Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я стаўлюся да гэтага як да псыхалягічнага ціску». У брата Натальлі Хершэ правялі ператрус


Генадзь Касьян
Генадзь Касьян

У брата палітзьняволенай Натальлі Хершэ Генадзя Касьяна зрабілі ператрус. Яго падазраюць паводле 341 артыкулу («Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці») Крымінальнага кодэксу.

Генадзь Касьян жыве ў Маладэчне. 25 траўня а 3-й гадзіне дня да яго прыехала сьледчая група на чале з начальнікам крымінальнага вышуку. Яны паказалі пастанову аб пачатку крымінальнай справы па 341-м артыкуле.

«Нібыта я размаляваў Дом быту ў Маладэчне. Гэта поўная лухта. Яны правялі ў маёй кватэры ператрус, нічога не знайшлі. Шукалі фарбы, балёнчыкі, патроны, зброю. Прапанавалі аддаць тэлефон і паказаць графічны ключ да яго. Тэлефон яны забралі і апячаталі. І вось сказалі чакаць выкліку ў аддзел да сьледчага, — кажа Генадзь. — Я стаўлюся да гэтага як да псыхалягічнага ціску. Бо спачатку выклікаюць на допыт, а потым нешта прад’яўляюць».

Паводле Генадзя, у пастанове не было ніякіх падрабязнасьцяў, калі і што было напісана на Доме быту на вуліцы Будаўнікоў.

«Гэта псыхалягічны ціск, магчыма, за тое, што я даю камэнтары ў незалежных СМІ пра сястру Натальлю. Каб мяне запалохаць. Я ня ведаю, што яны мне могуць прад’явіць па гэтым абвінавачаньні, бо я рэальна ў гэтым ня браў удзелу. Хіба што сфабрыкаваць, калі так будзе».

Паводле Генадзя, супрацоўнікі, якія праводзілі ператрус, вялі сябе карэктна.

«Начальнік крымінальнага вышуку паказаў пастанову; я, зразумела, быў уражаны, — кажа Генадзь. — Гэта былы будынак Дома быту, вялікі будынак. Я знарок учора, калі быў у тым раёне, абышоў яго і абсалютна нічога там не знайшоў, — кажа Генадзь. — Яшчэ сьледчыя спыталі, ці ведаю я Паўла Кучко, гэта мой сябра, які жыве ў суседнім доме. Яго 9 траўня затрымалі, калі ён езьдзіў у кабрыялеце зь бел-чырвона-белым сьцягам. Цяпер ён адбывае 25 сутак у ізалятары ў Маладэчне».

Генадзь Касьян кажа, што не рабіў таго, што яму інкрымінуюць.

«Я ня ведаю, якія доказы ў іх ёсьць. Але гэта абсалютная лухта. Тое, што мне прад’яўляюць, гэта няпраўда».

«Я думаю, што Натальля знаходзіцца ў ШЫЗА»

Ад сястры Натальлі Хершэ, якая адбывае пакараньне ў гомельскай калёніі, Генадзь апошнім часам ня мае ніякай інфармацыі.

«Я мяркую, што яна знаходзіцца ў ШЫЗА, бо ўсё пра гэта сьведчыць. Цягам апошніх трох тыдняў ніякіх лістоў ці тэлефанаваньняў, якія раней былі рэгулярна, штотыдзень. Я думаю, што яна знаходзіцца ў ШЫЗА, яе так пакаралі, хутчэй за ўсё, за адмову шыць форму сілавікам», — кажа Генадзь.

Натальля Хершэ ў судзе, сьнежань 2020 году
Натальля Хершэ ў судзе, сьнежань 2020 году

Паводле Генадзя, учора па «прамой лініі» ён меў гутарку з начальнікам упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Гомельскай вобласьці. Ён задаў тры пытаньні аб Натальлі:

  1. Чаму яе пазбаўляюць пэрыядычных выданьняў, на якія яна падпісаная — «Рэгіянальнай газэты» і «Новага часу»?
  2. Чаму канфіскуюць лісты да Натальлі? Яна іх вельмі рэдка атрымлівае.
  3. Ці абавязаны дэпартамэнт альбо адміністрацыя яму паведаміць, што Натальля пераводзіцца ў ШЫЗА?

На трэцяе пытаньне начальнік адказаў адразу, што не абавязаныя. Маўляў, пра гэта Генадзь зможа даведацца, калі Натальля напіша ліст.

У чым вінавацяць Натальлю?

Натальлю Хершэ 7 сьнежня пакаралі двума з паловай гадамі зьняволеньня за супраціў супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу). 19 верасьня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуду, яна мусіць выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала. Яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 Гомля.

У красавіку стала вядома, што грамадзянка Швайцарыі, палітзьняволеная Натальля Хершэ зьвярнулася да прадпрыемстваў, каб яны заказалі шыць цывільнае адзеньне ў гомельскай калёніі № 4, дзе яна адбывае пакараньне. Натальля заявіла, што адмаўляецца шыць форму для сілавікоў на вытворчасьці ў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG