыяльнасьць была — страхавы агент, апэратар ПЭВМ.

Аднагрупнікі кажуць, што ў каледжы нічога не казалі пра суіцыд. Яны даведаліся пра гэта ад валянтэраў, калі ехалі дахаты з заняткаў.

Па словах сяброў, Дзьмітрый быў сіратой, у яго ёсьць цётка і прыёмная сям’я ў Італіі. Ці вядома гэтай сям’і пра тое, што здарылася зь Дзімам, яны ня ведаюць.

«У жніўні 2020 году Дзіма быў на мітынгу. Як нам вядома, яго заўважылі на камэрах відэаназіраньня, — кажа адна з аднагрупніц. — На пачатку лістапада 2020 году яго забралі на Акрэсьціна, ён быў там тры дні. Потым пачалася справа».

31 студзеня Дзіму споўнілася 18 гадоў.

«Ён прыходзіў у каледж, заўсёды ўсьміхаўся і радаваўся, дарыў усьмешку нам. Ніколі не сумаваў. Мы заўсёды сьмяяліся зь ім, дапамагалі адзін аднаму, — кажа дзяўчына. — У яго былі сябры, ён гуляў, весяліўся, усё як у звычайнага падлетка».

Яна сказала, што пакуль ім невядома пра дату пахаваньня.

«Ён быў самым сьветлым, сонечным і добрым хлопчыкам, якога мы любілі і будзем любіць. Ён меў законнае права на жыцьцё, але занадта шмат бед абрынулася на яго, бо ён проста ня мог маўчаць», — кажа дзяўчына.

Пра суіцыд ён раней нікому нічога не казаў, ніхто ня мог і падумаць, што такое магло здарыцца, сьцьвярджае яна.

Сябры Дзімы кажуць, што ён быў сіратой, у яго засталася цётка, але яны яе ня ведаюць.

«Ён проста наш вельмі добры сябар, ён быў вельмі добры, але ўлады, як вы бачылі па яго посьце, дабілі яго», — сказала яшчэ адна дзяўчына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG