У Нацыянальным аэрапорце затрымліваецца вылет самалёта па маршруце Менск — Франкфурт. Як расказалі пасажыры, людзям, якія ўжо занялі месцы ў салёне, загадалі выйсьці, борт аглядаюць спэцыялісты з сабакамі.
«Навошта „кашмараць“ рэйс Lufthansa. Усе селі, потым чамусьці папрасілі выйсьці з самалёта. Затым абгарадзілі гейт і павялі на надгляд. Тым часам у самалёт прайшлі кінолягі з сабакамі. Нічога не знайшлі. На маю думку, дробная пакасьць для эўрапейцаў», — сказаў журналістам адзін са сьведак здарэньня.
Тым часам інфармацыя пра рэйс LH-1487 наогул зьнікла з онлайн-табло вылетаў з Нацыянальнага аэропорту. Людзей назад у самалёт не пускаюць. Сярод тых, хто чакае разьвязкі, заўважаныя баскетбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі.
Пазьней у тэлеграм-канале Нацыянальнага аэрапорту зьявілася тлумачэньне адносна прычыны паўторнага дагляду пасажыраў.
«На нашу электронную пошту паступіла паведамленьне ад нявызначаных асобаў пра намер зьдзейсьніць тэрарыстычны акт у дачыненьні да рэйсу LH1487 авіякампаніі Lufthansa па маршруце Менск-Франкфурт. Вылет быў заплянаваны на 14:20. Пасадка на дадзены рэйс прыпыненая», — гаворыцца ў афіцыйным допісе.
Каля 16-ай гадзіны пасажыры самалёта Lufthansa, якіх вярталі ў аэрапорт, паведамілі Tut.by, што абвясьцілі пасадку на рэйс. Пасажыры праходзяць на борт.
«Я ўжо была ў самалёце, калі папрасілі ўсіх выйсьці з рэчамі і павялі на дагляд з абмацваньнем. Потым сядзелі, чакалі рэйс. На ўзьлётнай паласе пэрыядычна раздаваліся сырэны», — распавяла сьведка.
«Паведамленьне пра тэракт, якое паступіла раней на электронную пошту аэрапорта, не пацьвердзілася. Борт рыхтуецца да вылету, праводзіцца загрузка багажу, аб'явілі пасадку на рэйс LH1487 авіякампаніі Lufthansa Менск-Франкфурт. Нацыянальны аэрапорт Менск працуе ў штатным рэжыме», —паведамляе прэс-служба аэрапорту.
Самалёт вылецеў у 16.22 замест заплянаванага вылету ў 14.20.
23 траўня з выкарыстаньнем вайсковай авіяцыі на менскім лётнішчы вымушана сеў самалёт ірляндзкай кампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Беларускім дыспэтчарам нібыта паступіла інфармацыя пра бомбу на борце.
У выніку самалёт і пасажыраў надглядалі больш за 7 гадзін, а Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Соф’ю Сапегу затрымалі. Праваахоўнікі сьцьвярджаюць, што журналіст, якога беларускія ўлады абвясьцілі ў міжнародны вышук, трапіў у іх поле зроку «выпадкова».