Магілёўскіх журналістаў Алеся Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна цягам году.
Буракова і Лапцэвіча затрымалі 12 траўня непадалёк ад будынка Магілёўскага абласнога суду, дзе ў той дзень пачаўся закрыты працэс над сустаршынём аргкамітэту партыі «Беларуская Хрысьціянскага Дэмакратыя» Паўлам Севярынцам ды актывістамі кампаніі «Эўрапейская Беларусь».
Абодва журналісты абʼявілі галадоўку на знак пратэсту супраць умоваў утрыманьня.
Журналістаў абвінвацілі ва ўдзеле «ў несанкцыянаваным пікетаваньні каля будынку абласнога суду ў групе людзей дзеля падтрымкі кампаніі „Эўрапейская Беларусь“ і Паўла Севярынца». Судзілі іх праз скайп.
Сваёй віны ні Буракоў, ні Лапцэвіч, не прызналі. Яны заявілі, што прайшлі да суду як журналісты: Буракоў — парталу Deutsche Welle, а Лапцэвіч — часопіса «Абажур». Абодва сьцьвярджалі, што сышлі пасьля патрабаваньня міліцыі пакінуць пляцоўку перад судом, але іх затрымалі наводдаль.
Сьведкам на абодвух працэсах выступіў міліцыянт Васіль Карнеенка. Ён заявіў, што людзей сталі затрымліваць, калі іхныя дзеяньні былі расцэненыя як парушэньне грамадзкага парадку. Міліцыянт сказаў, што заклікі сабрацца каля суду зьявіліся ў адным з тэлеграм-каналаў, а патрабаваньне разысьціся прысутныя праігнаравалі.
Справу Алеся Буракова разглядала судзьдзя Тацяна Касьцюк.
Умовы ў ізалятары Алесь Буракоў назваў «рэальным канцлягерам» і таму абвясьціў галадоўку, сказаў ён на судзе. Паводле яго, «спаць не даюць, голымі ставяць у калідоры».
Тым часам МЗС Нямеччыны высьвятляе абставіны затрыманьня Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з Deutsche Welle. Пра гэта паведаміў 14 траўня афіцыйны прадстаўнік зьнешпалітычнага ведамства Нямеччыны Крыстафэр Бургер. Паводле яго журналісты павінны мець магчымасьць свабодна займацца сваёй дзейнасьцю: «Свабодна ў тым ліку ад рэпрэсіяў з боку дзяржавы».
Справу Ўладзімера Лапцэвіча разглядала судзьдзя Вікторыя Палякова.
На працэсе Лапцэвічу сталася блага. Ён сказаў, што ў ізалятары ў яго зафіксавалі завысокі ціск. Але ў шпіталізацыі адмовілі. Хадайніцтва аб пераносе працэсу судзьдзя не задаволіла.
Лапцэвіч заявіў пра зьдзьекі і катаваньні ў ізалятары. Ён кепска пачуваецца, але яго ня водзяць да лекара, да таго ж забралі акуляры. Таму ён абвясьціў галадоўку.
На судзе Лапцэвіч сказаў, што не разьбірае таго, што адбываецца. Па ягоных словах, на разгляд справы яго прывялі ў кайданках.
Абласная міліцыя інфармацыю пра галадаваньне Буракова і Лапцэвіча назвала непраўдзівай. На сайце ведамства гаворыцца, што афіцыйных заяў пра абвяшчэньне галадоўкі ад іх не паступала. Адзначаецца, што яны ня маюць «ніякіх адносінаў да зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі і зьяўляюцца фрылянсэрамі».
На 15 дзён арыштавалі старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Ўладзімера Шанцава. Ён таксама быў каля суду 12 траўня, але здолеў уцячы. Яго затрымалі на наступны дзень на працы. Прысуд вынесла судзьдзя Алена Літвіна.