Падзеі 27 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дзень у гісторыі
1634 — у вёсцы Палянава пачаліся перамовы між прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Расеі аб заканчэньні вайны 1632–1634 гадоў.
1703 — закладзена Петрапаўлаўская крэпасьць. Гэтая падзея лічыцца днём нараджэньня Санкт-Пецярбургу.
1994 — Аляксандар Салжаніцын разам зь сям’ёй вярнуўся з ЗША ў Расею.
У гэты дзень нарадзіліся
1895 — Ігнат Дварчанін, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, скарыназнаўца.
1896 — Міхась Філіповіч, беларускі жывапісец, графік, этнограф, пэдагог.
1900 — Уладзімер Жылка, беларускі паэт.
На васямнаццатым годзе жыцьця Жылка прысутнічаў на Першым Усебеларускім зьезьдзе, стаўшы адным з самых маладых яго ўдзельнікаў. Незалежніцкія ідэі натхнялі яго музу, што вывела паэта на першую сустрэчу з чытачом у векапомным 1918-м і ў хуткім часе зрабіла яго прызнаным паэтам «чыстай красы».
У гістарычна-філязафічным этудзе «БеларусьКрыўя» Жылка пісаў: тэму Бацькаўшчыны можна вырашыць «толькі ў плоскасьці сэрца і волі». Беларусь для паэта была нечым матэрыяльным, а Крыўя — «творчасьцю і формай, чыёю сутнасьцю ёсьць нацыя». Зьмест Крыўі ён разглядаў як кожнае дасягненьне: новы верш, новы навуковы твор…
Пасьля Менску і Вільні, пасьля ўдзелу ў заходнебеларускім вызвольным руху ў ягоным жыцьці была Прага, заняткі ў Карлавым унівэрсытэце, гасьцінным для беларусаў яшчэ ад Сярэднявечча, супрацоўніцтва з эміграцыйнымі часопісамі «Перавясла» і «Прамень». Тым часам у «любай Вільні», якую Жылка, прысьвяціўшы ёй пранікнёныя вершы, назваў «крывіцкаю Мэкай», выходзілі яго паэтычныя кнігі — яскравы беларускі працяг традыцыяў эўрапейскага рамантызму. Дасланыя віленскімі сябрамі аўтарскія асобнікі рабіліся Ўладзімеру найлепшымі лекамі ў санаторыях для сухотнікаў, дзе паэт мусіў бавіць усё болей часу.
У 1926-м Жылка адгукнуўся на запрашэньне аргкамітэту міжнароднай Акадэмічнай канфэрэнцыі па беларускім правапісе і — у ўмовах тагачаснай палітыкі беларусізацыі — вырашыў прыняць савецкае грамадзянства ды застацца ў Менску.
Ілюзіі расталі ранішнім туманам над Сьвіслаччу. За тое, што «не набліжаецца да пралетарскай літаратуры», Жылку выключылі з аб’яднаньня «Маладняк». Паэт зь неймаверна высокім майстэрствам радка, які абсалютна вольна пачуваўся ўва ўсіх клясычных формах — ад пэнтамэтру да вэрлібру, інтэлектуал, перакладчык Адама Міцкевіча, Шарля Бадлера і Гэнрыка Ібсэна, ён мусіў зарабляць на хлеб, рэдагуючы траскучыя вершыкі-аднадзёнкі ў рэдакцыі газэты «Зьвязда», але й там зрабіўся непажаданым «элемэнтам».
Арышт у 1930-м у справе Саюзу вызваленьня Беларусі, высылка ў расейскі Ўржум і абвастрэньне сухотаў зрабілі запаветную думку, выказаную ў апошніх радках ягонай знакамітай паэмы «Тастамэнт», нязбытнаю марай:
На могілках зацішных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпільней
Муры старой, каханай Вільні.
Ці здолеюць нашчадкі выканаць запавет?
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды (4-е выданьне), с. 138–139.
1931 — Васіль Жураўлёў, беларускі літаратуразнаўца.
1932 — Анатоль Сабалеўскі, беларускі тэатразнаўца і пэдагог.
1937 — Міхась Біч, беларускі гісторык.
1943 — Валеры Панамароў, беларускі рэжысэр, сцэнарыст і прадусар тэатру і кіно.
У памяці
1564 — памёр Жан Кальвін, францускі рэфарматар каталіцкае царквы.
1840 — памёр Нікаля Паганіні, італьянскі скрыпач-віртуоз і кампазытар.
1871 — у Парыжы ва ўзросьце 34 гадоў быў расстраляны вэрсальцамі Кастусь Далеўскі.Падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага ён быў камандзірам атраду на Ковеншчыне. Пасьля паразы паўстанцаў Далеўскі здолеў перабрацца ў Францыю, дзе пасябраваў зь Яраславам Дамброўскім і далучыўся да парыскіх камунараў.
1964 — памёр Джавахарлал Нэру, індыйскі палітык.